Юбілей, які заўсёды з намі


Здзейснілася. Ярка і маляўніча, дорачы магутны зарад энергіі і незабыўных уражанняў, адгрымела галоўнае свята Хойнік.  Наш любімы горад дастойна і ўрачыста, на радасць усім жыхарам адзначыў свой 500-ы Дзень нараджэння. Праграма мерапрыемстваў аказалася такой насычанай, што наўрад ці каму з хайнічан удалося пабываць скрозь і ўсюды. Канешне, у двух словах пра юбілей не раскажаш, але адным ахарактарызаваць можна – незабыўным!  Чырвонай ніткай праходзіць гэтае слова праз бліц-інтэрв’ю гасцей свята.



Д.М. Дземічаў, былы першы сакратар Хойніцкага РК КПБ, г. Мінск:
– Так склалася, што многіх з нас жыццё раскідала па розных гарадах і весях Беларусі. Але мы ніколі не рвалі сваіх каранёў. Кожнаму з нас бясконца дарагая наша малая радзіма, зямля нашых продкаў.
 І мы заўсёды з велізарнай радасцю і трапятаннем у сэрцы прыязджаем на Хойнікшчыну. Як і цяпер – у дзень юбілею нашага роднага горада. А яшчэ была добрая нагода сустрэцца з тымі, з кім працаваў і жыў побач.



М.П. Супрун, дырэктар абласнога лесагаспадарчага аб’яднання, г. Гомель:
– Усё, чым знакамітыя Хойнікі, – гэта заслуга многіх пакаленняў нашых землякоў: працоўных дынастый, адоранай моладзі, таленавітых педагогаў і медыкаў, прадстаўнікоў іншых прафесій.
У Хойніках плённа працуе і калектыў лясгаса, які ўваходзіць у састаў нашага аб’яднання. Тут жыве прыгажосць ва ўсе часы года, асабліва гэта заўважылі ўсе ў 500-ы Дзень нараджэння Хойнік. А добры настрой ад свята, думаю, у яго ўдзельнікаў і гасцей  застанецца надоўга.



А.І. Обухаў, былы старшыня Хойніцкага райвыканкама, Ганаровы жыхар Хойніцкага раёна, г. Мінск:
– Здаецца, зусім нядаўна ад’язджаў з Хойнік на другое месца працы. А колькі добрых перамен адбылося ў Хойніках!
 Такія яны чыстыя і прыгожыя, тут жывуць ветлівыя і працавітыя людзі, для якіх 25 жніўня было днём не толькі святочным, а ўрачыстасцю, якое сваёй непадзельнай цеплынёй і шчырасцю зблізіла тысячы сэрцаў, напаўняючы іх гордасцю і любоўю да роднага краю.



Лілія Зайцава, г. Назарэт, Ізраіль.
–  Я нарадзілася ў Хойніках, але так склалася, што апошнія два дзесяцігоддзі не была на Радзіме. Непакоілася аб тым, што зараз, у час сусветнага крызісу пабачу заклапочаныя і хмурыя твары хайнічан. Але як жа я памылялася! Канчаткова пераканалася ў тым, што такіх людзей, як на Хойнікшчыне – добрых, гасцінных і шчырых у сваіх пачуццях, з адкрытай душой і чулым сэрцам,–  больш няма нідзе ў свеце! Гэта – галоўнае ўражанне ад свята, якое было арганізавана на вышэйшым узроўні.



Аляксандр Усаў, г. Сургут, Расія.
– Мяне таксама не пакінула раўнадушным новае аблічча горада. Асабліва спадабаліся гарадскі парк, стадыён і музей. 500-годдзе майго роднага горада запомніцца на ўсё жыццё. Кранула і расчуліла сустрэча з маімі сябрамі і калегамі з ансамбля «Юнакі Палесся», якая зноў даказала: мы як былі, так і засталіся адзіным цэлым.
А яшчэ задаволены тым, што ўдосталь наеўся хойніцкіх яблыкаў і памідораў – смачных, духмяных, «жывых», без усялякай хіміі!



Дзякуем за дапамогу
Юбілей адсвяткавалі ўдала дзякуючы фінансавай і матэрыяльнай дапамозе многіх людзей і арганізацый, якім па заканчэнні святкавання неабходна выказаць падзяку.
Многа намаганняў было прыкладзена ў час правядзення на тэрыторыі горада і раёна суботнікаў у чэрвені і ліпені.
На добрачынны рахунак райвыканкама для святкавання 500-годдзя  горада было пералічана 11 млн 150 тысяч рублёў. Дапамогу аказалі ТДА «Пірамсервіс», ТДА «Хойнікі-Маркет», індывідуальны прадпрымальнік І.Р. Сніцарэнка (г. Гомель), Л.В. Казлова (г. Гомель), Цэнтр падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі, Хойніцкая раённая арганізацыя РГА «Белая Русь», жыхары: Т.С. Альпяровіч, Д.І. Міхед, Г.М. Смальцар, А.І. Чырун (Хойнікі), Т.А. Васільева (Шваякова), А.Ф. Жаўняк, Р.А. Шпакоўскі, Т.Ф. Шпакоўская, М.І. Ціток, К.М. Шваякова (Смалевічы), Г.І. Пінчук (Жлобін), М.В. Нікіценка (Верхнядзвінск), М.М. Чахлоў (Гомель), Е.І. Момат (Дзяржынск), С.П. Назаранка (Узда), Н.В. Віннік і Л.М. Ванідоўская (Марчанка) (Мінск), А.В. Керус (в. Лебедзева), А.А. Гапоненка і В.В. Барысенка (Маладзечна).
Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод аплаціў вячэрняе выступленне арт-цэнтра «Капуста».
Ураджэнец раёна, які зараз пражывае ў Маскве, стаў спонсарам святочнага феерверка.
Таксама дзякуючы дапамозе ўраджэнцаў горада, якія працуюць у Гомельскім аблвыканкаме, выраблена друкаваная прадукцыя, банеры, расцяжкі, прысвечаныя 500-годдзю г Хойнікі.
Спонсарскую дапамогу да святкавання аказаў і індывідуальны прадпрымальнік нашага горада А. Ібрагімаў.



Прагулка над горадам
Каля 280 чалавек у святочны дзень выказалі жаданне ўбачыць родны горад з вышыні птушынага палёту.  Амаль 50 разоў пілоты «МІ-2» уздымалі верталёт у неба, кружачы над горадам да таго часу, пакуль не сцямнела. І хаця 5 хвілін палёту каштавалі значную суму, ад жадаючых не было адбою.



Прымеркавана да свята
* Юбілейны знак да 500-годдзя горада з лічбамі і гербам устаноўлены на кальцавой развязцы па вул. Калесніка. Выраблены ён на мясцовым рамонтным заводзе.
* Адноўлены фантан каля гандлёвага  цэнтра «Европа»  збірае вакол сябе хайнічан.
* Менавіта ў святочны дзень адкрыўся магазін бытавой тэхнікі «ТехноМир», які знаходзіцца каля гарадскога парку. 



Матэрыялы падрыхтавалі Вольга Белаш і Віктар Назаранка.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *