Клопаты камунальшчыкаў

Добраўпарадкаванне

Бяспека дзяцей

Дзіцячая пляцоўка ў мікрараёне «Юбілейны» райцэнтра цяпер мае канкрэтную мяжу: вакол гульнявой зоны ўстаноўлена драўляная агароджа.

Як адзначылі ў КЖУП «Хойніцкі камунальнік», у сувязі з тым, што тут індывідуальны прадпрымальнік устанаўлівае гульнявое абсталяванне, якое патрабуе падключэння да электрасеткі (для гэтага быў устаноўлены ім размеркавальны шчыток), прынята рашэнне раздзяліць тэрыторыю на дзве зоны. Гульнявую пляцоўку для бяспекі дзяцей абгарадзілі драўляным плотам. У хуткім часе ён будзе пафарбаваны.

Мадэрнізацыя цепласетак

Агульная працягласць магістральных цеплавых сетак, якія плануецца замяніць у райцэнтры ў бягучым годзе, складае 3,4 км у аднатрубным вылічэнні. Дарэчы, цепласеткі з папярэдне ізаляваных труб дазваляюць істотна знізіць страты цяпла ад цеплакрыніц да спажыўца.

На работах занятыя дзве брыгады КЖУП «Хойніцкі камунальнік». Адна з брыгад, адзначыў начальнік участка цеплавых сетак цэха кацельных і цепласетак І.Я. Асаўляк, выконвае работы па замене труб ад магазіна «Еўраопт» да ЦТП па вул. Лермантава, 8а.
У сувязі з тым, што работы праводзяцца каля дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г. Хойнікі, агароджу ўстановы на некаторы час крыху перанеслі, таксама правялі вырубку дрэў, якія раслі над цепласеткамі. Па заканчэнні работ тэрыторыя будзе добраўпарадкавана.

Вольга БЕЛАШ. Фота аўтара.

Асфальтаванне выбоін і ям

З 23 па 27 ліпеня работнікі КЖУП «Хойніцкі камунальнік» выканалі наступныя работы па рамонту вулічна-дарожнай сеткі ў горадзе.

Заасфальтавалі паглыбленні на прыпынках грамадскага транспарту «Пл. Танкістаў», «СШ № 1» па вул. Савецкая.
Заасфальтавалі выбоіну, якая ўтварылася каля каналізацыйнага люка па вул. Пралетарская.
Таксама ўхілілі выбоіну агульнай плошчай 5 квадратных метраў па вул. Сялянская.

Ірына ЛУКАШЭНКА.