Часу засталося мала, а работ выканаць патрэбна многа

Добраўпарадкаванне

Даведзеныя ў межах месячніка мерапрыемствы павінны быць выкананы. Аб гэтым ішла размова пры абмеркаванні вынікаў двух тыдняў. Аднак некаторыя арганізацыі да работ не прыступалі.
На 24 верасня не ўзяліся за справу ў КСУП «Імя І.П. Мележа». А зрабіць там неабходна многа: і трава па пояс, і звалкі ў складскіх памяшканнях, і іншыя задачы.
У сельскіх населеных пунктах асноўны ўпор зроблены ў тым ліку і на навядзенне парадку на могілках, за кожнымі з якіх рашэннем райвыканкама замацаваны арганізацыі, прадпрыемствы і ўстановы. На гэты час не наводзяць парадак работнікі ДТСААФ, Белдзяржстраху.
Да асноўнага аб’ёму работ не дайшлі ў КСУП «Аравічы»: зараснікі не ўбраны, пустуючыя домаўладанні таксама не абкашваюцца, 6 год стаіць патрабуючы зносу згарэўшы дом.
ПМС патрэбна прыступіць да вырубкі кустоўя на месцы возера ў Храпкаве, якое высахла. Пашырыць аб’ём работ і паскорыць тэмп іх выканання патрэбна райспажыўтаварыству.
Псаваць тое, што зроблена, мы, на жаль, умеем з большай ахвотай, чым наводзіць парадак. Аб гэтым сведчаць вынікі рэйдаў мабільных груп у працоўныя калектывы, зоны адпачынку ў месцах агульнага карыстання і на прыродзе, дзіцячыя пляцоўкі, несанкцыяніраваныя смеццязвалкі, запушчаныя пад’езды і «танцуючыя» агароджы каля прыватных дамоў… Таму зараз як раз час навесці парадак.

Вольга БЕЛАШ.
Фота прадастаўлена сельвыканкамамі.