1 чэрвеня – Міжнародны дзень абароны дзяцей

Рэха падзеі

Дзяцінства – самы цудоўны час у жыцці кожнага чалавека, у якое так хочацца, стаўшы дарослым, вярнуцца. А ці ва ўсіх яно шчаслівае? Тут ужо як пашанцуе, якая сям’я дастанецца. Дзіцячы свет адных не мае клопатаў, напоўнены бацькоўскай любоўю і дабрынёй, а іншым даводзіцца прайсці праз дзіцячы дом, інтэрнат, іншыя ўстановы і станавіцца дарослым не па гадах.



 Самае страшнае, што адной з галоўных прычын дзіцячых пакут у наш мірны час становіцца алкагалізм бацькоў. «Зялёны змій» настолькі занявольвае чалавека, што ўласнае дзіця замест крыніцы радасці, натхнення становіцца толькі прычынай раздражняльнасці і перашкодай. У такіх жыццёвых сітуацыях, на шчасце, дзеці не застаюцца адзін на адзін са сваёй бядой і на іх абарону, замяняючы нядбайных тату і маму, устае дзяржава. Калі праведзеная прафілактычная работа не прыносіць патрэбных вынікаў, згодна з пастановай камісіі па справах непаўналетніх дзіця забіраецца з неспрыяльнай сям’і. Пастаянныя, хаця і няпрошаныя госці ў такіх сем’ях – работнікі камісіі і інспекцыі па справах непаўналетніх, якія з рабочай групай наведваюцца па трывожных адрасах. На тым тыдні ў адной з такіх сем’яў убачылі сапраўды жудасную карціну – п’яную маці, па якой плачучы поўзаў аднагадовы хлопчык Ягор Вінаградаў. Гэта быў край, пакідаць дзіця з маці ў такім стане ніяк нельга было. Хлопчык змешчаны на часовае ўтрыманне ў дзіцячае аддзяленне  цэнтральнай раённай бальніцы.



Далейшы лёс сына ў руках яго маці, бо зрабіць дзіця шчаслівым можна толькі з цвярозым поглядам на жыццё.Ад яе многае не патрабуецца: каб спыніліся п’янкі і верх над імі ўзяў адвечны мацярынскі інстынкт – даглядаць і берагчы сваё дзіця, а не перакладваць гэты клопат на дзяржаву.



Клаўдзія БОСАК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *