Сваю справу ведаюць

Сельское хозяйство

Кожны, хто ўпершыню трапляе на жывёлагадоўчы комплекс у Тунеўшчыне, напэўна, адразу заўважае чысціню і дагледжанасць яго тэрыторыі – асфальт з акуратнымі бардзюрамі па краях, зялёныя падкошаныя газоны і стракаты дыван самых розных малых і вялікіх кветак.


 


А яшчэ мноства веласіпедаў, якія чакаюць сваіх гаспадароў: ні даць, ні ўзяць – быццам у нейкую Галандыю альбо Данію трапіў. Між тым, гэты няхітры, але надзейны двухколавы транспарт тут асноўны сродак руху, таму што многія з абслуговага персаналу комплексу жывуць у аграгарадку Глінішча, адкуль пехатой дабірацца не так ужо і блізка. Гэта ўзімку гаспадарка выдзяляе аўтобус для падвозу даярак, даглядчыкаў, слесараў і іншых працуючых, а летам няма сродку надзейней і карысней, чым веласіпед. Так лічыць і Клаўдзія Мікалаеўна Іовенка – вось ужо амаль тры гады па тры разы на дзень на ранішнюю, абедзенную і вячэрнюю дойку адмервае яна гэтую веласіпедную дыстанцыю ад свайго дома ў Глінішчы да Тунеўшчанскага комплексу.



Да яго здачы ў эксплуатацыю К.М. Іовенка 7 гадоў адпрацавала даяркай на МТФ у Глінішчы, потым перайшла на комплекс. Лічаныя дні спатрэбіліся ёй для таго, каб авалодаць уменнямі працаваць з новым абсталяваннем і па новых тэхналогіях. Дапамог у гэтым муж Іван Міхайлавіч, які таксама працуе на гэтым жа комплексе слесарам па эксплуатацыі і рамонту жывёлагадоўчага абсталявання. У сёлетнім раённым спаборніцтве маладых аператараў машыннага даення па выніках першага паўгоддзя Клаўдзія Мікалаеўна ўваходзіць у першую тройку прэтэндэнтаў на перамогу. А вось летась яна стала лепшай на комплексе па выніках работы за год. Загадчыца Тунеўшчанскага жывёлагадоўчага комплексу Ніна Пятроўна Кавальчук гаворыць аб ёй так:



– Клаўдзію ніколі не трэба падганяць, яна і з каровамі сваёй групы паспяхова спраўляецца, і даільнае абсталяванне ведае так, што сама можа і помпы ўключыць, і дойку запусціць, і з іншым абсталяваннем разабрацца, калі спатрэбіцца. А яшчэ яна вельмі сумленна і адказна адносіцца да сваіх абавязкаў, магчыма гэта, у сукупнасці з прыроджанымі стараннасцю і працавітасцю, з’яўляецца асноўным сакрэтам яе працоўных поспехаў.



Ведае сваю справу і Аляксандр Нікіфаравіч Шкода, прозвішча якога таксама можна знайсці сярод перадавікоў раённага спаборніцтва аператараў машыннага даення. Акрамя таго, што гэты мужчына доіць групу з 47 кароў, яго веды, уменні і майстэрства неацэнныя пры раздоях і расцёлах кароў. Нездарма ж загадчыца комплексу Н.П. Кавальчук адзначае, што кожная з рагуль, якія зараз утрымліваюцца тут, у літаральным сэнсе прайшла праз яго ўмелыя і працавітыя рукі.
У цэлым,  пабываўшы ў гэтым  жывёлагадоўчым падраздзяленні, склалася ўражанне, што калектыў тут дружны і згуртаваны, кожны ведае і выконвае свае абавязкі. А калі ёсць згода і разуменне – будзе і вынік.



Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *