Праца, усім неабходная


Няхай мы не заўсёды заўважаем гэтых людзей, не ведаем іх прозвішчы і да чысціні вакол нас адносімся як да належнага, але кожную раніцу чуем, што яны  выйшлі на работу – гэты размераны гук мятлы або метадычныя скрабкі па снегу не зблытаеш ні з чым.



Гэтыя людзі – дворнікі па прафесіі, якая не патрабуе спецыяльнай адукацыі і кваліфікацыі, дворнікам можа стаць кожны жадаючы. Але ў той жа час прафесія дворніка вельмі важная,  якасць яго працы вызначае аблічча двара, вуліцы, нашага горада ў цэлым. Дворнік здольны стварыць непаўторны, добраўпарадкаваны выгляд падведамаснай яму тэрыторыі. Як Алена Леанідаўна Кускова, якая працуе дворнікам у ЖЭУ КЖУП «Хойніцкі камунальнік» пяты год і лічыцца тут на добрым рахунку.



Гэта пра яе сказала майстар ЖЭУ Л.І. Малеева:
 – Асноўныя якасці Алены Леанідаўны – працавітасць, адказнасць і пунктуальнасць. Менавіта яны вызначаюць паспяховасць яе працы. А добразычлівасць і камунікабельнасць з’яўляюцца дадатковымі якасцямі, бо працуе яна на адной тэрыторыі і рэгулярна сустракаецца з адной групай людзей на працягу працяглага часу.
А.Л. Кускова  нарадзілася і вырасла ў нашым горадзе. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 3 вучылася ў Касцюкоўскім прафтэхвучылішчы на майстра кветкавода-дэкаратара, затым працавала па спецыяльнасці ў камунальнай службе. Абставіны склаліся так, што давялося перайсці на работу на торфабрыкетны завод, тут атрымала кватэру і 20 гадоў працавала вартаўніком.



У гэтай кватэры па вуліцы Юбілейнай жыве разам з мужам  Мікалаем Мікалаевічам, рабочым завода жалезабетонных вырабаў. У КЖУП «Хойніцкі камунальнік» працуе сын Алены Уладзіміраўны Аляксандр, з нявесткай Аняй падарылі двух унукаў – Міхаілу зараз тры гады, а Глебу  годзік споўніўся.



Зарплата Алены «чыстымі» выходзіць у месяц 1,2-1,3 млн. рублёў. Спецадзенне атрымлівае адзін раз у год, куртка належыць адзін раз у тры гады. Рабочы касцюм на зіму і лета (штаны, пінжак, жылет, абутак) – асобны гардэроб. Пальчаткі гумавыя і баваўняныя выдаюцца  адзін раз у месяц, ручнік – па два ў год, мыла гаспадарчае – штомесячна.
Рабочы інвентар дворніка – гэта рыдлёўка, венік, скрабок для снегу і вядро (адзін раз у год).



І рэжым рабочага дня адметны: летам пачынае працу ў 6 гадзін раніцы, з 10.00 да 14.00 – абед, і зноў праца з 14.00 да 17.00.
– Работа нялёгкая, – адзначае Алена Леанідаўна. – Рыдлёўка цяжкая, ды і рукі стамляюцца, спіна баліць. Радасць зімой, калі снегу мала. Ды і лістапад работы прыбаўляе. Але ж ёсць і задавальненне, якое атрымліваю ад працы на свежым паветры.
Работа дворніка патрабуе адказнасці і творчага падыходу, бо часта ён не толькі ўбірае смецце, але і займаецца рассадкай кветак, сочыць за дзіцячай пляцоўкай, займаецца афарбоўкай бардзюраў, пад’ездаў і г.д. З усімі ўскладзенымі абавязкамі Алена Леанідаўна Кускова спраўляецца на выдатна.


 


Клаўдзія БОСАК.
 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *