Папоўнілася сям’я педагогаў

Образование

Жнівень – час актыўнай міграцыі маладых спецыялістаў да месца іх будучай працы. Выпускнікі вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў прыбылі ў наш раён, як і належыць, да сярэдзіны месяца і ўжо пачалі сваю працоўную дзейнасць ва ўстановах адукацыі, аховы здароўя, культуры, гандлю і грамадскага харчавання, у прамысловасці, а таксама ў сельскагаспадарчых арганізацыях.  



Па традыцыі знаёмства з маладым папаўненнем першымі арганізоўваюць педагогі. Так, 15 жніўня ў актавай зале СШ №3 адбылася сустрэча кіраўніцтва і  спецыялістаў аддзела адукацыі райвыканкама, прадстаўнікоў маладзёжнага і прафсаюзнага руху з маладымі настаўнікамі. Маладыя людзі даведаліся пра структуру сістэмы адукацыі раёна, свае правы і льготы, аплату працы і грашовыя выплаты, аб магчымасці атрымання службовага жылля і пра іншыя актуальныя пытанні. 
З пытаннямі маладзёжнай палітыкі ў раёне сабраўшыхся пазнаёміў начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама С.А. Кавалёў. 
У гэтым годзе ў наш раён па размеркаванню прыбылі 25 маладых педагогаў. Большая палова з іх, 18 чалавек, – нашы землякі, якія, адвучыўшыся і набыўшы спецыяльнасць, вярнуліся жыць і працаваць на радзіму.



У апошні час усё больш маладых людзей застаецца ў нашым раёне пасля абавязковай адпрацоўкі. Больш за тое, дзякуючы ініцыятыўнасці і мэтанакіраванасці, праяўленню энтузіязму, творчасці і, самае галоўнае, добрым чалавечым якасцям змаглі самарэалізавацца менавіта тут, на першым працоўным месцы. Выдатны прыклад – прафесійны і кар’ерны рост В.М. Андрэйчанка:  яшчэ чатыры гады назад маладога спецыяліста, а сёння ўжо дырэктара ЦКРНіР. Вольга Мікалаеўна падкрэсліла, што ніякіх сакрэтаў поспеху няма, галоўнае – жаданне аддана працаваць, не цураючыся ніякіх праблем.



На працягу ўсёй сустрэчы начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Л.Ф. Кулакоўская заклікала, каб маладыя людзі засталіся працаваць у нашым раёне пасля адпрацоўкі. Яна жадала, каб навічкі змаглі знайсці сваё месца ў жыцці і працы, зацвердзіцца ў калектыве, зрабіць паспяховыя першыя крокі ў прафесію і даказаць сабе і іншым, што яны ў ёй людзі не выпадковыя, каб усе сталі дастойнымі прадстаўнікамі маладой каманды педагогаў Хойнікшчыны.



Наталля ЧЭКАН.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *