Дзяцей накрыла з галавой


Трагедыя ў вёсцы Звяняцкае здарылася вечарам, 17 ліпеня. Тры мясцовыя хлопчыкі, якія гулялі ў катлаване, аказаліся пахаванымі зажыва.



Катлаван глыбінёй каля двух метраў каля сельскага клуба-бібліятэкі з’явіўся амаль два тыдні таму назад. Вырытая яма была прызначана для пахавання фундамента драхлай пабудовы, якая размяшчалася па суседству.



Гэтае зласчаснае месца быццам магнітам прыцягвала дзетвару. Дастаткова было зайсці на тэрыторыю клуба, нырнуць у праёмы невысокай агароджы або пераскочыць праз яе, каб аказацца ў забароненай зоне. Калі ва ўстанове культуры знаходзіліся работнікі і заўважалі дзяцей, то, канешне, выдваралі іх. Заўвагі аб недапушчальнасці знаходжання тут рабілі і дарослыя жыхары вёскі. Але, як паказаў страшны выпадак, такая прафілактыка не дапамагла. Да таго ж, па ўсёй бачнасці, у той ракавы час пільных дарослых побач не аказалася. 



Днём тры мясцовыя школьнікі – 13-гадовы Ілля, браты 12-гадовы Аляксей і 10-гадовы Пётр – гулялі ў катлаване, пракладваючы ходы ў бакавой сцяне і абустройваючы шалаш. У адно імгненне раптоўна паехаўшая глыба пяску накрыла дзяцей з галавой. Праз некаторы час старэйшы брат аднаго з загінуўшых хлопчыкаў пайшоў шукаць рабят і пабачыў, што ў катлаване абрушыўся грунт. Ён пачаў раскапваць завал і знайшоў загінуўшага брата. Затым паклікаў мясцовых жыхароў, якія прадоўжылі раскопкі завала. Прыбылі супрацоўнікі райаддзелаў унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, дзяцей паднялі на паверхню, але дапамагчы ім ужо нічым нельга было. Загінуўшыя – вучні Стралічаўскай сярэдняй школы, якіх да трагедыі ў гэтай вёсцы налічвалася 22 чалавекі.



Зараз праверку па факту гібелі дзяцей праводзяць супрацоўнікі Хойніцкага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. Але дзяцей не вярнуць.
Гэта не першыя ахвяры бяспечных гульняў на пяску. У канцы чэрвеня падобная трагедыя здарылася ў вёсцы Залатуха Калінкавіцкага раёна, дзе ў пясчаным кар’еры пад заваламі загінула двое школьнікаў 9 і 13 гадоў.



Каментарый пракурора Хойніцкага раёна М.Л. Беларусава:
На мой погляд, асноўнай прычынай трагедыі, якая здарылася, з’явілася бескантрольнасць з боку бацькоў. Складваецца ўражанне, што з наступленнем лета яны проста расслабіліся. Усе загінуўшыя дзеці былі ў такім ўзросце, што з іх вачэй нельга спускаць. На вялікі жаль, чужыя памылкі нас мала чаму вучаць. Нашы дзеці па-ранейшаму гуляюць адны на дзіцячых пляцоўках, плаваюць у рэчках і бегаюць па праезнай частцы. Памятаеце знакамітую фразу Маленькага прынца: «Мы ў адказе за тых, каго прыручылі»? Хочацца, каб мы, усе дарослыя, былі ў адказе за тых, каго нарадзілі. Мала падарыць жыццё дзіцяці, патрэбна яшчэ яго захаваць.



Клаўдзія БОСАК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *