На шляху станаўлення



20 жніўня 2007 года  дзень нараджэння новай будаўнічай арганізацыі. Дзеля выканання Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 265 “Аб дзяржаўнай комплекснай праграме развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадскіх пасяленняў” і па ініцыятыве КВБУП “Палессебуд” прапанавана стварэнне і ўключэнне ў яго структуру даччынога прадпрыемства “Хойніцкая ПМК”. Ініцыятыва падтрымана дзяржаўнай установай “Гомельскі будкомплекс” і Гомельскім абласным выканаўчым камітэтам.

Аб пачатковых кроках дзейнасці арганізацыі, аб планах і праблемах гутарка карэспандэнта “ЛС” з дырэктарам ПМК А.А. НОВІКАМ.

 – Аляксандр Адамавіч,  на якіх аб’ектах сёння задзейнічаны працаўнікі калектыву?

– Гэта, па-першае, будаўніцтва жывёлагадоўчага комплексу на 600 галоў жывёлы на Храпкаўскай МТФ КУП “Аравічы”. Нашай галаўной арганізацыяй – “Палессебуд” упаўнаважаны весці на гэтым аб’екце генпадрадныя работы. Выконваем будаўніча-мантажныя аперацыі на кароўніку і ў даільна-малочных блоках.
У канчатковай стадыі рэканструкцыя дахаў вытворчых памяшканняў ТБЗ “Хойніцкі”, дзе засталося выканаць добраўпарадкаванне.

Нашаму калектыву даручана будаўніцтва чатырох аднакватэрных домікаў па вуліцы Берагавога райцэнтра для мнагадзетных сем’яў. Першы домік здадзены пад ключ 30 красавіка. Другі плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў другім квартале года.

У вёсцы Веляцін вядзём будаўніцтва 6 шчытавых домікаў для спецыялістаў мясцовага сельгаспрадпрыемства.

 Самым галоўным аб’ектам лічым будаўніцтва 60-кватэрнага жылога дома ў мікрараёне “Юбілейны”.

– Але ж відавочна, што ўзвядзенне яго вядзецца не належнымі тэмпамі. Чым можаце растлумачыць такое становішча?

– Шэрагам аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын. Як усім вядома, адбыўся крадзёж двух магутных механізмаў – кранаў ( гэтыя крымінальныя дзеянні пацягнулі за сабой смерць вартаўніка). Таму кран мы арандуем ва ўпраўленні механізацыі № 58 г. Мазыра. Есць затрымка з будаўнічымі матэрыяламі, гэта ўласна па нашай нераспарадчасці: маем запазычанасць перад хойніцкім заводам ЖБВ у 32 мільёны рублёў. А прывозім матэрыялы з аналагічнага мазырскага прадпрыемства, куды зрабілі перадаплату. Адсюль – вялікія транспартныя расходы і вымушаныя прастоі.

– У такім выпадку, чаму не арганізаваць на гэтым аб’екце дзвюхзменную работу?

– Каб наладзіць становішча спраў, укласціся ў тэрміны будаўніцтва (2010 г.), гэта адзіна правільны выхад, на што нацэльвае кіраўніцтва раёна. Зрабілі адпаведныя вывады, і з 11 мая праца на гэтым аб’екце арганізавана ў дзве змены.

– Аляксандр Адамавіч, што можаце сказаць аб  колькасным і якасным саставе  вашай арганізацыі?

– Зараз у нас працуюць 104 чалавекі. Асноўны кантынгент – спецыялісты масавых будаўнічых прафесій: муляры, цесляры, тынкоўшчыкі, маляры, механізатары. Павялічыць колькасць працуючых да 200 чалавек, як таго патрабуе пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2007 года, пакуль не можам. Не дзеля апраўданняў у сувязі з фінансава-эканамічным крызісам, але адзначу, што з пастаўленай задачай справілася толькі адна роднасная арганізацыя Беларусі – Глыбокская ПМК, дзе колькасць працуючых складае 198 чалавек.

Што датычыць якаснага саставу, то робім стаўку на маладых спецыялістаў. Па размеркаванню да нас прыбылі два выпускнікі Гомельскай ВНУ Аляксандр Карпенка і Аляксандр Алісейка, якія працуюць майстрамі на будаўніцтве домікаў для мнагадзетных сем’яў і работнікаў КСУП “Веляцін”. Перадавік вытворчасці – муляр Андрэй Аўдзеенка. Увогуле скажу, што на рабочых грэх скардзіцца – усе працуюць з поўнай аддачай.

Мне ж, як дырэктару, галоўным спецыялістам трэба прыняць усе меры да таго, каб да 2012 (тэрміну рэалізацыі інвестыцыйнага праекта) павялічыць аб’ёмы генпадрадных работ мінімум на 128 працэнтаў. Тым больш, што падтрымка “Палессебуда” маецца.



Гутарыла Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *