У цесным узаемадзеянні


Праведзены раённы семінар-вучоба прадстаўнікоў органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання на тэму “Арганізацыя і ўдасканальванне органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання”. Удзел у мерапрыемстве прымалі старшыні сельвыканкомаў, прадстаўнікі органаў грамадскага кіравання на вёсцы, дэпутаты раённага і сельскіх Саветаў дэпутатаў, члены каардынацыйнага савета грамадскага самакіравання, прадстаўнікі аддзелаў і ўпраўленняў выканкома.

Спачатку адбылося наведанне аб’ектаў аграгарадка “Глінішча”: мехдвара і цэнтральнай жывёлагадоўчай фермы КСУП імя Мележа, Глінішчанскай участковай бальніцы, СДК, аддзялення сувязі і дзіцячага сада. Дырэктар КСУП імя Мележа В.М. Каральчук расказаў аб сённяшніх справах калектыву і задачах на будучае.
 
Пленарнае пасяджэнне адбылося ў актавай зале ДПТВ-183. А да гэтага ўсе з вялікай зацікаўленасцю наведалі вытворчыя майстэрні, вучэбныя кабінеты, лабараторыі вучылішча і зрабілі вывад: раёну здорава пашанцавала ў тым сэнсе, што для моладзі, якая ўступае ў самастойнае жыццё, у вучылішчы існуе вялікі выбар рабочых прафесій. На гэтым завастрыў увагу і выступаючы на пасяджэнні дырэктар ДПТВ В.М. Аніскавец, выказаўшы надзею на тое, што з дапамогай прадстаўнікоў грамадскага самакіравання можна паспяхова вырашаць пытанні працаўладкавання выпускнікоў.


Старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.М. Рабінкіна адзначыла, што з выхадам Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 29 створаны неабходныя перадумовы для выніковай работы пярвічнага ўзроўню дзяржаўнай улады па вырашэнню пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва. У мэтах рэалізацыі Указа распрацаваны і зацверджаны прэзідыумам райсавета, сельскімі Саветамі канкрэтныя мерапрыемствы, усе зацікаўленыя службы займаюцца іх выкананнем.

У мэтах узмацнення ўвагі і аказання практычнай дапамогі ў рабоце органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання сфарміраваны і дзейнічае каардынацыйны савет грамадскага самакіравання ў саставе 6 чалавек. Яго старшынёй з’яўляецца намеснік старшыні райвыканкома В.М. Шаўчэнка.

Летась было прынята сумеснае рашэнне райвыканкома і прэзідыума райсавета дэпутатаў аб правядзенні конкурсу сярод сельскіх Саветаў, органаў самакіравання. Г.М. Рабінкіна павіншавала яго пераможцаў і адзначыла, што ўпаўнаважаны в.Веляцін С.П. Тальчук прыме ўдзел у аналагічным абласным мерапрыемстве.




На тэрыторыі Хойніцкага раёна ў 2008 годзе дзейнічала 71 фарміраванне органаў грамадскага самакіравання, у тым ліку 40 – на вёсцы: 11 старэйшын, 27 упаўнаважаных, 2 старасты; у горадзе – 31 старшыня дамавых камітэтаў.




На пленарным пасяджэнні абмеркаваны наступныя пытанні: арганізацыя работы па добраўпарадкаванню населеных пунктаў раёна і навядзенню парадку на зямлі; аб узаемадзеянні ідэалагічнага актыву раёна з органамі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання ў арганізацыі ідэалагічнай работы на месцах; аб ролі органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, дэпутацкага корпуса ў правядзенні работы, накіраванай на прафілактыку негатыўных з’яў сярод насельніцтва раёна; Аб удасканаленні дзейнасці ўстаноў культуры сельскіх Саветаў, накіраванай на развіццё культурна-масавай, фізкультурна-аздараўленчай работы.

Вопытам работы Паселіцкага сельскага Савета па развіццю грамадскага тэрытарыяльнага самакіравання падзялілася старшыня сельвыканкома Л.М. Зелянкоўская.

Канструктыўныя прапановы па далейшай дзейнасці прадстаўнікоў тэрытарыяльнага самакіравання выказаў пераможца раённага конкурсу стараста вёскі Стралічава М.І. Ткачоў. Са справаздачай у сваёй выбарчай акрузе выступіла дэпутат райсавета, намеснік дырэктара ДПТВ-183 С.А. Буйневіч.

Усе жыццёва важныя пытанні могуць быць паспяхова вырашаны толькі ва ўзаемадзеянні дзяржаўных і грамадскіх структур – такім было заключэнне раённага семінара-вучобы прадстаўнікоў органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *