Дэманстраваць даросласць,выконваючы закон


У маі сёлета былі ўнесены змяненні і дапаўненні ў некаторыя артыкулы Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных првапарушэннях, якія датычаць пытанняў прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх. Аб тым, што трэба ведаць у гэтым сэнсе падлеткам і іх бацькам, растлумачвае намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама  Л.Ю. Чэкан.



– Патрэбнасць у абмежаванні знаходжання падлеткаў ў начны час па-за жыллём наспела даўно. Міліцэйская статыстыка сведчыць, што менавіта ноччу дзеці і падлеткі здзяйсняюць да 40% правапарушэнняў і злачынстваў. Да таго ж, нярэдка і самі падлеткі ў гэты час сутак становяцца ахвярамі злачынных дзеянняў. Вось чаму змяненні ў заканадаўстве ў першую чаргу трэба разглядваць як ахоўную меру дзеля павышэння бяспекі дзяцей і адказнасці бацькоў за гэта.



Цяпер супрацоўнікі РАУС могуць больш эфектыўна ўздзейнічаць на нядбайных бацькоў: сустрэўшы падлетка на вуліцы без суправаджэння дарослага, міліцыянер устанаўлівае яго асобу, звоніць бацькам па тэлефоне і прапаноўвае забраць сваё дзіця на працягу 3 гадзін. Пры гэтым абавязкова састаўляецца адпаведны пратакол. Бацькоў, якія дапусцілі знаходжанне свайго дзіцяці на вуліцы ў начны час без дарослага, чакае пакаранне згодна з заканадаўствам. Ведаючы, што парушэнне можа ўдарыць па кішэні, бацькі задумаюцца аб наступствах, бо для некаторых штраф – адзіная  дзейсная мера.



Часта падлеткі, лічачы сябе дарослымі, уступаюць з бацькамі ў спрэчкі па часу вяртання дамоў. Цяпер для іх прадаставілася магчымасць на справе прадэманстраваць сваю даросласць, выконваючы закон. Але, на жаль, мы ведаем, што не да кожнага можна дастукацца аднымі толькі зменамі ў заканадаўстве. Прадугледжаны і такія сітуацыі, у сувязі з гэтым унесены змяненні ў артыкул 14 Кодэкса: у спецыяльныя вучэбна-выхаваўчыя ўстановы змяшчаюцца падлеткі ва ўзросце ад 11 да 18 гадоў, якія маюць патрэбу ў асаблівых умовах выхавання. Раней гэта можна было зрабіць пры здзяйсненні падлеткам двух правапарушэнняў, за якія двойчы паступаў адказны матэрыял. Цяпер, калі на працягу года падлетак тройчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за наўмыснае нанясенне цялесных пашкоджанняў, дробны крадзёж, хуліганства, наўмыснае пашкоджанне чужой маёмасці, распіццё спіртных і слабаалкагольных напіткаў, здзяйсненне іншых падобных правапарушэнняў, ён па хадайніцтву камісіі па справах непаўналетніх перад судом можа быць накіраваны ў спецыяльную ўстанову. Такі фінал чакае і тых падлеткаў, якія садзяцца за руль аўтамашыны без права кіравання, і тых, хто састаіць на ўліку ў нарколага і тройчы на працягу года трапляў ў поле зроку за ўжыванне спіртных напіткаў. Добрая нагода задумацца аб сваім будучым, перш чым узяць ў рукі куфаль з півам.
Варта спадзявацца, што мае тлумачэнні не застануцца без увагі бацькоў, маючых непаўналетніх дзяцей, і саміх падлеткаў, якія зробяць для сябе правільныя высновы.


 


Запісала Клаўдзія БОСАК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *