Успаміны толькі добрыя

Да 100-годдзя камсамола

У раённым камітэце БРСМ захоўваюцца летапісы «Камсамольскае юнацтва маё».

Гэта альбомы са здымкамі і звесткамі пра хайнічан, якія ў свае маладыя камсамольскія гады актыўна прадстаўлялі Хойнікшчыну. Многа ўвагі ў іх удзелена і студатрадаўскаму руху. У савецкія гады жыхары раёна аб’ездзілі амаль увесь Савецкі Саюз у складзе працоўнага дэсанту.

На агульным фотаздымку ёсць і Сацура Людміла Сяргееўна. Зараз яна працуе намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Казялужскай сярэдняй школы, а ў час, калі зроблены фотаздымак, – студэнтка Лоеўскага педагагічнага вучылішча.

Расказаць аб камсамольскім юнацтве Людміла Сяргееўна пагадзілася адразу, адзначыўшы, што з паездкай у Малдавію звязаны толькі самыя добрыя ўспаміны:
– У той год паездку ў Малдавію нам, навучэнцам Лоеўскага педвучылішча, уступілі студэнты адной з навучальных устаноў Ленінграда, каб, так сказаць, падтрымаць у цяжкі час. Мне было 18 гадоў, гэта была мая першая паездка ў складзе студатрада.

Працавалі мы ў сяле Кіцканы, а жылі ў палявым стане, дзе стаялі нашы так званыя інтэрнаты, кухня. Гатавалі ежу мы самастойна.

Працавалі на ўборцы памідораў. Побач такія ж студатрады з розных гарадоў і краін убіралі яблыкі, вінаград, іншую садавіну і агародніну. Рабіць гэта пад пякучым сонцам было, канешне, цяжка, але мы стараліся. Па першасці, пакуль мы не звыкліся з працай, нам дапамагалі мясцовыя жыхары.

Аднак, нягледзячы на стомленасць, адпачываць стараліся актыўна: былі экскурсіі ў Кішынёў, Бендэры, Ціраспаль. Побач з нашым домікам часта збіралася моладзь. Былі песні пад гітару, танцы. Рамантыка, адным словам.

Колькі нам за работу заплацілі, ужо і не памятаю. Аднак галоўнае было не гэта. Галоўнае – бясцэнны вопыт сяброўства, узаемавыручкі, падтрымкі. Вельмі добра, што студатрадаўскі рух адноўлены Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі ў нашай краіне і з кожным годам набірае ўсё большыя маштабы…
На наступны год Людміла Сяргееўна паехала не са студатрадам, а з піянерскім – тры месяцы працавала важатай у лагеры «Крышталь» нашай вобласці.

Вольга БЕЛАШ.