На шляху падзей і выпрабаванняў


Да…
У 1875 г. на тэрыторыі, якая ўваходзіць у сучасны Хойніцкі раён, пачалося будаўніцтва магістральнага канала Віць. На працягу наступных 10 гадоў экспедыцыя генерала Жылінскага пабудавала канал даўжынёй 60 км і шырынёй 8- 10 м, акрамя таго ён меў больш за 80 км разгалінаванняў. Канал выкарыстоўвалі для сплаву лесу.
Наяўнасць значных лясных масіваў абумовіла прамысловую распрацоўку лесу і яго прадуктаў на лесапільных, смалакурных прадпрыемствах і дзягцярнях. У канцы 19 – пачатку 20 стагоддзя ў наваколлі Хойнік было некалькі смалакурных прадпрыемстваў, лесапільны завод на станцыі Хойнікі, лесапільна-бандарны на станцыі Аўраамаўская. У Хойніках працаваў жалезаперапрацоўчы завод, 2 вадзяныя млыны, вінакурны завод, 2 спіртзаводы. У мястэчку было 26 крам, у 1906 г. насельніцтва яго склала 2685 чалавек (1250 мужчын і 1435 жанчын), з іх праваслаўных – 299, католікаў – 717, іудзеяў – 1668 чалавек. У 1909 г. у мястэчку было 338 сем’яў, 2891 жыхар. У 1913 г. у Хойніках праводзіліся кірмашы – 2 лютага, на Сёмуху, 1 кастрычніка, і кожны раз пасля гэтых кірмашоў яшчэ па адным кірмашы ў 2 наступныя тыдні. У 1911-13 гг. са станцыі Хойнікі было вывезена 65 тысяч пудоў збожжа.



Да Кастрычніцкай рэвалюцыі на тэрыторыі сучаснага Хойніцкага раёна не было ніводнай сярэдняй навучальнай установы, калі не лічыць 2-класнае настаўніцкае вучылішча ў в. Бабчын. Існавалі толькі школы, якія давалі пачатковую адукацыю: народныя вучылішчы, царкоўна-прыходскія школы і школы пісьменнасці.
У 1863 г. былі адкрыты народныя вучылішчы ў Хойніках, у в. Пагоннае, у 1865 г. у в. Загалле, у 1866 г. у в. Вялікі Бор. Размяшчаліся яны ў грамадскіх дамах. У 1879 г. у Хойніцкім народным вучылішчы вучыліся 34 хлопчыкі і 3 дзяўчынкі (у 1884-85 гг.  55 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі, у 1906-07 гг. 109 хлопчыкаў і 31 дзяўчынка), у Паганянскім – 26 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі, у Велікаборскім – 15 хлопчыкаў і 4 дзяўчынкі. Вучылішчы ўтрымліваліся за кошт дзяржавы і часткова за кошт сялянскай грамады. Настаўнік атрымліваў у сярэднім 150 рублёў за год.
Нездавальняючы быў і стан медыцынскага абслугоўвання. Не хапала лячэбніц, аптэк, медыцынскага персаналу. На ўсю Хойніцкую воласць у 1907 г. існаваў адзін урачэбны ўчастак і 2 урачы – I.М. Сляднёў і Б.З. Ашаровіч-Дварэцкая. Нізкі санітарны стан вёсак садзейнічаў распаўсюджванню інфекцыйных захворванняў.


…і ў час рэвалюцыі


Далёкая глыбінка поўнай мерай пераносіла цяжар сусветнай вайны, гаспадарчую разруху. Гэта выклікала ўсё большую незадаволенасць у грамадстве. Жыхары з напружанай увагай услухоўваліся ў рэха падзей, якія адбываліся ў цэнтрах краіны.
У гэты час Хойніцкая воласць уваходзіла ў Рэчыцкі павет, усе падзеі, якія адбываліся ў Рэчыцы, былі непарыўна звязаны і з Хойнікамі. Тым больш, што недалёка праходзіла лінія фронту з немцамі. І таму многія прымаемыя на месцы рашэнні былі звязаны з патрэбамі фронту.
У Рэчыцкім павеце савецкая ўлада была абвешчана 12 лістапада 1917 года. Хойніцкі валасны рэўкам узначаліў Ц.С. Назаранка. Першым старшынёй выканкама стаў М. Куратнік.



Нягледзячы на супраціўленне, да канца 1917 года на Хойнікшчыне ўся панская зямля і жывёла былі перададзены сялянам.
У лютым 1918 года Хойнікшчына была акупіравана кайзераўскімі войскамі.
Пасля вызвалення ў вёсках былі створаны камітэты беднаты, якія сталі апорай бальшавікоў на сяле.
У 1919 годзе, паводле рашэнняў новай улады, на базе былых панскіх маёнткаў ствараліся саўгасы. Увесну таго ж года на Хойнікшчыне былі створаны саўгасы «Судкова» і «Стралічава». У Рудакове на базе панскай гаспадаркі быў створаны аднайменны саўгас. Першынцам калгаснага руху ў раёне з’яўляецца сельгасарцель «Труд» у вёсцы Езапоў.
З лістапада 1920 года на Хойнікшчыне была ўсталявана сталая савецкая ўлада. З 1921 года хайнічане перайшлі да амаль забытага мірнага жыцця. Самым буйным прадпрыемствам быў прыватны млын Барыса Фактаровіча.



У 1921 годзе Хойніцкая пошта з прыватных рук перайшла да дзяржавы.
На базе былых панскіх лесапільняў у 1922 годзе былі створаны на станцыі «Хойнікі» лесазавод «Адраджэнне» і на станцыі Аўраамаўская – лесазавод «Краснаборскі». Ствараліся арцелі па прафесіях. Самай вялікай з іх была шавецкая. Доўгі час існавала арцель па рамонту сельскагаспадарчых прылад.
На пачатку вуліцы Савецкай размяшчаўся гандлёвы цэнтр: крамы, мануфактуры, галантарэі і гатовай вопраткі, абутковы аддзел і крамка гаспадарчых тавараў. Насупраць – крама папяровых тавараў і кнігарня. Мелася невялікая швейная вытворчасць. У Хойніках адкрыліся чатыры пачатковыя школы: дзве беларускія, польская і яўрэйская.


 


101 дзень нараджэння
1 студзеня сёлета самая старэйшая хайнічанка Аксіння Фёдараўна Кудака адзначыла свой сто першы дзень нараджэння. Праўда, цяпер яе крыху падводзяць слых і памяць, ды і недарэчны пералом шыйкі бядра паклаў у ложак, аднак яркія моманты свайго жыцця доўгажыхарка апісвае так, быццам яны адбыліся толькі ўчора. А між тым, Аксіння Фёдараўна з’яўляецца сведкам тых падзей, якія перажыла наша краіна, і аб якіх цяперашняе падрастаючае пакаленне даведваецца толькі па кнігах і кінафільмах.
Памятае, як шасцігадовай дзяўчынкай разам з бацькам наведвала панскі маёнтак, назірала, як жанчыны сярпом зжыналі жыта, а мужчыны цэпам малацілі яго. У сваёй сям’і яна была малодшай з дзвюх сясцёр. Працаваць пачала з самага дзяцінства. Умела і карову падаіць, і парадак у хаце навесці. Толькі вось у школе павучыцца не давялося, аб чым сёння вельмі шкадуе.



Аб многіх падзеях, якія прыйшліся на дзяцінства, у тым ліку і аб Кастрычніцкай рэвалюцыі, жанчына расказаць мала што можа. Затое ў яе памяці добра адклаліся трыццатыя гады, калі сустрэла свайго суджанага, Мікалая, з якім пайшла пад вянец.  Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны нарадзіла яна трох сыноў, у 1943 годзе – дачку Аляксандру, якая цяпер даглядае маці. Муж быў мабілізаваны ў дзеючую армію, з вайны ён не вярнуўся.
Сама вырасціла чатырох дзяцей, на жаль, аднаго з сыноў ужо няма на гэтым свеце, дачакалася 9 унукаў, 16 праўнукаў і 5 прапраўнукаў.
І ўсё жыццё працавала – у калгаснай брыгадзе і на прысядзібным участку. Нават  у паважаным узросце з раніцы да вечара клапацілася па дому. Сама высаджвала градкі, разводзіла кветкі, даглядала курэй. Менавіта працу Аксіння Фёдараўна лічыць сакрэтам доўгажыхарства.
Свой расказ яна закончыла словамі: «Я, напэўна, столькі доўга жыву, што ніколі не бачыла пустога дня, а ў старасці акружана любоўю і клопатам родных людзей».


Ішла вайна народная
На шосты дзень вайна дакацілася да межаў Палескай вобласці. Пачалася эвакуацыя. Вялася актыўная падрыхтоўка  для работы ў тыле ворага і разгортванні партызанскага руху на захопленых тэрыторыях.
На тэрыторыі Хойніцкага раёна ў амелькаўшчанскіх лясах размяшчаліся гомельскі гарадскі  партызанскі атрад «Бальшавік», рэчыцкі атрад імя Варашылава, лоеўскі атрад «За Радзіму». Для хойніцкіх партызан атрады Гомельскай зоны былі сапраўднай баявой школай. 
У кастрычніку 1943 пачалася карная аперацыя немцаў «Хубертус», задачай было знішчэнне партызанскіх атрадаў і насельніцтва ўздоўж чыгунак Васілевічы – Рэчыца і Васілевічы – Хойнікі. Карнікі дасягнулі ўскраіны вёсак Амелькаўшчына, Дубровіца, Маладуша і пачалі аперацыю. Аднак, нягледзячы на падмацаванні, акупанты панеслі вялікія страты і адступілі.



Кавалерысты, якія вызвалялі ў лістападзе 1943 г. наш раён, у Хойнікі ўвайшлі з боку Паселіч. Амаль адначасова з боку Небытава ў Хойнікі ўвайшоў партызанскі атрад імя Суворава. 
А пасля быў мітынг на Базарнай плошчы, дзе сабраліся ўсе жыхары Хойнік.
Гэты дзень стаў Днём вызвалення раёна.



Загінулі ў Афганістане
Сямёра жыхароў Хойнікшчыны загінулі пры выкананні службовага абавязку ў Афганістане. Іх імёны назаўсёды застануцца ў гісторыі: Ігар Анісенка, Васіль Заяц, Сяргей Кузякін, Фёдар Найдзенка, Аляксандр Пінчук, Валерый Рудзянок, Алег Смольскі.
Усе нашы героі-землякі пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, а Аляксандр Пінчук – двойчы. Але ці лягчэй ад гэтага на сэрцы іх маці, жонак, сясцёр, бацькоў і братоў? Памяць, абпаленая Афганістанам, назаўсёды захавае блізкія сэрцу вобразу.
Ушаноўчаючы памяць загінуўшых, у мікрараёне «Юбілейны» ўстанавілі помнік воінам-інтэрнацыяналістам, на кожнай стэле якога выбіта імя салдата, не вярнуўшагася з бою…



Чорная быль
Раніца 26 красавіка 1986 года. Узарваўся чацвёрты рэактар Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Ніхто яшчэ тады не зразумеў, што мірны атам, вырваўшыся на волю, прынёс незлічоныя беды.
Катастрофа на ЧАЭС горкаю бядою ўварвалася ў наладжанае жыццё хайнічан. Чорным крылом апусцілася  яна, падзяліўшы наша жыццё на два перыяды: дачарнобыльскі і паслячарнобыльскі.



Найбуйнейшая ў свеце тэхнагенная катастрофа ХХ стагоддзя крута змяніла лёсы, уклад жыцця, унесла карэктывы ў далейшае развіццё Хойніцкага раёна.
З раёна было эвакуіравана і адселена больш за 20 тысяч чалавек. Колькасць насельніцтва скарацілася практычна ўдвая (у 1986 годзе пражывала 45,9 тысячы чалавек). Спынілі сваё існаванне 49 населеных пунктаў з 99, не стала 6 сельскіх Саветаў, ліквідаваны 5 будаўнічых арганізацый, 7 сельгаспрадпрыемстваў, кор-мазавод «Майдан».
Зачынена 10 школ, 20 устаноў медыцыны і культуры. З-за забруджанасці значнай колькасцю радыенуклідаў выведзены з карыстання 88 тыс. га зямлі, у тым ліку сельгасугоддзяў 34 тыс. га. Праведзена пераспецыялізацыя шэрагу прадпрыемстваў.



Але нягледзячы на панесеныя страты, ужо больш за 26 гадоў горад і раён працягваюць жыць, працаваць, развівацца.
У памяць аб выселеных з-за катастрофы вёсках у горадзе ўстаноўлены помнік Смутку.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *