Цвярозы дзень, азмрочаны малюнкамі непарадку

Законнасць і парадак

 Мабільная група райвыканкама працягвае барацьбу з п’янствам на працоўных месцах і ўзмацняе кантроль за выкананнем патрабаванняў па ахове працы. У сярэдзіне верасня яе члены –  начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама В.М. Савельева, галоўны інжынер па ахове працы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама  І.П. Грыгаровіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК В.В. Харошка, участковы міліцыянер А.Р. Міхаленка – пабывалі ў рэйдзе па сельгаспрадпрыемствах раёна.



Каля сямі гадзін раніцы група прыбыла на МТФ «Карчовае» ААТ «Хойніцкі Аграсервіс» з мэтай выяўлення спазніўшыхся на работу або прыйшоўшых у нецвярозым стане. «Лоўля» парушальнікаў працоўнага распарадку і аматараў спіртнога парадавала сваёй безвыніковасцю – усе работнікі аказаліся дысцыплінаванымі. А вось умовы адпачынку расчаравалі. У нездавальняючым стане знаходзіцца вагончык, выдзелены пад бытавое памяшканне. Рамонт у ім праведзены, але ўмовы для знаходжання там работнікаў не створаны. Зараз на МТФ вядзецца рэканструкцыя. Трэба адзначыць, што ў час праверкі будаўнічыя работы, на якіх задзейнічаны работнікі гаспадаркі і спецыялісты з Украіны, кіпелі поўным ходам. Маштабнасць і якасць перабудовы відавочныя.



Наступным маршрутам стала запраўка КСУП «Судкова» ў вёсцы Казялужжа. Тут членамі мабільнай групы вялася праверка афармлення пуцявых лістоў. Уразіла доўгая машынная чарга на запраўку палівам. Яно і зразумела, тут абслугоўваецца больш за 70 чалавек – вадзіцелі, механізатары КСУП «Судкова», у склад якога цяпер уваходзіць  былы агракамбінат «Віць». Уявіце, колькі часу трэба затраціць, каб папоўніць паліўны бак, калі больш чым на сем дзесяткаў машын прыходзіцца дзве калонкі! І колькі часу на працу застаецца?



Непрыемныя ўражанні пакінуў візіт мабільнай групы на МТФ «Казялужжа». Патрабуюць рамонту памяшканні для ўтрымання дойнага статка, асабліва ў небяспечным стане знаходзяцца дахі. На ўваходзе адсутнічаюць дзверы.  Як   кажуць, заходзь, бяры, што хочаш. Але самі работнікі пракаменціравалі гэты факт мінулай спякотай, маўляў, калі будуць стаяць дзверы, не будзе чым дыхаць. Напэўна, яшчэ надыход восені не заўважылі. Дык гэта ж не аргумент для незакрывання на замок дзяржаўнай уласнасці. У надзвычай дрэнным стане знаходзіцца і прылягаючая тэрыторыя.
Не адрозніваюцца па чысціні працоўных месц ад калег і работнікі Кліўской малочнатаварнай фермы – вакол смецце і бруд. Пераапрануцца нават няма дзе, бо ў раздзявалцы сапраўдны пагром – раскіданыя мяшкі з будаўнічымі матэрыяламі і, напэўна кімсьці назапашаныя, мяхі са збожжам. А сваю вопратку рабочыя вешаюць дзе прыдзецца, нават у памяшканні для кароў.



Шакіруе тое, што п’юць на рабочых месцах і нават не турбуюцца ўбіраць за сабой бутэлькі з-пад спіртнога.
Былі нараканні наконт навядзення, хаця, дакладней сказаць, ненавядзення парадку і на тэрыторыі Храпкаўскай фермы КСУП «Аравічы. Але калі на папярэдніх дзвюх фермах крытыка была паўсюднай, то тут недахопы штучныя, якія, трэба спадзявацца, хутка ліквідуюць. Члены групы станоўча ацанілі афармленне памяшкання для пераапранання  даярак, трэба толькі драўляную столь пафарбаваць.



Дробныя парушэнні былі за-фіксаваны і на мехдвары КСУП «Аравічы», але ў цэлым яго можна ставіць у прыклад астатнім гаспадаркам для пераймання: парадак на тэрыторыі, новыя, правільна аформленыя інфармацыйныя стэнды і, што рэдкасць, працуе душавая. Толькі двор псуе выстаўка рэтра-аўтамабіляў, якія ўжо не эксплуатуюцца. Магчыма можна іх спісаць і здаць як металалом. Ва ўсякім выпадку – ім не месца на самым бачным месцы мехдвара.



Нядрэнныя бытавыя ўмовы створаны на Судкоўскай МТФ: пакой адпачынку, раздзявалка, памяшканне з пральнай машынай, душавая, якая працуе, але патрабуе капітальнага рамонту. У час праверкі крытычных заўваг было нямнога, чаго не скажаш пра мехдвор на цэнтральнай сядзібе «Судкова».  Каб пракаменціраваць антысанітарыю, якую давялося тут убачыць, нават словы цяжка знайсці. Усяго пералічыць проста немагчыма. Аб гаспадаранні на тэрыторыі нават размовы няма.



 Што датычыць агульных парад, то на ўсіх МТФ трэба размясціць шыльды з назвай гаспадаркі і фермы і аформіць належным чынам інфармацыйныя стэнды.
Праверку на «Алкатэсце» вытрымалі ўсе працуючыя. Выбарачна іспыт на цвярозасць праходзілі работнікі ўсіх правераных гаспадарак – на экране пастаянна выяўлялася лічба 0,00%. Аднак цвярозы дзень быў азмрочаны малюнкамі непарадку.


Наталля Чэкан.  



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *