Паважаючы іншых, паважаеш сябе

Дэпутаты за работай

Пытанні працаўладкавання, камунальнай сферы, чалавечых узаемаадносін сталі асноўнай тэмай вераснёўскага дня дэпутата.
Наконт працаўладкавання звярнуўшамуся рассказалі пра вакансіі, якія ёсць у цэнтры занятасці, а таксама аб магчымасці атрымання субсідыі пад адкрыццё ўласнай справы. Звяртацца неабходна да спецыялістаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
Да камунальнай службы звярнуліся жыхаркі вул. Качаткова і Дабравольскай – пад час дажджу іх падвор’і затаплівае вадой. А прычына ўсяму – зарослыя травой сцёкавыя канавы і забітыя каменнем і зямлёй трубы паабапал дарогі. Па магчымасці жанчыны самастойна час ад часу ачышчалі канавы, каб не стаяла вада ў дварах, аднак хутка і гэта перастала дапамагаць. Камунальшчыкі паабяцалі аператыўна вырашыць пытанне (як-ніяк прагназуюць дажджы).
Дарэчы, гэтыя неабыякавыя да сваёй вуліцы жынчыны пастаянна збіраюць смецце на пустыры, які застаўся пасля зносу магазіна. «Несвядомыя грамадзяне чаго толькі ў тую траву не зносяць, – скардзіліся жанчыны, – не паважаюць ні сябе, ні іншых. Камунальшчыкі смецце вывозяць адпаведна графіку, да іх зяўваг няма. А іншыя смецяць тут безупынна, нібы калі ў траве, то і кідаць можна».
Паскардзіліся жыхары дома № 3 па вул. Тургенева на «венецыю» каля іх дома: сцякаць вадзе няма куды, таму на дарозе ўтвараюцца вялізныя лужыны, радасць ад якіх хіба што дзецям, іншым ж ні прайсці, ні праехаць.
Па вул. Дабравольскага пустуе домаўладанне, гаспадар якога памёр, а нашчадак ніяк за домам не даглядае, пустазелле там па пояс, ды і агульны выгляд не цешыць вока. Хаця даглядаць за сваёй спадчынай – абавязак кожнага, а калі сіл няма і жадання на гэта – тады прадавай ці адмаўляйся ад дома на карысць дзяржаве.
З працоўным калектывам тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сустрэлася інфармацыйна-прапагандысцкая група райсавета депутатаў. Старшыня райсавета Г.В. Бондар праінфармавала аб сацыяльна-эканамічным стане раёна, фарміраванні бюджэту. Закранулі тэму садзейнічання занятасці насельніцтва: магчымасці заняцца рамеснай дзейнасцю і агратурызмам, ствараць рабочыя месцы без рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў, атрымання субсідыі і інш.
Прадстаўнікі РАУС і РАНС нагадалі аб неабходнасці весці здаровы лад жыцця, каб не пападаць ні да міліцыянераў, ні да пажарных – большасць злачынстваў і пажараў адбываецца як раз тады, калі чалавек знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення. Намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Т.У. Хаванская заклікала сацыяльных работнікаў нагадваць іх падапечным аб неабходнасці ўжываць лекі не ад выпадку да выпадку, а так як доктар прапісаў.
Дырэктар КЖУП «Хойніцкі камунальнік» С.У. Несцярэнка праінфармаваў аб даўжніках за жыллёва-камунальныя паслугі і рабоце, якую з імі праводзяць работнікі «Камунальніка»: выканаўчыя надпісы, адключэнне камунальных паслуг, высяленне па рашэнні суда (зараз у судзе знаходзяцца яшчэ тры іскі на высяленне).

Вольга БЕЛАШ.
Фота аўтара.