Камбікормавыя спакусы


Спакойны і ўраўнаважаны прыватны прадпрымальнік Арамайс Карапетавіч Кзікян прыжыўся ўжо на Хойнікшчыне. Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь паважае, у цёмных справах заўважаны не быў. І якім жа было здзіўленне супрацоўнікаў міліцыі, калі без 15 мінут да апоўначы на выездзе з вёскі Дворышча ў яго белым “Рэно” выявілі 22 мяшкі камбікорму.

Дзе ўзяў? Купіў. А прадавец – даяр КСУП “Судкова” В. М. Сапон. А гэты дзе ўзяў? Ну, вядома ж, не купляў. Васілій Мікалаевіч кожны дзень выдае камбікорм рагулям на ферме. А колькі ўжо выдасць, кароўкі нікому не раскажуць, хаця і малака не прыбавяць. Ад навагодніх свят, як мураш, і цягаў Сапон камбікорм у дамашні муравейнік, 865 кілаграмаў на 406550 рублёў накраў. І што цікава: ні загадчык фермы, ні спецыялісты зоаветэрынарнай службы гаспадаркі, ні калегі-жывёлаводы не бачылі, а дакладней, не хацелі бачыць і не кантралявалі як расходваюцца кармы на ферме. Такая вось дварышчанская эканомія і беражлівасць, дысцыпліна і парадак ударалі, так бы мовіць, сваімі метадамі па сусветнаму эканамічнаму крызісу.

Фінал крадзяжу будзе заканамерным. Супраць прадпрымальнага жывёлавода Дварышчанскай фермы КСУП “Судкова” В.М. Сапона ўзбуджана крымінальная справа.

Трэба сказаць, што спакусы камбікормавыя ўласцівы не толькі прадстаўніку вёскі Дворышча Сапону. Добра-такі набілі рукі на гэтай справе Войцэх Вітольдавіч Невядомскі з пасынкам Мікалаем Ерашком (на здымку). Склад у аддзяленні “Валокі” агракамбіната “Віць”, дзе захоўваецца гэты малакагонны прадукт, толькі лянівага не прывабіць. Каб вынесці крадзенае, не патрэбна і дзверы адчыняць, у сцяне добрая дзірка. Вось кожны  дзень і выносілі Невядомскі і Ерашок камбікорм, пакуль 5 красавіка не былі злоўлены на брудных дзеяннях. Першы аштрафаваны на 10 базавых велічынь, другі – на 30, бо ўжо трапляў у поле зроку праваахоўных органаў, калі ўкраў на ферме цяля.

Толькі рукамі разводзіў  загадчык Настольскай фермы КСУП “Агракамбінат “Віць” Уладзімір Ільіч Назараў, калі яму напомнілі, што “налева” сплывае камбікорм з фермы. Можна падумаць, што кіраўнік сярэдняга звяна зваліўся з іншай планеты на зямлю настольскую. Вельмі ўжо цікавую выпісваў ён ведамасць расходу кармоў у красавіку. Не ўказваў у ёй, колькі іх выдана і расходвана, няма роспісу аб атрыманні. І ўжо не адзіночкі-зладзеі дзейнічалі, карыстаючыся бескантрольнасцю, а група ў складзе Паўла Віктаравіча Сацуры, Алега Віктаравіча Каледзіча, Міхаіла Аляксеевіча Даўгашыя і Аляксандра Аляксандравіча Солтана, якіх вы, паважаныя чытачы, бачыце сфатаграфаванымі каля аддзела ўнутраных спраў. Украдзенае імі не цягне на ўзбуджэнне крымінальнай справы, аддзелаліся адседкай  па 7-10 сутак на казённых харчах.


С. ГАРДЗЕЙЧЫК, старшы ўчастковы інспектар РАУС.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *