Дырэктар Хойніцкай фабрыкі мастацкіх вырабаў Васілій Уладзіміравіч Мігай: «80 год для фабрыкі – узрост сталасці»

Экономика

У канцы верасня Хойніцкая фабрыка мастацкіх вырабаў адзначыла 80-гадовы юбілей з дня свайго заснавання. Усё пачыналася з арцелі пад назвай «Чырвонае Палессе», а сваю цяперашнюю прамысловую назву – фабрыка мастацкіх вырабаў, яна атрымала ў 1960 годзе. 

Сёння гэта прадпрыемства дынамічна развіваецца, актыўна шукае новыя рынкі збыту ўласнай прадукцыі, пашыраючы яе асартымент і якасць. Пры гэтым на прадпрыемстве беражліва захоўваюць лепшыя традыцыі беларускіх народных промыслаў, закладзеныя прадстаўнікамі папярэдніх пакаленняў.

Слова дырэктару Васілію Уладзіміравічу МІГАЮ.
– Наша прадпрыемства ўваходзіць у структуру дзяржаўнага вытворча-гандлёвага аб’яднання (ДВГА) «Белмастацпромыслы» і напрамую падпарадкоўваецца Упраўленню справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Так склалася, што ў верасні гэтага года мы адзначылі падвоенае свята: 80 год фабрыцы і 25 гадоў з дня заснавання нашага галаўнога прадпрыемства – «Белмастацпромыслы». З гэтага выпадку 27 верасня мы на фабрыцы правялі ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае дзвюм гэтым падзеям. Яно атрымалася па-дамашняму цёплым і ўтульным: успомнілі нашых ветэранаў, былыя гады, дыпломамі і граматамі ад кіраўніцтва фабрыкі пад апладысменты прысутных ушанавалі лепшых работнікаў. Удзячнасцямі Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь заахвочаны Т.А. Лешчанок і В.В. Іванюценка. Ганаровыя граматы ад ДВГА «Белмастацпромыслы» атрымалі М.І. Цукерман, І.Д. Карпенка і Р.М. Шкут.
Адным словам, дамоў людзі разыходзіліся з добрым настроем і салодкімі падарункамі – кожны на памяць аб гэтай сустрэчы атрымаў апетытны торт і пачак чаю. Сціпла, але кранаюча і запамінальна. Лічу, што такія мерапрыемствы патрэбны ў любыя часы і ў любой эканоміцы, няхай то дзяржаўнай, планавай альбо рынкавай: яны яднаюць людзей, спрыяюць стварэнню належнага мікраклімату ў калектыве і таму асабліва патрэбны ўсім нам у коле паўсядзённых праблем і клопатаў.
Што ж датычыць самой юбілейнай лічбы, то адзначу, што для прамысловага прадпрыемства 8 дзесяцігоддзяў – узрост сталасці, пацвярджэнне яго жыццяздольнасці, што і дэманструюць сёння вынікі нашай работы.
Так, за 8 месяцаў 2018 года мы забяспечылі выкананне ўсіх даведзеных задач і дасягнулі неабходных эканамічных паказчыкаў. І па аб’ёму вытворчасці прадукцыі (рост да адпаведнага перыяду мінулага году – 113,8%), і па прадукцыйнасці працы (124,4%), і па выручцы ад продажу тавараў і паслуг (114,2%) атрымалі ўстойлівы рост. Канешне, гэта заслуга ўсяго калектыву, і ўсё тое, што мы сёння маем, дасягнута дзякуючы нястомнай, творчай і бездакорнай працы нашых людзей.
Наша прадпрыемства ўнікальнае тым, што сярод 12 калектываў, якія ўваходзяць у аб’яднанне «Белмастацпромыслы», толькі мы знаходзімся ў невялікім райцэнтры. Астатнія ж прадстаўляюць абласныя цэнтры і гарады абласнога падпарадкавання. Зразумела, што ў іх большы эканамічны патэнцыял, як кадравы, так і тэхнічны, і тэхналагічны. Раней аналагічных прадпрыемстваў у малых гарадах было болей, але ўсе яны з бегам часу не вытрымалі жорсткай канкурэнцыі і патрабаванняў рынку, і толькі наша прадпрыемства сёння застаецца на плыву.
Лічу, што гэты факт можна аднесці да шэрагу тых, якімі можна ганарыцца. Нам не толькі ўдалося захаваць працоўны калектыў, але і разлічыцца з даўгамі, што накапіліся за папярэднія і неспрыяльныя гады. А адсутнасць запазычанасцей разнявольвае калектыў, дае магчымасці свабоднай працы, будавання эфектыўнай уласнай стратэгіі і тактыкі вядзення эканамічнай дзейнасці. Мы знайшлі і трывала захоўваем сёння сваю нішу на ўнутраным рынку вытворцаў прадукцыі народных промыслаў. У нас склалася сваё кола эканамічных партнёраў, сувязямі з якімі мы вельмі даражым і ў адносінах з якімі імкнемся цвёрда прытрымлівацца дасягнутых дамоўленасцей. Каб не быць галаслоўным, патлумачу на прыкладах.
Што датычыць паставак сыравіны (у прыватнасці – тканіны), то ў ходзе маркетынгавых даследаванняў і вывучэння рынку, а таксама метадам уласных проб і памылак мы пераканаліся ў тым, што няма больш надзейных пастаўшчыкоў тканіны, чым нашы беларускія прадпрыемствы – адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Магатэкс» і «Камволь», а таксама рэспубліканскае ўнітарнае вытворча-гандлёвае прадпрыемства «Аршанскі льнокамбінат». Нас задавальняе якасць іх прадукцыі, а таксама той факт, што яны заўсёды застаюцца вернымі дагаворам і дамоўленасцям. А ад дабра, як вядома, дабра не шукаюць.
Выдатныя адносіны склаліся ў нашай фабрыкі мастацкіх вырабаў з прадпрыемствамі Міністэрства лясной гаспадаркі. Калектыў фабрыкі працуе з большасцю беларускіх лясгасаў, шые для іх форменнае абмундзіраванне і рабочае адзенне. Лясгасы своечасова і ў поўным аб’ёме разлічваюцца за атрыманую прадукцыю, нават часта робяць гэта па папярэдняй аплаце. А гэта дазваляе не толькі аператыўна папаўняць абаротныя сродкі, але і эфектыўна імі распараджацца. З такімі эканамічнымі партнёрамі і працаваць люба-дорага.
Акрамя форменнага абмундзіравання і рабочага адзення, добра разыходзяцца і нашы іншыя вырабы, над паляпшэннем якасці якіх мы пастаянна працуем. Напрыклад, добра рэалізуюцца падарачныя сумкі з саломкі з беларускімі лагатыпамі, а нанесці на іх мы можам любы малюнак па жаданню заказчыка. Традыцыйна карыстаюцца высокім попытам іншыя сувеніры і вырабы з мастацкай саломкі, сталовая і пасцельная бялізна, вырабы мастацкай вышыўкі, адзенне. Гэта – вынік нашай мэтанакіраванай работы па павышэнню якасці нашай прадукцыі, а гэта немагчыма без павышэння прадукцыйнасці працы і атрымання большай дабаўнай вартасці. Тут мы бачым наш асноўны эканамічны рэзерв і маем планы далейшай мадэрнізацыі вытворчасці
У гэтай сувязі нельга не ўспомніць добрым словам і наша галаўное прадпрыемства ДВГА «Белмастацпромыслы», без дапамогі якога нам няпроста давялося б у выкананні папярэдніх мерапрыемстваў праграмы па мадэрнізацыі вытворчасці.
Удзячны кіраўніцтву Хойніцкага райвыканкама, якое значна дапамагло нам у вырашэнні застарэлай праблемы дэбіторскай запазычанасці перад намі сельгаспрадпрыемстваў раёна.
Заработаныя сродкі ад прыбытку мы ў многім накіравалі на прывядзенне ў парадак вытворчага будынку: за 2017-2018 гг. мы замянілі 85 вокнаў, дзе трэба – падфарбавалі, падтынкавалі і падраманталі сцены, столь і падлогу, навялі парадак у бытавых памяшканнях і «чырвоным вугалку». Сёння будынак фабрыкі выглядае больш дагледжаным і ўтульным як знешне, так і ўнутры. Дарэчы, фабрычная тэрыторыі спецыяльным загадам замацаваны за канкрэтнымі людзьмі, нават ёсць распрацаваныя схемы іх уборкі. Людзі стараюцца, і ў наш двор заўсёды прыемна зайсці: чыста падмецены асфальт, акуратна пабеленыя бардзюры, а навокал – мноства кветак. У гэтым плане асабліва адзначу С.А. Мазур – яна прыносіць з дому насенне кветак і з задавальненнем даглядае за высаджанымі насаджэннямі.
У цэлым жа акуратныя і дагледжаныя тэрыторыі, утульныя вытворчыя памяшканні даюць дадатковы імпульс у настроі людзей на выніковую і плённую работу.
Станоўчы эфект дала нам аптымізацыя сістэмы ацяплення будынку – ад яе зараз адключаны ўсе памяшканні, у якіх мала бываюць людзі: шчытавыя, складскія памяшканні, паменшылі колькасць батарэй на калідорах. У выніку плата за ацяпленне памяшканняў знізілася на 30-40 працэнтаў – адчувальна, ці не праўда?
У многім стрымлівае нашы магчымасці недахоп высокакваліфікаваных, універсальных швачак – гэта галоўная наша вытворчая праблема, вырашыўшы якую мы ў многім зможам нарасціць аб’ёмы выпушчанай прадукцыі і палепшыць яе якасць.
У цэлым жа сёння мы задаволены тым, што ў нас ёсць заказы, у людзей ёсць работа і стабільны гарантаваны зарабатак. Лічу, што наша задача як кіраўніцтва прадпрыемства – забяспечыць калектыў усім гэтым на будучае.

Адным з самых вопытных работнікаў з’яўляецца ў калектыве Наталля Уладзіміраўна Гарбатая. Яе працоўны стаж перасягнуў ужо адзнаку ў тры дзесяцігоддзі, таму і не дзіўна, што майстэрства і ўменняў жанчыне не займаць.
Працуе Наталля Уладзіміраўна на ўчастку па вырабу сувеніраў з саломкі, і нават немагчыма падлічыць, колькі цудоўных і прыгожых вырабаў выйшла з-пад яе ўмелых і працавітых рук. А колькім людзям прынеслі яны задавальненне і захапленне сапраўднай прыгажосцю!
Ала Міхайлаўна Цішкевіч узначальвае ўчастак па выпуску вырабаў з саломкі. Яна з’яўляецца сапраўдным арганізатарам вытворчасці, карыстаецца заслужаным аўтарытэтам у падначаленых і ў кіраўніцтва фабрыкі. І ёсць жа за што: адказнасць, прынцыповасць, глыбокае веданне тэхналогіі, выдатны мастацкі густ – вось тыя рысы характару і прафесійныя якасці, якія ўласцівы гэтаму чалавеку.

Пасада галоўнага бухгалтара на любым прадпрыемстве з’яўляецца адной з самых важных і адказных. У калектыве фабрыкі яе займае Людміла Валер’еўна Кузьменка. Менавіта яна вызначае фінансавую палітыку прадпрыемства і яго магчымасці, у многім дапамагае выпрацоўваць стратэгію і тактыку вытворчасці на будучае. Сапраўдны прафесіянал сваёй справы, свабодна арыентуецца ў мудрагелістым свеце лічб, паказчыкаў.

Вялікая адказнасць ускладзена і на старшага кладаўшчыка склада гатовай прадукцыі Вольгу Пятроўну Камеш. І жартам, і ўсур’ёз яе можна назваць апошняй інстанцыяй якасці: гэтая жанчына ніколі не прапусціць на склад ніводнага бракаванага вырабу. Заўсёды вызначалі і вызначаюць зараз яе такія якасці як прынцыповасць, скурпулёзнасць і патрабавальнасць.

Увесь вытворчы швейны працэс на фабрыцы мастацкіх вырабаў пачынаецца з участка раскрою. Усімі сакрэтамі гэтага няпростага майстэрства валодае Галіна Аркадзьеўна Прыходзька. На прадпрыемстве яна працуе ўжо больш 17 гадоў, а ў рабоце жанчыне добра дапамагаюць не толькі багаты прафесійны вопыт, але і майстэрства, і неабмежаваная творчая фантазія.

Самай вопытнай работніцай у калектыве з’яўляецца Любоў Сцяпанаўна Шаўчэнка. На прадпрыемстве яна працуе ўжо 45 год!
Існуе меркаванне, што з узростам усе рухі ў чалавека запавольваюцца, ён становіцца больш спакойным і марудлівым. Але такая думка яўна не пра Л.С. Шаўчэнка: хуткасці і дакладнасці яе рухаў у рабоце можна толькі па-добраму пазайздросціць. Гэтак жа як і яе майстэрству і якасці яе вырабаў.

Толькі самыя цёплыя словы гавораць на прадпрыемстве ў адрас Марыя Іванаўна Цукерман. І ёсць за што: яна – сапраўдны ўніверсал і з аднолькавым поспехам можа працаваць як вышывальшчыцай, так і швачкай. Марыя Іванаўна – самавучка, але сёння яна адна можа замяніць дваіх спецыялістаў. І нездарма пра гэтую жанчыну кажуць: дзе яна – там якасць і высокая прадукцыйнасць.

Сапраўдным прафесіяналам сваёй справы лічыцца і Таццяна Валер’еўна Дземідзенка – швачка самай высокай кваліфікацыі, а таму да яе вырабаў ніколі не ўзнікаюць прэтэнзіі па якасці, альбо тэрмінах выканання. Яна – сапраўдны нефармальны лідэр, які можа павесці людзей за сабой. Таму і не дзіўна, што менавіта ёй часта даручаюць шэфства над маладымі работніцамі. І з роллю настаўніка Таццяна Валер’еўна спраўляецца на «выдатна»!

Майстар цэху пашыву Наталля Мікалаеўна Лобан – сапраўдны і выдатны арганізатар вытворчасці. Людзей прыцягваюць да сябе яе спакойны і добразычлівы характар, тактоўная і далікатная манера зносін. У калектыве яна выконвае і выхоўваючую функцыю, і тэхналагічную. Акрамя таго, выдатна спраўляецца яна з задачамі па кантролю і ўліку.

Аксана Рыгораўна Гардзейчык – адна з самых маладых работніц на прадпрыемстве. Дзяўчына працавітая, цікаўная, а яе прафесійнае майстэрства расце не па днях, а па гадзінах. Прыемна тое, што яна не саромеецца звярнуцца за дапамогай да больш вопытных таварышаў па рабоце, трывала засвойвае іх парады і падказкі. Таму і прагрэс у яе рабоце відавочны.

Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Вікторыі МАРОЗ.