Тэндэнцыі росту


Вынікі работы ў прамысловасці раёна за першую палову бягучага года будуць падведзены толькі ў ліпені і пасля гэтага падвергнуцца скурпулёзнаму аналізу і вывучэнню спецыялістамі. Але, па ўсяму відаць, што па асноўных эканамічных пазіцыях калектыў Хойніцкага завода гідраапаратуры павінен справіцца з прагнознымі заданнямі. Падставы так меркаваць даюць устойлівае фінансавае становішча прадпрыемства і той стабільны вытворчы графік, па якому працуюць сёння хойніцкія машынабудаўнікі.



Што датычыць фінансавай стабільнасці Хойніцкага завода гідраапаратуры, то яе дастаткова дакладна характарызуе наступны факт. З 1 чэрвеня кіраўніцтва завода за кошт уласных сродкаў павялічыла на 10 працэнтаў тарыфную стаўку першага разраду. Такі крок Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь дазваляе толькі тым прадпрыемствам, на якіх тэмпы росту прадукцыйнасці працы апераджаюць тэмпы росту заработнай платы. На заводзе гідраапаратуры гэтыя лічбы за студзень-май суадносяцца як 280,8% да 254,2%. Такім чынам, сярэдняя заработая плата па прадпрыемству з 2,5 мільёна рублёў за красавік павінна будзе ўзрасці да 2,7 мільёна за паўгоддзе ў цэлым.



Наяўнасць уласных фінансавых сродкаў дазволіла завадчанам значна палепшыць умовы працы і быту. Так, у вытворчых памяшканнях пафарбаваны ўсе металаканструкцыі, абсталяванне, шынаправоды, перагародкі, столь. Зусім іншы – сучасны і ўтульны выгляд набылі раздзявалкі: усе яны, па-першае, зараз сканцэнтраваны ў адным месцы (на першым паверсе адміністрацыйна-бытавога корпуса, а не раскіданы па ўсёй тэрыторыі завода, як гэта было раней), а па-другое, падвергнуты значнаму рамонту. Усе бытавыя памяшканні з нуля патынкаваны, сцены абкладзены сайдынгам, падлога – пліткай, устаноўлены туалеты, душавыя кабіны і бойлер для падагрэву вады. Адным словам, камфорт і ўтульнасць, толькі працуй.
Нагадаю, што ўсе гэтыя работы завадчане выканалі і будуць праводзіць далей выключна за кошт уласнаручна заробленых сродкаў, ні капейкі не ўзяўшы з бюджэту. Прыклад, безумоўна, варты пераймання.



За кошт чаго ж прадпрыемства сёння так цвёрда стаіць на нагах? Напэўна, адзін з галоўных фактараў сённяшняй эканамічнай і фінансавай стабільнасці – рост прадукцыйнасці працы. Дасягнуты ён дзякуючы мадэрнізацыі вытворчасці. А яна, у сваю чаргу, дазволіла павысіць аб’ёмы выпуску прамысловай прадукцыі, якія і надалей будуць узрастаць. Напрыклад, за 5 месяцаў 2012 года яе выпушчана на 14 мільярдаў 553 мільёны рублёў. За паўгоддзе гэтая лічба павінна ўзрасці да 18 мільярдаў рублёў, а за год – да 36 мільярдаў. Гэтую тэндэнцыю росту завадчане плануюць захаваць, і ў 2015 годзе давесці аб’ём выпуску прамысловай прадукцыі да 50 мільярдаў рублёў – грандыёзная, але, па меркаванню заводакіраўніцтва, упаўне выконваемая задача.



Дасягнуць яе вырашэння дапаможа і асваенне новых відаў вырабаў. Ужо сёння на прадпрыемстве інтэнсіўна вядуцца работы па ўкараненню ў вытворчасць рукавоў высокага ціску для ўсіх мадэляў трактараў МТЗ, працуюць інжынеры і тэхнолагі завода і над іншымі навінкамі, якія дазволяць пашырыць наменклатуру вырабаў і выйсці на новыя рубяжы.



Віктар НАЗАРАНКА. 
    



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *