Растлумачваць не толькі правы,але і абавязкі


17 ліпеня ў Паселіцкім сельсавеце прайшло выязное пасяджэнне пастаяннай мандатнай і па пытаннях законнасці, правапарадку, мясцовага кіравання і самакіравання камісіі раённага Савета дэпутатаў. Разглядалася пытанне «Аб стане работы са зваротамі грамадзян у Паселіцкім сельскім выканаўчым камітэце».



Па азначанай тэме выступілі: старшыня Паселіцкага сельвыканкама Л.М. Зелянкоўская, начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама А.М. Каток; ад рабочай дэпутацкай групы па вывучэнню гэтага пытання – дэпутат раённага Савета дэпутатаў С.І. Лобан.



Як паказала апытанне, мясцовыя жыхары ведаюць сваіх упаўнаважаных, 97% з амаль 50 апытаных задаволены работай адміністрацыі сельвыканкама. За першае паўгоддзе сёлета ў Хойніцкі райвыканкам паступіў 1 зварот з гэтага сельсавета адносна працаўладкавання, у вышэйстаячыя органы зваротаў не было. У асноўным усе пытанні людзі адрасуюць пры правядзенні сустрэч з насельніцтвам прадстаўнікам выязных інфармацыйна-прапагандысцкіх груп райсавета, райвыканкама. Сёлета ў іх ходзе ад жыхароў Паселіцкага сельсавета паступіла 23 пытанні. Датычылі яны гандлю, водазабеспячэння, здачы малака, добраўпарадкавання, аказання паслуг людзям пажылога ўзросту і інш. На кантролі знаходзяцца 10, астатнія запыты вырашаны або растлумачаны.



Як адзначыла старшыня райсавета дэпутатаў Г.В. Бондар, зваротаў не можа не быць зусім. Галоўнае, каб яны вырашаліся на месцах  своечасова. І каардынатар у гэтай справе – старшыня сельвыканкама, прычым яму важна валодаць усёй інфармацыяй па сваёй тэрыторыі. Галіна Віктараўна нагадала шляхі паступлення такой інфармацыі згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні» – кіраўнік справамі сельвыканкама зранку павінен абзваніць упаўнаважаных у кожнай вёсцы, даведацца аб наяўных праблемах, зрабіць адпаведныя запісы ў спецыяльным журнале. І ў пачатку кожнага працоўнага дня, прааналізаваўшы атрыманыя звесткі, давесці іх да старшыні сельвыканкама. Згодна з імі старшыня будзе будаваць свой працоўны дзень. Менавіта гэтага парадку трэба прытрымлівацца ўсім сельвыканкамам. Пры з’яўленні праблем неабходна абавязкова выязджаць на месца, а гэта таксама не заўсёды робіцца. Напрыклад, нараканні ад малаказдатчыкаў са Звяняцкага паступаюць, а сустрэчы з імі «па гарачых слядах» не практыкуюцца. Словам, работу ў гэтым напрамку трэба паправіць адміністрацыі Паселіцкага сельвыканкама.



А вось за правядзенне работы па збору сродкаў самаабкладання Г.В. Бондар падзякавала бухгалтару сельвыканкама Н.В. Іванюшка. Так, па Паселіцкаму сельсавету дасягнуты найвышэйшы вынік у гэтай справе – 72% насельніцтва здалі грашовую суму ў рамках самаабкладання. Усяго больш за 6 мільёнаў рублёў атрымалася, яшчэ 3 мільёны засталося сабраць. Галіна Віктараўна пракаменціравала гэты факт. Гэта добра, што людзі здаюць па 15 тыс. руб. у агульную скарбонку. Але калі ўлічыць, што спілаванне аднаго аварыйнага дрэва каштуе каля 1,5 млн. руб., то сабраныя сродкі – гэта кропля ў моры ад неабходнага. Напрыклад, у Кармянскім раёне людзі збіраюць не па 15, а па 35 тыс. руб. з аднаго домаўладання, у наступным годзе плануюць здаваць па 50 тыс. руб. І нам трэба на іх раўняцца.



Галіна Віктараўна рэкамендавала больш настойлівай быць Л.М. Зелянкоўскай пры вырашэнні праблемы па аднаўленню работы гандлёвай кропкі райпо ў Звяняцкім. Аўталаўка павінна выязджаць у сельскія населеныя пункты з колькасцю жыхароў да 99 чалавек, а ў Звяняцкім іх пражывае 140. Выходзіць, сацыяльны стандарт не выконваецца. Наконт водазабеспячэння таксама нельга проста канстатаваць факт, што вада з прабураных мелкатрубчатых калодзежаў, па меркаванню людзей, непрыгодная для піцця. Каб зняць праблему, трэба запатрабаваць адпаведнае заключэнне па якасці вады і размясціць яго для агульнага азнаямлення. Сустракацца трэба больш з людзьмі, размаўляць з імі. А разам з тым не толькі правы людзям растлумачваць, але і іх абавязкі. Адкрыта і даступна гаварыць аб тым, што можа даць дзяржава ў рамках заканадаўства маючым патрэбу катэгорыям грамадзян, а што іх дзеці павінны для іх рабіць.



У рашэнні пасяджэння пастаяннай камісіі таксама запісаны рэкамендацыі Л.М. Зелянкоўскай да 1 жніўня распрацаваць графік прыёму грамадзян ва ўсіх сельскіх населеных пунктах сельсавета, укараніць у практыку работы справаздачы работнікаў сельвыканкама, кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый, якія аказваюць паслугі насельніцтву, у тым ліку па заяўнаму прынцыпу «адно акно»,  непасрэдна перад грамадзянамі па месцу жыхарства і ў працоўных калектывах.



Калі не словам, то штрафам
Пасля пасяджэння камісіі адбылася штотыднёвая планёрка ў старшыні сельвыканкама Л.М. Зелянкоўскай. Яна агучыла ход апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама А.І. Цітка ў мінулы панядзелак. Пасля чаго выступілі са справаздачамі адказныя за забеспячэнне пытанняў жыццядзейнасці на тэрыторыі сельсавета.
Уся ўвага – навядзенню парадку на зямлі. Няма разумення ў КСУП «Веляцін» паміж адказнымі за правядзенне абкошвання замацаванай тэрыторыі. Пры гэтым тыя, хто косяць, сталі раўняцца на тых, хто не косіць, аб’явіўшы тым самым маўклівую вайну. Пры гэтым дакладныя запіскі на імя кіраўніка гаспадаркі Р.А. Гардзейчыка не паступаюць.
Не фарбуюць нават многія спецыялісты сельгаспрадпрыемства свае агароджы, франтоны дамоў. Што ўжо гаварыць пра астатніх, хто павінен на іх раўняцца. Па словах Г.В. Бондар, яно і зразумела, бо за мінулы тыдзень не складзена сельвыканкамам ні аднаго пратакола за гэта. Калі людзі на словах не разумеюць, што антысанітарыя і беспарадак недапушчальныя, трэба ў ход пускаць штрафы.
У ходзе іншых уздымалася пытанне прымянення мер да гаспадароў, якія выпускаюць сваіх сабак на вуліцу, тым самым ствараюць пагрозу здароўю дзяцей і дарослых.



Ірына ЛУКАШЭНКА.    


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *