Алкаголь і дарога — не сумяшчальныя


Пад такой назвай з 24 красавіка па 15 мая праходзіць комплекс прафілактычных мерапрыемстваў з мэтай папярэджвання ДТЗ з удзелам вадзіцеляў, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення.

 Аналіз стану аператыўнай абстаноўкі з аварыйнасцю сведчыць, што меры, прымаемыя органамі ўнутраных спраў у гэтым пытанні, не ў поўнай меры адэкватныя сітуацыі, што складваецца. З пачатку гэтага года на тэрыторыі Гомельскай вобласці вадзіцелямі, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, здзейснена 25 ДТЗ. Пры гэтым 7 чалавек загінулі, 32 атрымалі раненні. За ўказаны перыяд затрыманы і адхілены ад кіравання транспартам 2092 вадзіцелі.

 Трагічна закончылася паездка 19-гадовага жыхара вёскі Віць на мапедзе  “Мустанг МТ 50Q-2”. На аўтадарозе Казялужжа-Судкова-Храпкаў-Віць з боку вёскі Віць у бок аўтадарогі Калінкавічы-Брагін-Камарын ён не справіўся з кіраваннем, выехаў на сустрэчную паласу руху і перакуліўся. У выніку ДТЗ атрымаў цялесныя пашкоджанні, быў шпіталізаваны ў рэанімацыйнае аддзяленне ЦРБ з дыягназам “чэрапна-мазгавая траўма”.

“Минула чаша сия” сёлета 60 вадзіцеляў розных відаў транспарту, якія былі затрыманы ў нецвярозым стане ў раёне ўпершыню, і шэсць, якія затрымліваліся паўторна.

 Варта яшчэ раз напомніць, што кіраванне транспартным сродкам асобай, якая знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення, або ў стане,  выкліканым ужываннем наркатычных, псіхатропных, таксічных і іншых адурманьваючых рэчываў, або перадача кіравання транспартным сродкам такой асобе, а таксама адмова ад праходжання ва ўстаноўленым парадку праверкі на вызначэнне іх цягне накладанне штрафу ў памеры ад 15 да 35 базавых велічынь з пазбаўленнем права кіравання транспартным сродкам на 3 гады або адміністрацыйны арышт з пазбаўленнем права кіравання транспартам тэрмінам на 3 гады. Тое ж, здзейсненае асобай, якая не мае права кіравання транспартным сродкам, цягне накладанне штрафу ў памеры ад 25 да 45 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.


У. ТАЛЮК, старшы інспектар адміністрацыйнай практыкі аддзялення ДАІ РАУС.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *