Верым у зорны шлях


Адкрыты, прыветлівы, з добрым пачуццём гумару, заўсёды абаяльнай усмешкай… Здаецца, ён ніколі не бывае ў дрэнным настроі і сваім бязмежным пазітывам заражае ўсіх. У яго многа сяброў, добрых знаёмых, бо ён нібы наймацнейшым магнітам цягне да сябе. А песні ў яго выкананні, складваецца ўражанне, слухаў бы і слухаў бясконца. Адзін з сённяшніх герояў газетнай старонкі – АНДРЭЙ СЦЕШЭЦ.



«Колькі сябе памятаю – столькі спяваю, – усміхаецца Андрэй. – Яшчэ калі наведваў дзіцячы садок, пачаў уяўляць сябе артыстам, вельмі падабалася, калі мне апладзіравалі».
Ішоў час, Андрэй паступіў вучыцца ў дзіцячую музычную школу, папоўніў свой песенны рэпертуар, амаль ні адно раённае культурнае мерапрыемства не абыходзілася без яго ўдзелу. Знаходжанне юнака на сцэне заўсёды было феерычным, выдатныя вакальныя здольнасці, харызма нікога не пакідалі раўнадушным – ён «узрываў» публіку.
Пачынаў свой музычны шлях юны выканаўца з навучання ігры на баяне, але зразумеў, што яго справа – спевы. І перайшоў вучыцца на вакальнае аддзяленне ДШМ.
«З гэтым вучнем мне пашанцавала: працавіты, стара-нны, мэтанакіраваны, нават, мне здаецца, не па гадах разумны, і самае галоўнае – прыемны і просты ў зносінах, – расказвае пра свайго выхаванца выкладчык А.Р. Сушко. – Я ўпэўнены, што многага ў жыцці даб’ецца, прынамсі, ён гэтага заслугоўвае».



Андрэй прымае ўдзел у шматлікіх абласных і рэгіянальных конкурсах і фестывалях: «Зорная карусель», «Разам з песняй», «Песні нашых бацькоў», «Берагіня», «Чарнобыльскі шлях – дарога жыцця» і інш. І ніколі не вяртаецца з іх без узнагарод  і прызнання гледачоў. Да таго ж, неаднаразова малады спявак прадстаўляў на суд журы і слухачоў уласныя музычныя творы.



У яго ўсё атрымліваецца добра: спяваць і танцаваць, чытаць вершы і прымяраць ролю вядучага. Яго артыстызм сапраўды зачароўвае, бярэ ў палон. Андрэй гэта адчувае, яму хочацца яшчэ больш радаваць сваіх гледачоў, сваіх фанатаў (яны ў яго ўжо ёсць!).  На дасягнутым Андрэй спыняцца не будзе, павышаць сваё песеннае майстэрства прадоўжыць у музычным каледжы імя Сакалоўскага ў горадзе Гомелі. Трэба адзначыць, што ён сёлета атрымаў вышэйшую адзнаку на ўступным экзамене, а гэта чарговае прызнанне яго таленту. Вучыцца Андрэй будзе на аддзяленні акадэмічных спеваў.
Мы радуемся поспеху Андрэя і ганарымся тым, што ён наш – хойніцкі – і верым, што яго шлях будзе зорным. І аднойчы ён вернецца з доўгай творчай вандроўкі дамоў, каб выступіць са сваім сольным канцэртам. І зноў, як і цяпер, захвалююцца нашы сэрцы, калі мы пачуем:
«Для вас спявае Андрэй Сцешэц!»



Л. КРАЎЧАНКА, мастацкі кіраўнік ГЦКіС «Меліяратар».       



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *