Адбылося ў Велеціне і на вуліцы Малішаўскай

Законнасць і парадак

ДВА ЎГОНЫ АДНОЙ МАШЫНЫ



Адрасам здзяйснення двух злачынстваў, аб якіх пойдзе размова ніжэй, стаў аграгарадок Веляцін. Не Чыкага, канешне, але задумацца варта. Такім чынам, суботнім і спякотным днём 21 ліпеня ў адным з домаўладанняў гэтага населенага пункта весела, са спіртным і закуссю, бавіла час кампанія з трох не па-фінску гарачых мясцовых мужчын. І тут аднаму з гасцей тэрмінова спатрэбілася пракатацца ў Пудакоў. Хаця гаспадар дома не даваў згоды на карыстанне ўласным «Фальксвагенам», зухаватыя госці ўсё ж накіраваліся на гэтай аўтамашыне ў суседнюю вёску. Ды вось бяда, зачыхала раптам, а потым і заглохла наогул нямецкая іншамарка. Так, з ключамі, і пакінулі яе ў Пудакове фактычныя ўгоншчыкі.



У той жа час рабочы КСУП «Веляцін», назавем яго П., святкаваць суботу пачаў ад самага ранку, за што ў стане ап’янення і адправілі яго з рабочага месца. Менавіта ён і натыкнуўся на пакінуты аўтамабіль. Спроба завесці яго стала ўдалай, а адразу ўзросшая пад уплывам алкаголю шырыня яго душы прывяла да таго, што ўявіў сябе грамадзянін П. не інакш, як Міхаэлем Шумахерам з «Формулы-1» – стрымгалоў пачаў насіцца па вуліцах Велеціна, аб чым і паведамілі ўстрывожаныя вяскоўцы ў аператыўна-дзяжурную часць Хойніцкага РАУС.



Калі «гоншчыка» затрымалі, то высветлілася, што «птушка» гэтая ў крымінальным сэнсе адметная. Грамадзянін П. раней быў неаднаразова судзімы, а 3 красавіка сёлета рашэннем суда Хойніцкага раёна ён ужо быў пазбаўлены права кіраваць любымі транспартнымі сродкамі таксама за знаходжанне за рулём у стане алкагольнага ап’янення. Цяпер аматару п’яных гонак зноў давядзецца сесці на цвёрдую лаву падсудных і адказваць адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: за ўгон, ваджэнне ў нецвярозым стане і невыкананне прыгавору суда.
Дарэчы, крымінальная справа была заведзена і аб’яднана са справай П. па першаму факту ўгона «Фальксвагена», калі машына апынулася ў Пудакове. Гэтыя злачынствы раскрыў старшы следчы Хойніцкага раённага аддзела Следчага камітэта М.Я. Заяц.



ЗАКЛІНІЛА…
Моцна ўдарыў хмель і ў галаву аднаго з жыхароў райцэнтра цёплым вераснёўскім днём. Настолькі моцна, бо потым прызнаўся ён, што не памятаў, што тварыў. А паарудаваў грамадзянін А. у тым жа Велеціне нямала: адабраў у непаўналетняй дзяўчыны веласіпед, а потым пагражаў нажом і забойствам спачатку адной жыхарцы аграгарадка, а потым і другой – у старожцы на мехдвары КСУП «Веляцін». Там, з нажом у руках, і затрымалі яго члены следча-аператыўнай групы РАУС В.А. Котчанка, В.В. Каток і Я.В. Уласенка.
Артыкулы  Крымінальнага кодэкса, па якіх раней не судзімаму буяну будуць прад’яўлены абвінавачванні, прадугледжваюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 2 да 6 гадоў.



НЕ ПАПЛЫЛА ЛОДКА…
Людзі, якія разбіраюцца ў рыбнай лоўлі, ведаюць, што з лодкі лавіць намнога эфектыўней, чым з берага. Ведаў гэта і яшчэ адзін хайнічанін, які ўкраў гумавую надзіманую лодку з падвор’я жыхара вуліцы Малішаўскай райцэнтра. Але не давялося рыбалову з крымінальным ухілам парыбачыць з украдзенай лодкі: у той жа дзень 4 кастрычніка злачынства раскрылі супрацоўнікі раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь  і старшы оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку РАУС А.П. Лушч.
Вінаватаму ў здзяйсненні гэтага злачынства «свеціць» пазбаўленне волі тэрмінам да 3 гадоў.


 


Д. СЛЕСАРЭНКА, намеснік начальніка Хойніцкага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.  


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *