Аб сакрэтах поспеху Лісцвінскай фермы

Сельское хозяйство Экономика

 

Лісцвінская малочнатаварная ферма ў аператыўных зводках райсельгасхарчу пазначана як Лісцвінскі ДМБ – даільна-малочны блок. А вось для працуючых тут 20 чалавек звычней усё ж ранейшая назва – Лісцвінская МТФ. Мяркую, што такая назва больш універсальная і яна бліжэй да ісціны, улічваючы той факт, што тут утрымліваецца не толькі дойны статак, але і цяляты ўсіх узростаў, і сухастойныя каровы. Зрэшты, па вялікім рахунку, эфектыўнасць дзейнасці любога вытворчага падраздзялення вызначаецца не яго статутам альбо назвай, а канкрэтнымі паказчыкамі яго работы.
Калі гаварыць аб выніках работы Лісцвінскай фермы, то на працягу года яны стабільна застаюцца ў ліку лепшых у раёне. Вось канкрэтныя лічбы па стану на 21 верасня.
Валавы надой у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года ўзрос на 824 кілаграмы: з 3966 кг у 2017 г. да 4790 кг у 2018 г. (121 %). Надой ад каровы вырас на 1,1 кг: з 11,6 кг да 12,7 кг. Па рэалізацыі малака мінулагодні паказчык перавышаны на 856 кг: 2017 г., па стану на 21верасня рэалізавана 3640 т, 2018 г. – 4496 т, рост – на 124%.
Уражвае, ці не праўда? Аб сакрэтах поспеху прашу расказать загадчыцу фермы Розу Рафікаўну Амельчанка: «Ніякага асаблівага сакрэту ў нас няма. Стараемся строга прытрымлівацца патрабаванняў сучасных тэхналогій утрымлівання, кармлення і даення кароў. На бяспрывязным утрыманні ў нас 378 галоў дойнага статку. Доім малакаправодам з дапамогай даільнай устаноўкі «Ёлачка». Усе тры дойкі пачынаем у адзін і той жа час: ранішнюю ў 5.00, абедзенную – у 13.00 і вячэрнюю – ў 21.00.
Рацыён кармлення жывёлы ўтрымлівае ўсе неабходныя для яе пажыўныя рэчывы і мікраэлементы. У гэтыя дні пачалі даваць свежы кукурузны сілас, да якога дадаем люцэрну, сена, камбікорм і салому.
Кожны дзень практыкуем прагулкі кароў з усіх секцый (яны ў нас, як і належыць, рассартаваны па фізіялагічнаму стану) даўжынёй да 30 хвілін. Яны аказваюць станоўчы, добратворны ўплыў на арганізм жывёлы.
Яшчэ адным станоўчым фактарам лічу спраўнасць, чысціню і парадак, у якім утрымліваецца ўсё тэхналагічнае абсталяванне. За гэтым сочым асабліва пільна і ўважліва, а забяспечваюць неабходную гігіену даільнага абсталявання нашы аператары машыннага даення А.Ф. Шалкунова, Н.М. Куліш, М.Д. Вежнавец і Т.М. Цімоня. За спраўнасцю і бездакорнай работай абсталявання ў нас сочаць А.А. Якавенка і У.І. Лукашэнка. Абодва яны з’яўляюцца дастаткова кваліфікаванымі і ўмелымі майстрамі сваёй справы.
Зрэшты, такімі я лічу ўсіх, хто складае наш невялікі, але дружны калектыў. Кожны ведае свае абавязкі, кожны імкнецца іх старанна выконваць.
Выдатна працуюць і абедзьве нашы цялятніцы. На іх папячэнні 247 цялят, самых маленькіх даглядае С.А. Саланенка, а старэйшых – Т.В. Камеш.
Асабліва адзначу работу памочніка загадчыка фермы Андрэя Яўгенавіча Марчанкі. Ён – мой сапраўдны, а не толькі па пасадзе, памочнік ва ўсіх справах па ферме.
Часам мне прыемна назіраць за тым, як людзі прыходзяць на ферму і як кожны адразу прыступае да сваёй работы. Нікога не трэба асабліва настройваць і падганяць, нікому не патрэбны вожкі альбо палка – усе яны разумеюць, што разам працуюць на агульны вынік. Такая добразычлівая і таварыская атмасфера ў калектыве дадаткова мабілізуе людзей, дадае іх рабоце неабходны творчы імпульс».
Дадам ад сябе некалькі слоў да партрэту самой загадчыцы фермы Р.Р. Амельчанка. У КСУП «Веляцін» працуе з 2002 года. Знешне яна – чалавек нетаропкі, грунтоўны, скупы на словы і рухі. Але нават старонняму чалавеку бачна, якім высокім аўтарытэтам Роза Рафікаўна карыстаецца ў падначаленых. І гэты факт – яшчэ адзін, вельмі важкі, са складаемых агульнага поспеху калектыву.

Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Вікторыі МАРОЗ.