Не забываць і шанаваць


Ёсць у нашай гісторыі даты, аб якіх не трэба многа гаварыць і спрачацца. Дастаткова толькі назваць дзень, месяц, год – і ўсім становіцца зразумела, што маецца на ўвазе. Такой датай для нас, жыхароў Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца 22 чэрвеня 1941 года. Варта толькі ўзгадаць яе ўслых, як навокал спыняецца смех, сціхаюць жарты і гучныя размовы, бо ў памяці народнай гэты дзень даўно стаў сімвалам трагедыі, смутку і памяці.

Зямля Беларусі адной з першых прыняла на сябе ўдар ворага, на нашых дзедаў і прадзедаў 77 год таму абрушылася ўся моц самай магутнай і сучаснай, на тыя часы, арміі свету. Але разам з усім савецкім народам нашы слаўныя продкі здолелі не толькі выстаяць, але і перамагчы ў гэтай самай жорсткай у гісторыі чалавечай цывілізацыі вайне.

Дарагой, вельмі дарагой цаной далася нам гэтая перамога. Возьмем, да прыкладу, наш раён. Па даных перапісу насельніцтва СССР 1939 года, у Хойніках у той час налічвалася 3,4 тысячы жыхароў. Нават калі дадаць да гэтай лічбы насельніцтва навакольных вёсак, атрымаем 10, няхай крыху болей тысяч жыхароў раёна.

Далей звернемся да аднаго з самых важных, на мой погляд, дакументаў у гісторыі нашага раёна – рашэння №167 Хойніцкага раённага выканаўчага камітэта ад 3 чэрвеня 1969 года «Аб удакладненні звестак аб населеных пунктах і насельніцтве Хойніцкага раёна, знішчаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны». У адпаведнасці з ім на франтах Вялікай Айчыннай загінуў 2881 ураджэнец нашага раёна, яшчэ 62 чалавекі загінулі за гады вайны ў партызанскіх атрадах і антыфашысцкім падполлі.

Па даных таго ж дакумента, на тэрыторыі раёна закатаваны і расстраляны 1984 мірныя жыхары. Сплюсуем усе названыя лічбы – і атрымаем амаль 5 тысяч ахвяр, па сутнасці на Хойнікшчыне за гады вайны загінуў кожны другі яе жыхар!

Акрамя таго, як паведамляецца ў тым жа рашэнні райвыканкама, на тэрыторыі раёна да вайны налічвалася 104 вёскі. З іх фашыстамі было поўнасцю спалена 36 населеных пунктаў (астатнія знішчалі часткова), адноўлены на ранейшым месцы 54 вёскі, адноўлены часткова – 21, не адноўлены наогул вёскі Перавессе, Чырвонамайск і Зялёны Гай.

Дарэчы, трагедыя апошняй вёскі з гэтага сумнага пераліку адбылася таксама ў чэрвені, роўна 75 год таму. Тады, 10 чэрвеня 1943 года, гэтую невялікую вёсачку, у якой да трагедыі налічвалася 25 хат, 102 дарослых і дзяцей, у 4 гадзіны раніцы акружылі нямецкія карнікі і падпалілі. Людзей сагналі ў адзін двор, а потым і дзяцей, і дарослых кідалі жывымі ў палаючую хату. Тых, каму ўдавалася выскачыць з агню, спасцігалі нямецкія кулі. За адну раніцу з 33 сямей у Зялёным Гаі ўцалелі толькі 3, ды і то не поўнасцю…

Узгадаў гэтыя лічбы і гэты страшны факт для таго, каб людзі сённяшніх пакаленняў – і маладыя, і сталыя, заўсёды помнілі аб тым, цаной якіх непапраўных страт была заваявана Вялікая Перамога. Каб помнілі і заўсёды шанавалі веліч народнага подзвігу, нескароны дух нашага народа, дзякуючы якому мы здолелі выжыць, перамагчы і аднавіць разбураную краіну.

Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *