Грошы «грабуць лапатай»

Да 100-годдзя камсамола Образование Сельское хозяйство Тэрыторыя моладзі

На Стралічаўскім збожжасушыльным комплексе працуе студатрад імя У.М. Марчанкі.

Заспелі рабят як раз у той самы момант, калі вялікагрузны МАЗ дадаваў залатыя «барханы» збожжа пры разгрузцы. Як толькі ад’ехала тэхніка, юныя КЗСаўцы з шуфлямі і мётламі ўзяліся за працу: сталі разраўноўваць насыпы і замятаць іх па баках. У першай змене працуе сем чалавек, столькі ж у другой. Дэвіз хлопцаў: бяры пабольш, кідай далей. Камандзір студатрада – навучэнец Гомельскага прафесійна-тэхнічнага каледжа Вячаслаў Кашперка, дарэчы, на збожжатаку ён заняты пятае лета. Таксама ў хлебаробнай брыгадзе ліцэіст Віктар Сігаеў і вучні Стралічаўскай школы Артур Шрамко, Аляксандр Чарняўскі, Сяргей Кузняцоў, Уладзіслаў Сігаеў і Мікіта Сігаеў. Паміж сабой яны называюць адзін аднаго па мянушках – Шатуноў, Рыжы, Смарчок, Кузя, Шакаладка, Цыркуль.

Юнакі актыўныя і пазітыўныя – ніводнага хмурнага твару, нягледзячы на спёку і добрую фізічную нагрузку. Маглі б «заліпаць» у камп’ютар, на пляжы, аднак вырашылі свабодныя ад вучобы месяцы выкарыстаць з карыснай мэтай. Працаўладкаваліся пры дапамозе райкама ГА «БРСМ».

Па словах сезонных работнікаў, працаваць падабаецца, таму што кампанія падабралася добрая, вясёлая. Галоўная іх матывацыя, вядома, – заробак. Лічба ў «расчётнику» залежыць ад колькасці адгружаных тон збожжа. На пытанне, як патраціце грошы, усе адказваюць аднолькава: «Апранёмся да вучобы, купім усё, што трэба, каб у бацькоў не прасіць». І гэта сапраўды заслугоўвае павагі.
У гаспадарцы аб байцах атрада клапоцяцца: усё дакладна тлумачаць, выдаюць марлевыя павязкі, арганізоўваюць харчаванне. Пасля работы адны юнакі займаюцца спортам, другія – музыкай, трэція – гуляюць з сябрамі. Так што хапае часу і на працу, і на летні адпачынак.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.