КСУП «Эксбаза «Стралічава»: больш спраў — менш слоў

Сельское хозяйство

Саўгас «Стралічава» быў арганізаваны ў сакавіку 1922 года на базе спіртзавода былога памешчыка Аўраамава. Зараз камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «Эксперыментальная база «Стралічава» мае 10250 гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў. Буйной рагатай жывёлы 4539 галоў, у тым ліку 1367 кароў. Колькасць працуючых – 262 чалавекі.

БОНДАР Уладзімір Леанідавіч, дырэктар
Нягледзячы на шчыльны працоўны графік дырэктар КСУП «Эксбаза «Стралічава» Уладзімір Леанідавіч Бондар не адмовіў у размове.
– Вось скажы, чаму ў сутках усяго дваццаць чатары гадзіны? Чаму хаця б не дваццаць пяць? Ці не трыццаць? – адразу звярнуўся ён да мяне. – Здаецца, толькі дзень распачаўся: праводжу невялікую планёрку, падчас якой размяркоўваецца фронт работ на дзень, хуценька абмяркоўваюцца ўзніклыя пытанні – і звычайна тут жа вырашаюцца, раблю аб’езд ферм, палёў – я і азірнуцца не паспяваю, як сонца коціцца за гарызонт. Вось хаця б у жніўні дні падаўжаліся! Але з божым укладам жыцця, як і з надвор’ем, не паспрачаешся…
Яго працоўны дзень і сапраўды пачынаецца на досвітку. З ім, кажуць, працаваць цяжка, але цікава.
У.Л. Бондар нарадзіўся і вырас у Глінішчы, адукацыю мае вышэйшую – закончыў Віцебскую ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны. Першае працоўнае месца было ў в. Бабчын – галоўным заатэхнікам калгаса «Кастрычнік».
Далейшы паслужны спіс У.Л. Бондара ледзь паспяваю запісваць у нататнік. Адзначу толькі тое, што з сельскай гаспадаркай жыццё звязала яго трывала. Ужо восьмы год ён на пасадзе дырэктара КСУП «Эксбаза «Стралічава». Яго надзейная гавань – яго сям’я. Жонка Наталля Дзмітрыеўна да выхаду на пенсію працавала ветэрынарным урачом у райспажыўтаварыстве. Сын Дзмітрый шчыруе пад кіраўніцтвам бацькі ў гаспадарцы. Радуюць дзядулю дзве любімыя ўнучкі Оля і Маргарыта.
На маё пытанне пра планы на сёлетнюю ўборачную Уладзімір Леанідавіч з усмешкай заўважае, што кожны год асаблівы і цікавы па-свойму. І няўлоўна бягучы 2018-ты таксама не выключэнне. Пакуль чалавек не навучыўся супрацьстаяць з’явам прыроды, яна будзе ўносіць свае карэктывы ў працу кожнага члена калектыву – механізатара, агранома, жывёлавода. Але ўсе тут спадзяюцца на лепшае.
Якое ў У.Л. Бондара працоўнае крэда? Яно лаканічнае, простае і рацыянальнае.
– Больш справы, менш слоў, – адказаў мой субяседнік, ужо седзячы ў службовай машыне і працягваючы мне аркушык паперы з прозвішчамі работнікаў. – Вось пра іх напішыце. Я ім усім шчыра ўдзячны за іх старанне і добрасумленне.

ВОЙЛАКАВА Наталля Васільеўна, галоўны бухгалтар
Галоўны бухгалтар у такой немалой гаспадарцы, як «Стралічава», павінен валодаць унікальнай працаздольнасцю – вялікія аб’ёмы вытворчасці і рэалізацыі, штомесячныя значныя абароты грашовых сродкаў, падаткі, адлічэнні, узаемаразлікі, узносы… Кожную, нават капеечную дробязь, трэба, выказваючыся бухгалтарскімі тэрмінамі, правесці, разнесці, прапусціць. Ды так, каб потым камар носа не падтачыў.
Вось таму ў Наталлі Васільеўны Войлакавай пастаянна клопатаў хоць адбаўляй. Стратэгія і тактыка кожнай фінансавай аперацыі – яе асабістая прэрагатыва. Маральная і юрыдычная адказнасць – таксама. Шматгадовы працоўны вопыт, высокая прафесійная кваліфікацыя і адказнае стаўленне да сваіх абавязкаў дапамагаюць галоўнаму бухгалтару разам з дырэктарам выбіраць правільны курс у неспакойным моры сучаснай эканомікі.
Яна нарадзілася ў адной з самых буйных былых савецкіх рэспублік – Казахстане. У 1999-м сям’я пераехала ў Беларусь, у тым жа годзе дзяўчына прыйшла на працу ў гаспадарку. Пачынала даяркай, потым была лабарантам, бухгалтарам. З 2005 года – галоўны бухгалтар. Мае за плячыма дзве адукацыі – закончыла Гомельскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж і сельгасакадэмію ў Горках.
– Каб зараз давялося зноў выбіраць прафесію, выбрала б бухгалтара. Хтосьці скажа, маўляў, што ў ёй цікавага, адны лічбы! Але за гэтымі лічбамі ўся дзейнасць гаспадаркі, яе вытворчы і эканамічны патэнцыял, – зазначае Н.В. Войлакава.
– Магчыма, любоў да сваёй прафесіі вы перадалі і дочкам? – пытаюся.
– Адзначце, калі ласка, што мае дзеці – гэта мой гонар. Хаця яны гэта і так ведаюць! Старэйшая дачка Васіліна ў дэкрэтным водпуску, жыве з сям’ёй у Брагіне. Унуку Кірылу ўжо два гадкі. Да дэкрэта працавала намеснікам галоўнага бухгалтара ў Брагінскім райспажыўтаварыстве. Закончыла Палескі дзяржаўны ўніверсітэт. Малодшая Вікторыя ўчора атрымала дыплом Мінскага інавацыйнага ўніверсітэта. Яна жыве ў сталіцы, працуе ў аддзеле прымусовага выканання.
У адрас Наталлі Васільеўны ад членаў працоўнага калектыву я пачула толькі шчырыя словы падзякі за старанне і адказнасць. Па характары яна вельмі сціплая, не любіць, як кажуць, выстаўляць напаказ сваё «я». Даручаную справу выконвае чэсна.

КАПЫТАЎ Юрый Фёдаравіч, трактарыст
Безумоўна, апагеем сельскагаспадарчых работ у раслінаводстве з’яўляецца жніво – калі караваны камбайнаў працуюць у полі да заходу сонца, калі загружаныя машыны на ўсіх парах імчаць да зернесушылак. Уся гаспадарка ў гэты час жыве ў рэжыме жніва. Аднак для таго, каб колас вырас важкім, а ніва разрадзілася добрым ураджаем, яе трэба своечасова падкарміць, знішчыць пустазелле. У эксбазе «Стралічава» з гэтым на выдатна спраўляецца Юрый Фёдаравіч Капытаў.
Прызнаюся шчыра, я не часта бываю на палях раёна і тое, як шпарка «лётаў» Ю.Ф. Капытаў на палетках каля Іванаўкі на апырсквальніку «Раса», стала для мяне сапраўдным дзівам. Такі ж шпаркі і адначасова сур’ёзны і сам Юрый Фёдаравіч. Ён ужо чацвёрты сезон заняты на важнейшым, за пасляпасяўнымі работамі, працэсе хімічнай праполкі.
– Нарадзіўся ў Казахстане, жыў у Расіі, 13 гадоў ужо ў Стралічаве. Прыкіпеў я да Хойнікшчыны, – як з кулямёта адказвае на пытанні Капытаў. – Я жанаты, у мяне тры дачкі і дзве ўнучкі – вось такі кветнік. Як, напэўна, і ўсе звычайныя людзі, я таксама стамляюся на рабоце, але нідзе, акрамя «Стралічава», сябе больш не бачу.
Шчыры, нешматслоўны і працавіты, Юрый Фёдаравіч спрытна садзіцца ў кабіну «Расы» – «вызваляць» ад пустазелля пасевы, каб ніва дала багаты новы ўраджай зерня.

ДРОНЧАНКА Аляксандр Мікалаевіч і ДРОНЧАНКА Юрый Мікалаевіч, механізатары
«Людзі ад зямлі» вылучаюцца асаблівай энергетыкай: яны працавітыя і, як кажуць на вёсцы, жылістыя. Яны не чакаюць манны нябеснай, а, закасаўшы рукавы, усё робяць самі і спадзяюцца толькі на сябе.
Да такіх людзей смела можна аднесці братоў Дрончанкаў – Аляксандра і Юрыя. Родам яны з выселеннай вёскі Чахі. Старэйшы Аляксандр мае адзін запіс у працоўнай кніжцы – у гэтай гаспадарцы працуе з 1986 года.

У малодшага Юрыя тут працоўны стаж 18 гадоў. Яны – надзейны тыл кіраўніцтва. За імі можна не правяраць выкананне даручанай справы. Усё будзе зроблена па-гаспадарску. Працуюць добрасумленна, з «агеньчыкам». Таму і ва ўсім калектыве карыстаюцца павагай. У гэтыя дні яны рыхтуюць свае агрэгаты да жніва.

БЛАНК Віктар Леанідавіч, даглядчык
Самыя цёплыя і добрыя словы давялося мне пачуць у адрас даглядчыка буйной рагатай жывёлы Віктара Леанідавіча Бланка. У эксбазе «Стралічава» гавораць, што ён і днюе, і начуе на ферме.
Даглядае 334 галавы. Усіх трэба накарміць, напаіць, арганізаваць сухі і свежы падсціл.
Віктар Леанідавіч з жонкай Надзеждай Аляксандраўнай прыезжыя. У 1994 годзе пераехалі ў Беларусь з Казахстана і не шкадуюць аб гэтым. Іх старэйшы сын Леанід працуе ў гаспадарцы конюхам, дачка Анжэла вучыцца ў Мазырскім дзяржаўным медыцынскім каледжы.
Віктар Леанідавіч Бланк лічыць, што для дасягнення поспеху ў рабоце не трэба нейкіх адчайных подзвігаў і гераізму – для гэтага дастаткова любіць і ведаць сваю справу, сумленна выконваць ускладзеныя абавязкі. Тады і добры вынік абавязкова будзе.

ПАБЯДЗІНСКАЯ Ала Рыгораўна, цялятніца
Сваю працу на ферме яна параўноўвае з работай у дзіцячым садку. Прычым у ясельнай групе. Цяляткі, па яе меркаванню, патрабуюць не меншай ласкі і клопатаў, чым дзеці. Жанчына ў гэтым профі, бо мае сваіх 8 дзяцей.
Да гэтага, з 1996 года, працавала аператарам машыннага даення. У цялятніцы пайшла тры гады назад, аб гэтым выбары ніколькі не шкадуе.
За суткі неабходна тройчы быць на ферме, пачынаючы з сямі раніцы і заканчваючы каля дзесяці вечара. І ўсе такія візіты насычаныя шматлікімі клопатамі: адных цялятак трэба папаіць сырадоем, другім насыпаць у кармушку зерня і канцэнтратаў, наліць у вядзерцы цёплай вадзічкі, падкінуць у якасці падсцілу свежай саломкі. І ўсё гэта ўручную.
– Цяляты ў мяне ўзростам ад 21 дня да 6 месяцаў, – расказвае Ала Рыгораўна. – За імі вока ды вока патрэбна! Як ядуць, ці здаровыя, ці рухавыя. Я люблю сваю работу. Мне яна па душы…
Дабрыня – універсальны метад зносін з любой жывой істотай, унікальны чароўны сродак, які кожнаму зразумелы.
Цяляты ў А.Р. Пабядзінскай дагледжаныя, таму і вытворчыя паказчыкі ў яе добрыя. Зараз жанчына знаходзіцца ў працоўным водпуску, але ў сустрэчы не адмовіла, хутка сфатаграфавалася, за гэта ёй вялікі дзякуй.

САВЯНОК Уладзімір Мікалаевіч, механізатар
Яшчэ адно імя ў спісе каштоўных працаўнікоў гаспадаркі. З поўнай самааддачай У.М. Савянок працуе ў эксбазе з 1990 года механізатарам. Карэнны стралічавец зараз рыхтуе свайго «сталёвага каня» да ўборачнай. Ён з той катэгорыі людзей, якія жывуць па прынцыпу: трэба адносіцца да людзей так, як хочаш, каб яны адносіліся да цябе. Як сапраўдны сем’янін, потам і мазалём зарабляе грошы. З жонкай Валянцінай крочаць па жыцці ўжо 26-ты год, выхавалі двух дзяцей, у маі Уладзімір Мікалаевіч стаў дзядулям.
– Лягчэй было працаваць, калі толькі прыйшлі ў калгас, ці зараз? – пытаюся.
– Калгас перажыў розныя часы. Магу адназначна сказаць толькі адно: той чалавек, які не будзе сядзець, склаўшы рукі, заўсёды заробіць: пад ляжачы камень вада не цячэ, – гаворыць Уладзімір Мікалаевіч. – У гаспадарцы тэхнікі зараз хапае і ўмовы працы палепшыліся ў параўнанні з былымі часамі. Толькі працуй! Галоўнае – тэхніку любіць трэба, тады яна апраўдае ўсе чаканні і не падвядзе ў полі.
Пытацца ў аграрыя пра адпачынак і хобі не рашаюся, але ён, як прадчуваў і падзяліўся, што сочыць за чэмпіянатам свету па футболе.

ІВАНОВА Вікторыя Юр’еўна, аператар машыннага даення аддзялення «Валокі»
Нехта з вядомых сказаў, што ёсць людзі сонечнай душы – сціплыя ў словах, але шчодрыя на падтрымку, гатовыя ў любы момант забыцца на свае клопаты і прыйсці на дапамогу бліжняму. Яны атуляюць любоўю блізкіх і родных, а таксама не шкадуюць сваёй унутранай цеплыні для іншых, будзь гэта чалавек, жывёла ці расліна.
Аператар машыннага даення аддзялення «Валокі» Вікторыя Іванова з такіх людзей – сонечных, светлых душой і ўчынкамі.
Усмешлівая і энергічная маладая жанчына нарадзілася ў Расіі, вырасла ў Карчовам, зараз жыве ў Хойніках, працуе на гэтай ферме тры гады, 11 гадоў аддала «Аграсервісу», давялося і тэхнічным работнікам у СШ № 1 г. Хойнікі папрацаваць.
– Я ніколі не баялася работы, наадварот, усё старалася і стараюся выконваць сумленна. Першая дойка тут пачынаецца каля 5 гадзін раніцы і працягваецца да 7 гадзін, другая – з 13.00 да 15.00, а трэці раз кароўкі аддаюць малако ўвечары, – адзначыла жанчына.– Кажуць, што для таго, каб прывыкнуць да новага месца, патрэбен час. А я неяк адразу душой прыкіпела. Ведаеце, так цікава працаваць з жывёлай!
Разам з мужам і дома трымае гаспадарку. На маё пытанне «Як усё паспяваеце?» Вікторыя толькі сціпла ўсміхнулася, паціснула плячыма і коратка адказала пытаннем на пытанне «А як жа інакш?»
Вікторыя не толькі шчаслівая жонка але і мама траіх дзяцей. Як і кожная жанчына, яна жыве іх радасцямі і турботамі. Калі ў іх усё добра, тады і на сэрцы жанчыны спакойна, і работа спорыцца, а твар свеціцца тым асаблівым святлом, якое ўласціва людзям з сонечнай душой.

Публікацыямі аб працаўніках эксбазы «Стралічава» мы завяршаем свой экскурс па сельгаспрадпрыемствах раёна з мэтай у Год малой радзімы назваць людзей, сэрцам адданных роднай зямлі. Але гэта далёка не ўсе імёны, якія дастойны нашай увагі. Таму і далей мы будзем расказваць пра сельгаспрацаўнікоў, а таксама работнікаў іншых галін народнай гаспадаркі.

Матэрыялы падрыхтавала Алена СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *