Не абібокі падымаюць»Валокі»

Сельское хозяйство Экономика

На малочна-таварную ферму «Валокі» КСУП «Эксбаза «Стралічава» завітала невыпадкова. Яна ўваходзіць у пяцёрку лепшых у маштабе раёна, бо сярэднясутачны надой на карову тут 15 кг. Варта адзначыць, што сёлета на ферме сіламі калектыву значна ўзнялі асабістую планку: атрымліваюць малако толькі гатунка «экстра», у параўнанні з мінулагоднімі паказчыкамі сярэднясутачны надой на карову вырас на 6,7 кг.

Візіт на «Валокі» супаў з абедзеннай дойкай. Яе праводзілі Вікторыя Іванова, з якой мы знаёмілі ў адным з чэрвеньскіх выпускаў газеты, Галіна Ерашок і Святлана Анікейчанка. Колькасць буйной рагатай жывёлы на ферме – 474 галавы, у тым ліку дойнага статка – 103. Гэта сотня і знаходзіцца на папячэнні жанчын.
Вікторыя доіць 44 буронкі, Святлана – 24, а Галіна – 35 каровак.

Пакуль размаўлялі, Галіна Ерашок хутка падрыхтавала жывёлу да даення, спрытна падключыла абсталяванне, кароўкі спакойна падпускаюць яе да сябе.

«Цяжка працаваць на раздоі?» – цікаўлюся ў гэту хвіліну ў Святланы. «Я б не сказала, што складана, а можа, проста прывыкла ўжо», – шчыра і проста адказвае працаўніца. У гаспадарцы яна з 2012 года. Яе калега Галіна ўвогуле мае адпаведны запіс ў працоўнай кніжцы з 1987 года.

Галоўнае пытанне задала загадчыцы фермы Вялянціне Аляксандраўне Кацура: у чым сакрэт атрымання высокіх надояў на ферме і такога заўважнага штуршка па шкале надояў? Як паказвае практыка, для гэтага патрэбны тры складнікі: здаровая жывёла, якасны індывідуальны догляд за ёй з самага нараджэння і, вядома, адказны і працавіты калектыў, бо добрых вынікаў можна дасягнуць толькі сумесна.

Дарэчы, за самых маленькіх тут адказвае жывёлавод Віктар Анатольевіч Дзядзіцкі. Калі запытала, колькі галоў уваходзіць у яго статак, з гонарам адказаў – 146. Цяляткі якраз снедалі свежай зялёнай масай.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.