«Шэрыя» схемы ўвозу аўтамабіляў ва Украіну

Законнасць і парадак

У апошні час у сетцы інтэрнэт з’явілася інфармацыя аб магчымасці добра зарабіць ва Украіне, пры гэтым практычна нічога не робячы. Дастаткова заехаць на тэрыторыю суседняй краіны, падпісаць паперы, якія тычацца ўвозу аўтамабіля, і атрымаць запаветныя 20-40 долараў ЗША і магчымасць яшчэ бясплатна адпачыць на курорце. Давайце разбяромся, што тут не так і ці бяспечна гэта для нашых грамадзян. А дапамогуць нам у гэтым тлумачэнні намесніка пракурора Хойніцкага раёна Ю.А. Грамовіч.

– Юлія Аляксандраўна, што гэта за такая «шэрая» схема ўвозу машын ва Украіну?

– Кажучы простай мовай, ва Украіну пайшоў паток еўрапейскіх аўтамабіляў. Прыганяюць з Літвы, Польшчы і іншых краін, на памежных пераходах стаяць чэргі. Прыганяюць… і не растаможваюць! Так нашы суседзі абыходзяць высокія пошліны на іншамаркі. Самым танным звяном ланцужка з’яўляюцца так званыя вярблюды – беларусы, якія за пэўную плату гатовы аформіць на сябе часовы ўвоз аўто на тэрыторыю Украіны.

– Як у гэтай схеме апынуліся беларусы?

– Справа ў тым, што афармляць часовы ўвоз вялікай колькасці машын на сябе украінскія «перакупшчыкі» не могуць, бо гэта забараняе мытнае заканадаўства, для гэтага яны звяртаюцца за дапамогай да суседзяўбеларусаў. Нерэзідэнты Украіны могуць карыстацца аўтамабілем на тэрыторыі гэтай краіны на працягу года. Потым неабходна паўтарыць працэдуру – вывезці аўтамабіль і завезці яго зноў. Але ёсць яшчэ адзін нюанс. Ездзіць на аўтамабілі, што знаходзіцца ў рэжыме часовага ўвозу, можа толькі той, хто на ім у краіну заехаў. Але на гэтыя моманты ўкраінскія пакупнікі ўвагі не звяртаюць. Адным з распаўсюджаных спосабаў прыцягнення грамадзян Рэспублікі Беларусь да «шэрых» схем перавозкі транспартных сродкаў з’яўляецца размяшчэнне паведамленняў у інтэрнэце. У сацыяльных сетках можна знайсці велізарную колькасць такіх прапаноў.

– А нашы суайчыннікі не ведаюць, на што падпісваюцца?

– Арганізатары такіх «тураў» замоўчваюць, чым рызыкуе беларус, аформіўшы на сябе аўтамабіль ва Украіне. А на самай справе ў выпадку, калі аўтамабіль будзе лічыцца ў вышуку, здзейсніць ДТЗ, будзе перададзены для кіравання іншай асобе або будзе знаходзіцца ва Украіне больш за год, грамадзянін Беларусі, на якога аформлена аўто, становіцца патэнцыяльным парушальнікам украінскага заканадаўства. І пры ўездзе ва Украіну ён можа быць прыцягнуты да адказнасці. Беларусу давядзецца альбо заплаціць штраф, альбо расстацца са сваім транспартным сродкам у кошт пагашэння штрафаў або матэрыяльнага ўрону, магчымы і іншыя сур’ёзныя наступствы, напрыклад, грамадзяне Рэспублікі Беларусь могуць быць дэпартаваны з тэрыторыі Украіны, і пра паездкі туды можна будзе забыцца.

– Якая прадугледжана сума штрафу?

– Штраф для беларуса за такія справы можа даходзіць амаль да тысячы долараў. Да 640 – за пратэрмінаваныя дні часовага ўвозу і каля 320 долараў – за перадачу кіравання аўтамабіля на часовым увозе іншай асобе. Але, зноў жа, пра такія «дробязі» наймальнікі беларусаў не папярэджваюць, абяцаючы, што ніякіх праблем не будзе. Таму, паверце, аўчынка вырабу не варта.

Запісала Наталля ЧЭКАН.