Быць адным цэлым з раёнам


У вёску Куравое 19 ліпеня выязджала інфармацыйна-прапага-ндысцкая група на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар.



Галіна Віктараўна пастаралася давесці да мясцовага насельніцтва інфармацыю аб тым, чым жыве сёння раён, яго сацыяльна-эканамічным становішчы, закранула тэму падрыхтоўкі да святкавання 500-годдзя г. Хойнікі. Заклікала ўсіх уключыцца ў справу навядзення парадку каля сваіх домаўладанняў, пафарбаваць аканіцы, франтоны. Раўняцца на тых, хто не чакае пакуль упадзе старая агароджа, а своечасова рамантуе яе, мяняе на новую. А такіх свядомых грамадзян нямала ў раёне. Гэты вывад магчыма было зрабіць пасля прыведзеных Г.В. Бондар лічбаў: 3 км агароджы людзі самі ўстанавілі сёлета – гэта як амаль на палавіне шляху ад Хойнік да Куравога.



Прапанавала Галіна Віктараўна клапаціцца не толькі аб парадку на прыдамавой тэрыторыі. Можна падумаць і абустроіць сваімі сіламі дзіцячую пляцоўку ў Куравым. Дастаўку для гэтага невыкарыстоўваемых шын, піламатэрыялаў, пяску пры жаданні жыхароў арганізуюць камунальная служба, лясгас.



Узнятыя людзьмі ў час сустрэчы праблемы датычылі грэйдзіравання вуліц, парыву водаправода, працаўладкавання пасля расфарміравання мясцовай фермы. Наконт апошняга пытання Галіна Віктараўна растлумачыла, што работы ў райцэнтры хапае, тым больш, што Куравое на блізкай адлегласці знаходзіцца ад горада. Ёсць вакансіі ў КЖУП «Хойніцкі камунальнік», дарожных і будаўнічых арганізацыях. Акрамя таго, ёсць магчымасць часовага заробку, напрыклад, можна ісці садзіць лес, але гэтай вясной жадаючых працаўладкавацца ў лясгас не аказалася.



Скардзіліся людзі на тое, што пустуе жыллё ў Куравым, а жадаючым яго не выдзяляюць. Нельга дапускаць такой безгаспадарчасці, гэта пытанне будзе дадаткова вывучана.
Добры настрой усім падарылі ўдзельніцы жаночага вакальнага ансамбля «Журавінка» аўтаклуба і народнага ансамбля «Спадчына»



Ірына ЛУКАШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *