Рыхтуючы сыравіну металургіі


Чорная і каляровая металургія – важнейшыя галіны народнагаспадарчага комплексу кожнай краіны. Менавіта яны забяспечваюць усе яго сферы – прамысловасць, будаўніцтва, транспарт і г.д. асноўнай сыравінай індустрыі – чорнымі і каляровымі металамі, металапракатам, трубамі, іншымі металавырабамі і металаканструкцыямі. У нашым горадзе няма металургічных камбінатаў, а значыць і доменных печаў, мартэнаў, канвертэраў. Тым не менш, ёсць і ў нас прадпрыемства, працоўны калектыў якога заўтра адзначыць Дзень металурга, – Хойніцкі філіял ПВУП «Гомельвтормет». Разам з іншымі прадпрыемствамі аб’яднання яно ўваходзіць у вытворчую структуру Беларускага металургічнага завода.



Аб сённяшніх справах работнікаў філіяла расказвае інжынер прадпрыемства Мікалай Міхайлавіч ЕШЧАНКА.
– Так, Дзень металурга – наша прафесійнае свята. А сёлета яно для нас стала двайным, бо менавіта ў гэтыя ліпеньскія дні мы адзначаем і 90-годдзе рэспубліканскага аб’яднання «Белвтормет», у склад якога і ўваходзіць наш філіял. Асноўнай задачай нашага прадпрыемства з’яўляецца збор і перапрацоўка металасыравіны, якая потым накіроўваецца на БМЗ у Жлобіне і з’яўляецца асновай для выпуску прадукцыі металургіі. Таму ад эфектыўнасці, рытмічнасці і выніковасці нашай работы ў многім залежыць сыравінная база Беларускага металургічнага завода. Прыёмку чорных і каляровых металаў ажыццяўляем як ад прамысловых, сельскагаспадарчых і іншых прадпрыемстваў усіх форм уласнасці, так і ад насельніцтва. Працуем на аснове зацверджаных на галаўным прадпрыемстве планавых заданняў, з якімі, дарэчы, заўсёды паспяхова спраўляемся. Нездарма наш філіял лічыцца адным з лепшых у вобласці. Каб пацвердзіць гэта, прывяду толькі адну лічбу: план 2011 года па нарыхтоўцы металічнага лому мы выканалі на 156 працэнтаў – больш чым у паўтара раза. Такія вынікі работы для нашага калектыву ўжо сталі паўсядзённай нормай, і штомесячна мы адгружаем на БМЗ 450 тон металічнага лому.



Адзначу, што здача металалому – выгадная справа для прадпрыемстваў і арганізацый, асабліва сельскагаспадарчых. Па-першае, сыравіну мы вывозім ад іх уласным транспартам – для гэтага ў нас ёсць 5 аўтамабіляў, а па-другое, разлічваемся без затрымак. Атрымліваецца, што ў нашых прамысловых кліентаў і плошчы ад лому вызваляюцца, і грошы на іх разліковы рахунак паступаюць.



Што датычыць сельгаспрадпрыемстваў, то акрамя гэтых выгод, прывабнай выглядае яшчэ адна. Мы маем кантракт з аб’яднаннем «Гомельхимторг», у адпаведнасці з якім гаспадаркі на сумы, атрыманыя за здадзены металічны лом, могуць набыць у ім запасныя часткі для аўтамабіляў, камбайнаў і трактараў, глебаапрацоўчых механізмаў, шыны і колы, электроды і іншыя неабходныя дэталі і інструмент. Усе разлікі ажыццяўляюцца хутка і дакладна, таму сельгаспрадпрыемствы часта звяртаюцца да гэтага віду нашых паслуг. Дарэчы, часцяком з просьбай вывезці металічны лом да нас звяртаюцца гаспадаркі і прадпрыемствы не толькі з нашага і Брагінскага, але і з іншых раёнаў вобласці – Рэчыцкага, Мазырскага, Гомельскага.



Паступова ўдасканальваем матэрыяльную базу. Напрыклад, у лютым гэтага года набылі і запусцілі ў вытворчасць новы нямецкі прэс «Оберландэр» магутнасцю сціскання 550 тон. Гэта дазволіла не толькі значна павысіць прадукцыйнасць працы, але і ў многім пазбавіцца ручной працы.



Асобна хацелася б сказаць аб нашым працоўным калектыве. У ім практычна няма цякучасці, людзі заняты на сваіх рабочых месцах ужо па некалькі гадоў, маюць адпаведны вопыт і высокую прафесійную кваліфікацыю. Гэты фактар у многім дазваляе нам ставіць перад сабой высокія задачы і дабівацца іх паспяховага вырашэння. Усе працуюць старанна і адказна, кожнаму можна даць вытворчае даручэнне і не хвалявацца за яго выкананне.



А сярод лепшых назаву машыніста экскаватара В.І. Дашука, прасаўшчыка Р.У. Арро, газарэзчыкаў А.Р. Дземідзенку і А.У. Смольскага, вадзіцеляў В.В. Дудоўскага, Л.Л. Такарскага і В.І. Гардзіенку, кранаўшчыка А.У. Шэрамела. У рабоце ўрачыстага сходу, прысвечанага 90-годдзю нашага аб’яднання, які прайшоў 6 ліпеня ў Палацы культуры МТЗ у Мінску (туды былі запрошаны самыя дастойныя работнікі), ад нашага працоўнага калектыву прынялі ўдзел вадзіцель У.І. Фаменка, вагаўшчыца С.А. Зубок і тэхработніца Н.Р. Дудоўская.
Віншую ўвесь наш дружны, працавіты і на многае здольны працоўны калектыў, а таксама дарагіх ветэранаў філіяла з прафесійным святам і шчыра жадаю моцнага здароўя, дабрабыту і вялікага асабістага шчасця.


 


Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *