Дзеля развіцця спартыўнай індустрыі

Спорт

11 верасня  на базе трох раёнаў – Хойніцкага, Брагінскага і Лоеўскага прайшоў абласны семінар на тэму «Практычная дзейнасць аддзелаў фізічнай культуры, спорту і турызму выканаўчых камітэтаў Гомельскай вобласці ў сучасных умовах» з удзелам намеснікаў старшынь райвыканкамаў, спецыялістаў упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама і адпаведных аддзелаў  райвыканкамаў.  Семінар праходзіў як серыя мерапрыемстваў: паездкі па раёнах, экскурсіі на асобныя аб’екты спорту і турызму, пленарнае пасяджэнне.



У нашым раёне адбылося  наведванне аб’ектаў турызму ? Дома паляўнічага ДЛГУ «Хойніцкі лясгас» у в. Дубровіца, гасцініцы «Журавінка», а таксама ДЮСШ аддзела ФКСіТ райвыканкама, у Брагінскім раёне – гасцініцы і спартыўнай школы, у Лоеўскім – аграгарадка Пярэдзелка і турыстычнага цэнтра  «Гарант».
На пленарным пасяджэнні ў Лоеве абмеркаваны важнейшыя напрамкі развіцця  фізічнай культуры, спорту і турызму ў Гомельскай вобласці. Адным з важных пытанняў, якое было ў цэнтры ўвагі пасяджэння, з’явілася бяспека выхаванцаў спартыўных школ.  Намеснік начальніка ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызма аблвыканкама В.М. Шаўчэнка параіў калегам узяць на ўзбраенне вопыт Хойніцкай ДЮСШ аддзела ФКСіТ, дзе вядзецца строгі кантроль за наведваннем установы: пры ўваходзе ў школу ў спецыяльным журнале занатоўваюцца звесткі наведвальніка і час прыходу. Такім чынам выключаецца магчымасць трапляння сюды пабочных асоб і выпадкаў непажаданых здарэнняў.



Зацікаўлена абмяркоўваліся пытанні развіцця спартыўнай індустрыі, аказання платных паслуг насельніцтву, арганізацыі фізкультурна-масавых мерапрыемстваў. І ў гэтым сэнсе прыводзіліся ў прыклад аб’екты Хойніцкага раёна, у прыватнасці, Дом паляўнічага – па аказанню турыстычных паслуг і ДЮСШ – па наяўнасці спартыўнай базы, што ў вялікай меры спрыяе арганізацыі спартыўных мерапрыемстваў рознага рангу.
У рабоце семінара прыняў удзел і выступіў начальнік філіяла Нацыянальнага  агенцтва па турызму С.С. Вашкевіч.


Алеся ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *