Вопыт на карысць

Пад знакам Чарнобыля Рэха падзеі

На базе Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя на тэму «Праблемы і перспектывы развіцця тэрыторый, якія пацярпелі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, на сучасным этапе».

За сваю гісторыю калектыў запаведніка назапасіў багаты вопыт у прадухіленні пераносу радыенуклідаў на прылеглыя тэрыторыі, кантролі за змяненнем радыяцыйнай абстаноўкі, радыяцыйна-экалагічным маніторынгу глебы, паветра, вады, флоры і фауны, правядзенні радыебіялагічных даследаванняў і доследна-эксперыментальных работ.

Форум прымеркаваны да 30-годдзя стварэння Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, яго ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі нашай краіны, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Украіны. На адкрыцці мерапрыемства начальнік Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь А.І. Ціток адзначыў, што створаны на тэрыторыі адсялення запаведнік стаў базай для глыбокіх і перспектыўных навуковых даследаванняў, якія знайшлі прымяненне ў практычнай сферы. Ён падкрэсліў, што спецыялістам важна аб’яднаць намаганні, напрацоўваць вопыт устойлівага развіцця радыеактыўна забруджаных тэрыторый.

Сярод асноўных задач двухдзённага форуму – абмеркаванне актуальных навуковых праблем у галіне радыеэкалогіі, радыебіялогіі і аховы навакольнага асяроддзя ў трансгранічным цэнтральна-еўрапейскім рэгіёне, абмен вопытам іх рашэння ў розных рэгіёнах і краінах, выпрацоўка навукова абгрунтаваных прапаноў па вырашэнні праблем устойлівага развіцця зоны адчужэння Чарнобыльскай АЭС.

У час двухдзённай канферэнцыі навукоўцы наведалі былыя населеныя пункты Бабчын, Пагоннае, эксперыментальную пчалапасеку, пажарна-хімічную станцыю, музей запаведніка. Тэзісы дакладаў удзельнікаў канферэнцыі прадстаўлены ў апублікаваным зборніку.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА. Фота аўтара.