Было вучылішча – стаў ліцэй

Образование

Згодна з рашэннем Гомельскага аблвыканкама № 829 ад 2 жніўня 2012 года «Аб перайменаванні некаторых устаноў адукацыі і зацвярджэнні іх Статутаў у новай рэдакцыі» ўстанова адукацыі «Хойніцкае прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча  № 183 меліярацыйнага будаўніцтва» пераўтварылася ва ўстанову адукацыі «Хойніцкі дзяржаўны прафесіянальны ліцэй». Расказвае дырэктар ліцэя В.М. Аніскавец:



–  Гэта не проста перайменаванне, а вялікі прэстыж, які быў дасягнуты нашым вучылішчам па выніках атэстацыі і акрэдытацыі, дзе ўлічваліся ўсе напрамкі дзейнасці ўстановы. Дастаткова сказаць, што за час існавання вучылішча падрыхтавала і накіравала на работу ў калектывы нашага, а таксама Брагінскага, Лоеўскага, Рэчыцкага раёнаў больш за 9400 кваліфікаваных рабочых. Працуюць 10 кабінетаў і лабараторый спецыяльных дысцыплін, 12 кабінетаў па агульнаадукацыйных прадметах, аснашчаных тэхнічнымі сродкамі навучання,  у вучэбна-вытворчых майстэрнях маецца 111 адзінак разнастайнага абсталявання, дазваляючага практычна адпрацоўваць усе тэмы праграм вытворчага навучання. У 2012 годзе адзначана павышэнне колькасці навучэнцаў, якія займаюцца на 7-10 балаў. Юнакі і дзяўчаты паказваюць вялікую зацікаўленасць у практычным прымяненні тэарэтычных ведаў, аб чым сведчыць больш высокая паспяховасць па вытворчаму навучанню. Педагогі працуюць па сучасных адукацыйных тэхналогіях, як вынік з года ў год павялічваецца колькасць выпускнікоў, якія атрымалі дыпломы з адзнакай: летась іх уладальнікаў было 8, сёлета – 10. У педагагічным калектыве вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі маюць 26,2%, другую катэгорыю – 12,6% выкладчыкаў. Сярод інжынерна-тэхнічных работнікаў 75% ва ўзросце да 35 гадоў.



Пераўтварэнні датычацца пашырэння адукацыйных праграм, у прыватнасці павялічыўся прафесійны цыкл прадметаў. У гэтай сувязі, ужо ў статусе ліцэя, наша ўстанова працягвае набор па будаўнічых спецыяльнасцях і спецыяльнасці прадаўца. Таксама пашырыцца сфера дзейнасці па падрыхтоўцы спецыялістаў без адрыву ад вытворчасці – сантэхнікаў, кровельшчыкаў, вадзіцеляў катэгорыі «В».



Да навучальнага года, які вось-вось пачнецца, мы добра падрыхтаваліся, што адзначыла рабочая камісія ўпраўлення адукацыі аблвыканкама. І ў новым статусе  ўстанова будзе працягваць добрыя традыцыі ў навучанні і выхаванні навучэнцаў дзеля падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў масавых прафесій, у першую чаргу для работы на прадпрыемствах нашага раёна.


 


Запісала Клаўдзія БОСАК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *