Прадпісанні выдаюцца, а пытанні застаюцца


Як сведчыць народная мудрасць, чыста не там, дзе не смецяць, а там, дзе прыбіраюць. Аднак доўгі час не даходзілі рукі да таго, каб навесці належны парадак на вытворчых і прылягаючых плошчах у кіраўніцтва і абслугоўвага персаналу Забалацкай малочнатаварнай фермы ААТ “Хойніцкі Аграсервіс”. Праверка яе санітарнага стану была праведзена яшчэ ў сярэдзіне красавіка і выявіла мноства парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства, за што і было выпісана адпаведнае прадпісанне з пералікам усіх неабходных для навядзення належнай чысціні работ і ўказаннем тэрмінаў іх выканання.

У дажджлівы мінулы аўторак рэйдавая група зноў наведала Забалацкую МТФ для таго, каб праверыць, што зроблена тут па выкананню прадпісання. Калектыў фермы ў гэты час займаўся перавозкай жывёлы ў кашары, размешчаныя непадалёку ад вёскі Будаўнік. Таму загадчыка МТФ А.А. Харошку давялося шукаць на месцы пашавага ўтрымання.

Дарэчы, значныя плошчы ляснога масіву паміж заводам гідраапаратуры і былой прамбазай МПМК-116 уздоўж дарогі на Будаўнік засмечаны як бытавымі, так і будаўнічымі адходамі, за што адпаведнае прадпісанне па іх уборцы накіравана дырэктару ДЛГУ “Хойніцкі лясгас” Д.К. Гарбаруку.

Што датычыць тэрыторыі Забалацкай МТФ, то трэба прызнаць, што на сённяшні дзень тут многае зроблена па ліквідацыі выяўленых недахопаў. Але пытанні па-ранейшаму застаюцца. Так, хаця і бачна, што капітальна вычышчаны і месцамі падрамантаваны кашары, аднак на іх нямала абрыўкаў вяровак і поліэтыленавай плёнкі, іншага друзу. А гэта сведчыць аб тым, што ўборка тэрыторыі тут мае разавы, а не сістэмны характар. Пацвярджаюць гэтае меркаванне і сляды, што засталіся ад пікніка невядомай кампаніі (шкляныя і ПЭТ-бутэлькі, рознакаляровыя абрыўкі ўпаковак харчовых прадуктаў, акуркі і запалкі) непадалёку ад агароджы фермы з боку дарогі Хойнікі – Партызанская і якія, па словах загадчыка МТФ А.А. Харошкі, узніклі тут зусім нядаўна. 

Не агароджаны воданапорная вежа і будынак артэзіянскай свідравіны. Праўда, гэта ўжо не ў кампетэнцыі загадчыка МТФ, бо ў “Аграсервісе” ёсць іншая службовая асоба, адказная за пытанні водакарыстання.

Вяроўкамі, плёнкай і іншым смеццем забруджана і тэрыторыя малочнатаварнай фермы ў Куравым, якая належыць агракамбінату “Віць” і якая ў цэлым выглядае куды больш недагледжанай, чым сённяшняя Забалацкая МТФ. Характэрна, што быццам помнік, ужо каторы дзень нерухома стаіць на ўскрайку вёскі магутны бульдозер ЧТЗ.   

Многае, але не ўсё зроблена па навядзенню чысціні і парадку на тэрыторыі Казялужскага сельскага Савета. Самыя сумныя ўражанні пакідае вёска Паташня, асабліва калі бачыш пакінутыя гаспадарамі, здзічэлыя і пазарастаўшыя хмызняковымі джунглямі домаўладанні, у якіх жыхары бліжэйшых населеных дамоў стварылі ўжо не адну смеццязвалку.

Дарэчы, толькі збочыўшы з трасы Хойнікі – Мазыр у бок Паташні, адразу натыкаешся на своеасаблівы сімвал гэтай вёскі: у чыстым полі сіратліва ўзвышаецца гара з карчоў, якія былі звезены сюды рабочымі КСУП “Судкова” пасля работ па вырубцы сухіх дрэў з мясцовага сада, ды так і засталіся чарнець у полі, быццам нейкая абстрактная скульптурная кампазіцыя ў стылі арт-мадэрн…


І. ДУБІНКА,   начальнік раённай інспекцыі па прыродных рэсурсах і ахове навакольнага асяроддзя; 
В. НАЗАРАНКА, супрацоўнік “ЛС”.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *