Як да ўласных дзяцей

Сельское хозяйство

Упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і раённым камітэтам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу падведзены вынікі работы жывёлаводаў раёна за першыя чатыры месяцы года. Не цяжка заўважыць, што ў гэтым ганаровым спісе сярод аператараў на адкорме буйной рагатай жывёлы, як маладых, так і вопытных, адразу 5 работнікаў сельгаспрадпрыемства «Веляцін» – чым не нагода пабываць у гэтай гаспадарцы?



Мая першая субяседніца – Людміла Генадзьеўна Хадановіч. На Веляцінскай малочнатаварнай ферме яна з 1993 года, калі разам з мужам і дзецьмі пераехалі на Хойнікшчыну са Светлагорскага раёна. Працавала і загадчыцай фермы, і ўчотчыцай, а ў апошнія гады жанчына даглядае цялят. Усяго ў яе групе 74 маленькія жывёліны – у асноўным ва ўзросце ад 3 да 5 месяцаў, але ёсць і толькі што народжаныя, якім патрэбны асаблівы догляд і клопаты. Зрэшты, таго патрабуюць і падросшыя цяляткі:
– Адносіцца да іх патрэбна як да ўласных дзяцей, – гаворыць Людміла Генадзьеўна. – І калі гэта так на самой справе, малыя і растуць хутка, і хварэюць менш. Вельмі важна сачыць за тым, каб падсціл ва ўсіх быў заўсёды сухім – гэта залог здароўя.



Цікава, што на ўвагу і клопаты цяляты адказваюць радасным чаканнем і заўсёды пазнаюць цябе сярод іншых жывёлаводаў.
Немалаважна захоўваць своечасовасць і збалансаванасць кармлення. Старэйшых цялят, ва ўзросце ад 3 да 5 месяцаў, кормяць двойчы на дзень, самых малых – тройчы, але пры гэтым у доміках і станках заўсёды павінны быць вада і корм. Імкнуся заўсёды захоўваць усе гэтыя ўмовы, напэўна таму і вынікі работы радуюць.
За перыяд з пачатку года і па май сярэднясутачныя прывагі ў групе цялят, якіх даглядае Л.Г. Хадановіч, дасягнулі роўна 1000 грамаў, гэта другі паказчык у раёне. А першы – 1006 г – належыць Іне Уладзіміраўне Лабада. Яна працуе на Паселіцкай ферме «Карусель» і даглядае 80 цялят ва ўзросце да 6 месяцаў. Лепшай у раёне яна стала нават нягледзячы на адносна невялікі стаж работы ў жывёлагадоўлі – з верасня мінулага года.



Аднак сумленнасць, працавітасць і такія ж клапатлівыя адносіны да жывёлы прынеслі, як бачым, свой добры плён. І яе зусім бязрогая малышня таксама пазнае па голасу, сустракае з даверам і радасцю. Таму і растуць цяляткі здаровымі і сытымі.



У пяць гадзін раніцы пачынаецца штодзённа рабочы дзень яшчэ адной жанчыны – Таццяны Міхайлаўны Грыб. На Ліствінскай МТФ яе ўжо чакае роўна сотня самых маленькіх падапечных – нованароджаныя цяляты ва ўзросце да 3 месяцаў.



 Іх і даглядае Таццяна Міхайлаўна адпаведна: не толькі корміць і поіць належным чынам, але і дома варыць для малых кісялі з крухмалам і лекавыя адвары, кіпяціць малачко. Таму і захаванасць у яе групе адна з самых высокіх, і падрастаюць цяляты як на дражджах – паказчык сярэднясутачных прываг за красавік даягнуў 1055 грамаў.
Як прызналася Т.М. Грыб, ёсць у гэтым поспеху і немалая заслуга маці Зінаіды Фёдараўны, якая не сядзіць на пенсіі, а пастаянна дапамагае ёй у рабоце.
Адзначым немалаважны факт. Усё пагалоўе ў КСУП «Веляцін» у час зімова-стойлавага перыяду было забяспечана дастатковай колькасцю кармоў. А разам з належнымі адносінамі людзей да справы гэта і дае тыя выдатныя вынікі, аб якіх можна меркаваць з прыведзеных вышэй табліц.



Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *