З мэтай абмену вопытам

Рэха падзеі

Штомесячна  Гомельскім аблспажыўсаюзам арганізоўваюцца семінары па абмену вопытам работы спецыялістаў па ахове працы. 27 ліпеня такое мерапрыемства адбылося на базе Хойніцкага райспажыўтаварыства. Абмяркоўваліся пытанні: «Арганізацыя работы па стварэнню здаровых і бяспечных умоў працы», «Вытворчы траўматызм і меры па яго прафілактыцы на базе аб’ектаў Хойніцкага райпо».



У мерапрыемстве прынялі ўдзел вядучы інжынер па ахове працы аблспажыўсаюза П.А. Кузьмянкоў, начальнік Рэчыцкай міжраённай дзяржаўнай інспекцыі працы Ю.Б. Нікішын і вядучы спецыяліст інспекцыі А.В. Ігнаценка.
Першай часткай мерапрыемства было наведванне аб’ектаў, азнаямленне з іх работай па азначанай тэме. Спачатку пабывалі ў магазіне «Юбілейны», дзе праведзены практычныя заняткі па тэме «Арганізацыя работы па ахове працы на гандлёвым аб’екце прамысловымі таварамі». Тут, як адзначалі калегі, інжынеры па ахове працы, многае можна ўзяць на заметку. У прыватнасці, у справе вядзення дакументацыі: распрацаваны і прадаўцы азнаёмлены з Інструкцыямі па ахове працы, вядуцца журналы згодна з наменклатурай спраў. Памяшканне магазіна абсталявана пярвічнымі сродкамі пажаратушэння, маецца медыцынская аптэчка. Створаны належныя ўмовы для працы і адпачынку прадаўцоў, на плошчы былога склада абустроены пакой прыёму ежы.



Такое ж добрае ўражанне пакінула і наведванне хойніцкага хлебазавода. Тут абсталяваны мужчынскія і жаночыя душавыя, бытавыя пакоі і па прыёму ежы, маецца і кабінет інжынера па ахове працы. М.М. Уткін, які займае гэту пасаду, расказаў, што толькі за першае паўгоддзе сёлета на мерапрыемствы па ахове працы райпо выдзелена 595 мільёнаў рублёў. Асноўны артыкул расходаў – набыццё спецадзення, сродкаў індывідуальнай аховы, на што затрачана 215 мільёнаў рублёў. 36 мільёнаў рублёў выкарыстана на абнаўленне бытавых пакояў рабочых хлебазавода.



На пленарным пасяджэнні, якое вёў вядучы інжынер па ахове працы Гомельскага аблспажыўсаюза П.А. Кузьмянкоў, перад удзельнікамі мерапрыемства выступілі начальнік Рэчыцкай міжраённай дзяржаўнай інспекцыі працы Ю.Б. Нікішын, які асвятліў пытанне «Дзяржаўны нагляд і кантроль за захаваннем заканадаўства аб працы і аб ахове працы»,  і галоўны спецыяліст па ахове працы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Хойніцкага райвыканкама І.П. Грыгаровіч, які гаварыў аб дзяржаўным кіраванні аховай працы ў арганізацыях, размешчаных на тэрыторыі раёна.



Падводзячы вынік, П.А. Кузьмянкоў адзначыў станоўчую работу нашага райпо па разглядваемых пытаннях абласнога семінара, а яго галоўных удзельнікаў – спецыялістаў па ахове працы – нацэліў на безумоўнае выкананне мерапрыемстваў у галіне аховы працы, актывізацыю  дзейнасці грамадскіх інспектараў у гэтым важным напрамку.
На заканчэнне па просьбе гасцей была арганізавана экскурсія ў гарадскі парк, якая таксама пакінула  самыя пазітыўныя ўражанні.


 


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *