Сакрэт яе поспехаў

Людзі і лёсы

На Храпкаўскай малочнатаварнай ферме Іна Мікалаеўна Сінгаеўская працуе з лістапада мінулага года. Але жывёлагадоўчыя навыкі, атрыманыя яшчэ ў дзяцінстве ад бацькоў, якія заўсёды трымалі сваю карову, засталіся на ўсё астатняе жыццё. Таму і не дзіўна, што ў працоўны калектыў фермы яна ўвайшла на правах чалавека, для якога работа жывёлавода не з’яўлялася тайнай за сям’ю пячаткамі.



Далейшы час паказаў, што працаваць дзяўчына ўмее, яе паказчыкі работы паступова і трывала занялі месца сярод лепшых на ферме даярак. І не толькі на асобна ўзятай Храпкаўскай МТФ, але і ва ўсім раёне. У працоўным спаборніцтве маладых аператараў машыннага даення кароў І.М. Сінгаеўская чатыры разы ў гэтым годзе ўваходзіла ў спіс лепшых. Вось і па выніках работы за 8 месяцаў года Іна Мікалаеўна займае другое месца, за перыяд з пачатку года і па канец жніўня надаіўшы па 3050 кілаграмаў малака ад кожнай каровы сваёй групы.



На гэтай ферме я пабываў у час дзённага даення,  і першай, каго сустрэў, была загадчыца Храпкаўскай МТФ Н.В. Навіцкая. Яна расказала аб тым, што дойны статак у гэтым жывёлагадоўчым падраздзяленні складае 180 галоў, якіх абслугоўваюць чацвёра аператараў машыннага даення і адна падменная даярка. Ёю, дарэчы, з’яўляецца родная сястра Іны Сінгаеўскай.



Што датычыць самой гераіні майго расказу, то Надзея Васільеўна характарызуе яе як чалавека адказнага і сумленнага, якому можна смела даручыць любую справу.
– Сваю зарплату Іна Мікалаеўна зарабляе нястомнай штодзённай працай, надойваючы малака больш за іншых. Таму і вышэй у яе лічбы ў зарплатнай ведамасці. А яшчэ важна, што ўсе каровы ў яе групе (а ўсіх іх 48 – амаль 5 дзесяткаў рагатых галоў) выглядаюць здаровымі і дагледжанымі, а месца, дзе яны ўтрымліваюцца, заўсёды акуратна вычышчана і пасыпана пілавіннем. Адным словам, адразу заўважаеш, што чалавек, які тут працуе, усё робіць па сумленню.



Пасля размовы з загадчыцай фермы запытаўся ў Іны Мікалаеўны, што, на яе погляд, трэба зрабіць для таго, каб і каровы добра даіліся, і зарплаты людзей не крыўдзілі.
– Напэўна, адна з галоўных умоў для дасягнення добрых вынікаў у жывёлагадоўлі – гэта забяспечанасць жывёлы кармамі. І не проста кармамі, а высакаякаснымі і збалансаванымі па рацыёну. Акрамя таго, кожная жывёліна любіць ласку і дабрыню. Я, напрыклад, ніколі не злуюся на сваіх каровак, хаця паладзіць з кожнай з іх таксама няпроста, бо жывёла ёсць жывёла, і кожная з іх мае свой нораў.



У гэтых словах І.М. Сінгаеўскай, а таксама ў яе працавітым і добразычлівым характары, напэўна, і крыецца сакрэт яе працоўных поспехаў, а таксама таго аўтарытэту, якім яна карыстаецца ў калектыве. Зрэшты, і яна сама вельмі высока цэніць мікраклімат, які склаўся на гэтай ферме.
– Абавязкова адзначце, што калектыў у нас падабраўся дружны і здольны на вырашэнне многіх задач. Кожны сумленна выконвае сваю справу, кожны дапаможа таварышу, калі гэта спатрэбіцца. А ў такой атмасферы і справы заўсёды спорацца.
 Цалкам згаджаюся з гэтай думкай.


 


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *