Набыць жыллё? Гэта рэальна!


Аб тым, што кватэрнае пытанне хвалюе чытачоў “ЛС”, сведчаць тэлефонныя званкі і пісьмы ў рэдакцыю. А паколькі  асноўным спосабам абзавесціся ўласнымі метрамі цяпер з’яўляецца будаўніцтва або набыццё жылля з падтрымкай дзяржавы, многія пытанні датычаць менавіта гэтага. Разабрацца ва ўсіх тонкасцях папрасілі начальніка аддзела архітэктуры, будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і па праблемах ліквідацыі катастрофы на ЧАЭС Р.І. КАРЖАНОК.


–Раіса Іванаўна, якім чынам зараз складваецца жыллёвая палітыка Рэспублікі Беларусь і як яна ажыццяўляецца на раённым узроўні?

– Сёння бясплатнага дзяржаўнага жылля не існуе. Дзяржава забяспечвае ім толькі пэўныя катэгорыі грамадзян, якія, атрымаўшы жыллё, не маюць права яго ні прыватызаваць, ні прадаць. Тым не менш, чарга жыхароў, якія падалі заяву ў райвыканком на паляпшэнне жыллёвых умоў даволі вялікая: па стану на 1 студзеня 2009 года ў ёй 492 чалавекі, у тым ліку 196 маюць права на атрыманне сацыяльнага жылля.

– У такім разе што можаце параіць жыхарам горада і раёна, для якіх жыллёвая праблема вельмі вострая?

– Выхад ёсць і вельмі добры. Гэта будаўніцтва жылля за кошт уласных сродкаў, аб’яднаўшыся ў калектыў забудоўшчыкаў. Тым больш, што дзяржава аказвае ў гэтым вялікую падтрымку. Згодна з Указам №185 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб прадастаўленні грамадзянам ільготных крэдытаў на будаўніцтва, рэканструкцыю або набыццё жыллёвых памяшканняў” банкаўскі крэдыт выдаецца ў тым выпадку, калі даход сям’і не перавышае трохразовага сярэднедушавога мінімальнага спажывецкага бюджэту. Калі ўзяць, да прыкладу, сярэднестатыстычную беларускую сям’ю з чатырох чалавек, то ў лютым гэтая сума вызначана ў памеры 1 мільён 89 тысяч 540 рублёў на кожнага члена сям’і.

– Раіса Іванаўна, як “прыжываюцца” ў раёне жыллёва-будаўнічыя кааператывы?

– Першая ластаўка ўжо ёсць: сёлета будзе ўведзены ў эксплуатацыю 40-кватэрны жылы дом, які ўзводзіцца для ўступіўшых у першы жыллёва-будаўнічы кааператыў. У цяперашні час праводзіцца работа па стварэнню другога кааператыву на такіх жа ўмовах на базе 20-кватэрнага жылога дома. Зараз нашым аддзелам вядзецца вялікая растлумачальная работа наконт гэтага сярод састаячых у чарзе жыхароў. І калі пры стварэнні  першага кааператыву людзі адзывалі свае заявы на ўступленне ў яго, то цяпер такога няма.

Па ўсіх пытаннях уступлення ў кааператыў звяртайцеся ў наш аддзел або званіце па тэлефонах: 2-16-10, 2-22-86.

Хачу сказаць, што вялікая ўвага ўдзяляецца забяспечанасці жыллём мнагадзетных сем’яў. Сёлета для іх будуць ўведзены чатыры дамы сядзібнага тыпу, а яшчэ для сямі сем’яў гэтай катэгорыі будуць пабудаваны жылыя дамы ў 2010 годзе.

Пачата будаўніцтва 60-кватэрнага дома, у якім сацыяльнае жыллё атрымаюць 9 чалавек, астатняе – службовае, прызначанае для маладых спецыялістаў, якія прыбудуць або працуюць у раёне, не скарыстаўшы права на службовае жыллё пасля заканчэння вышэйшых і сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў.

На заканчэнне размовы падкрэслю: самы рэальны шанц набыць жыллё сёння – гэта ўступленне ў жыллёва-будаўнічы кааператыў. Не упусціце яго!


Гутарыла Клаўдзія БОСАК. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *