Пра шчасце Васіля і Васіліны Жолуд

Людзі і лёсы

Хойніцкая вёска Каранёўка, стаўшая прататыпам мележаўскіх Куранёў, дзякуючы нашаму земляку І.П. Мележу праславілася на ўсю Беларусь і за яе межамі. З «Палескай хронікі» яе ведаюць  як астравок, акружаны з усіх бакоў вадой, дзе жылі каларытныя жыхары-палешукі – людзі на балоце.


Сёння шлях да Каранёўкі ляжыць праз тую самую грэблю, аб якой пісаў Іван Паўлавіч і аб якой калісьці марылі мясцовыя жыхары. Каля дарогі стаіць славутая ігруша, дзе Мележ назначаў спатканні закаханым Васілю і Ганне. Словам, усё тут сімвалічнае, да дрыжання ў сэрцы блізкае. І развеяць куранёўскую настальгію можа, бадай, толькі цішыня, пануючая ў вёсцы. Да аварыі на ЧАЭС тут было каля 50 двароў, цяпер толькі 5. Сённяшнія жыхары вёскі – пажылыя людзі, у якіх, дарэчы, шмат падабенстваў з мележаўскімі героямі.



У першай хаце на ўездзе ў Каранёўку жыве сям’я цудоўных спалучэнняў: залатыя рукі, крынічная шчырасць мужа і душэўная шчодрасць, гаспадарлівасць жонкі. Але, напэўна, самае цікавае спалучэнне іх імёнаў – Васіль і Васіліна.



Каханне каранёўскіх Васіля Васільевіча і Васіліны Аляксееўны Жолуд склалася вельмі шчасліва, у адрозненне ад куранёўскіх  Васіля і Ганны і доўжыцца ўжо 64 гады,  не за гарамі жалезнае вяселле.Сапраўды іх адносіны дужыя, сталёвыя, якія нішто не змагло разбурыць, у іх жалезнае ўсё – каханне, шлюб, воля, адданасць.
Васіліна была першай прыгажуняй на вёсцы, вострай наязык дзяўчынай, расла з мачыхай і бацькам. Васіль – дужы, паважны, працавіты юнак – адно заглядзенне. Запала яму прыгажуня Васіліна ў душу, пачаў праяўляць да яе сімпатыю. Было яму 17 гадоў,  на тры гады менш,  чым заваёўніцы яго сэрца. Васіліна адказала ўзаемнасцю. Калі наступіла паўналецце хлопца, згулялі вяселле.



Маладыя спачатку жылі са свякроўю. На хлеб зараблялі самастойна: працавалі ў калгасе. Васіль, закончыўшы на «выдатна» вячэрнюю школу ў Глінішчы, працаваў брыгадзірам. А потым 25 працоўных гадоў аддаў лясной гаспадарцы – быў лесніком.
Пры сумесным жыцці каханне Васіля і Васіліны Жолуд яшчэ больш расквітнела і дало свае плады. Стварылі дружную сям’ю, якраз з сямі «Я»: бацькоў і пяцярых дзяцей. Усмешлівыя і пяшчотныя крывінкі канчаткова замацавалі саюз двух сэрцаў, надалі сямейнаму жыццю большы сэнс. Яны вырасцілі іх у непаўторнай атмасферы любві, разумення і добразычлівасці, паставілі на ногі.



Старэйшы сын Іван жыве на Украіне, малодшы Сяргей – у Калодзішчах Мінскай вобласці, Ліда, Юля і Вася жывуць у сталіцы Беларусі. Яны з задавальненнем, нібы птушаняты, вяртаюцца ў роднае гняздо. Збіраюцца разам за шчодра накрытым маці сталом з яе фірменнымі пачастункамі, віншуюць бацькоў з усімі святамі, прыязджаюць дапамагчы па гаспадарцы, на агародзе. Радавое дрэва сям’і Жолуд паступова павялічваецца, пускаючы новыя галіны, у іх ужо 7 унукаў і 8 праўнукаў. Васіль Васільевіч і Васіліна Аляксееўна перыядычна выбіраюцца да іх у госці. Сёлета адразу дзве цудоўныя нагоды былі – вяселлі ўнука і ўнучкі.
Дзеці хочуць забраць бацькоў з Каранёўкі жыць да сябе, у горад, але яны, звязаныя трывалымі душэўнымі ніцямі з роднымі мясцінамі, не могуць пакінуць іх, так і кажуць: «І паміраць тут будзем».



Нягледзячы на аднастайныя каранёўскія будні і тое, што ўжо не збіраюцца мясцовыя жыхары на вячоркі, як у былыя часы, дзе  шылі ды пралі, Васіль і Васіліна знаходзяць занятак, ніколі не сумуюць і не сядзяць на месцы. І што адметна, усюды разам: у грыбы і чарніцы ездзяць, па гаспадарцы спраўляюцца, ды і ўвечары да суседзяў завітаюць або да сябе запросяць. Удзячная сям’я Жолуд за ўвагу з боку арганізацый, дзе яны раней працавалі. Васіль Васільевіч са шчырымі ўражаннямі ўспамінае, як два гады назад у лясгасе адбыўся сход ветэранаў і па яго нават прыязджалі машынай, запрасілі на святочную праграму і частавалі ў кафэ. Ён лічыць, што такая памяць аб былых работніках дарагога каштуе.



Сям’я Жолуд увесь час карысталася павагай у аднавяскоўцаў. «Яны заўсёды прыходзяць на дапамогу ў складаныя хвіліны», – адзначаюць суседзі Л.М. Шаўчэнка і М.Т. Паўленка.
Васіль і Васіліна лічаць, што сакрэт іх доўгага шлюбу – гэта давер і павага адзін да аднаго, што з’яўляецца падмуркам сапраўдных адносін.
Яны такія шчаслівыя, маладыя душой, што нават не заўважаеш маршчынкі, якія ўпрыгожваюць іх светлыя твары. Гэта маршчынкі шчасця.



Вікторыя МАРОЗ, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.   





Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *