Ад Сібіры да Гаваны


Іншым разам, слухаючы расказ аб жыцці таго ці іншага чалавека, міжволі дзіву даешся, якія мудрагелістыя віражы і зусім нечаканыя павароты можа прапанаваць няўрымслівы лёс.



Ці мог, напрыклад, просты хлапчук Грыша Аўдзеенка з вёскі Валокі Хойніцкага раёна – самай-самай палескай глыбінкі, бясконца далёкай у 50-я гады ад прамысловых гігантаў і маякоў індустрыі, уяўляць сабе, што менавіта яму давядзецца будаваць газаправоды ва Ўсходняй Сібіры, узводзіць мартэны і доменныя печы на Валагодчыне і ў далёкай Кемераўскай вобласці? А між тым менавіта так і атрымалася ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Больш таго, працоўны лёс закінуў нашага земляка і зусім ужо на іншы бок Атлантыкі – на братнюю Кубу, якая пасля заваявання незалежнасці толькі-толькі пачынала будаваць сваю прамысловасць.



А пачыналася ўсё тут, у Валоках, дзе ён нарадзіўся і дзе прайшлі яго дзіцячыя гады ў сям’і, у якой акрамя бацькоў былі яшчэ тры сястры. На свой хлеб у той няпросты пасляваенны час юнакі і дзяўчаты пераходзілі рана – жыццё прымушала. Вось і Рыгор закончыўшы у Хойніках 8 класаў першай, «беларускай», як яе тады называлі, школы, накіраваў дакументы на паступленне ў адно з фабрычна-заводскіх вучылішчаў Ленінграда. Там атрымаў спецыяльнасць мантажніка металаканструкцый, а потым і газаэлектразваршчыка.



У 1954 ён праходзіў практыку на будаўніцтве аднаго з буйнейшых у СССР прадпрыемстваў чорнай і каляровай металургіі – Чарапавецкага металургічнага камбіната. А ўжо ў наступным, 1955-ым годзе, пачалася яго самастойная рабочая біяграфія, калі прыступіў да работы ў якасці мантажніка ў трэсце «Сібстальканструкцыі» Кемераўскай вобласці. Горад яго працоўнай маладосці тады называўся Сталінск, цяпер жа мы ведаем яго пад назвай Новакузнецк. Там, у суровых умовах Сібіры, праходзіў Рыгор Аляксеевіч свае першыя рабочыя ўніверсітэты
А лёс усё падкідваў яму магчымасць не па карце, а на ўласныя вочы пераканацца наколькі была «широка страна моя родная». Служыць у арміі Р.А. Аўдзеенку наогул давялося на самым краі свету – ў горадзе Ўладзівастоку.



Адтуль, з Прымор’я, вярнуўся ён пасля дэмабілізацыі на нейкі час дамоў і ў гэтай кароткачасовай пабыўцы паспеў ажаніцца на дзяўчыне, з якой сябраваў з самага дзяцінства і з якой іх сем’і жылі па суседству. Тамара Іванаўна да таго часу паспела закончыць Пінскі ўлікова-крэдытны тэхнікум і працавала ў Хойніцкім аддзяленні Дзяржбанка. Пасля рэгістрацыі шлюбу 4 чэрвеня 1958 года маладая сям’я накіравалася ў Новакузнецк.
Работа Рыгора Аляксеевіча мела характар працяглых камандзіровак: давялося паўдзельнічаць у будаўніцтве Новакузнецкага алюмініевага завода, Чарапавецкага завода ферасплаваў, Нарыльскага медзеплавільнага завода, які зараз з’яўляецца адным з галоўных здабыткаў ва ўласнасці расійскага алігарха.



– Мы ўсёй краінай будавалі, а Дзерыпаска сёння адзін усім распараджаецца, – горка ўсміхаецца ветэран. З асаблівай цеплынёй успамінае Рыгор Аляксеевіч сваіх калег-таварышаў, дружба з якімі прайшла загартоўку суровымі сібірскімі маразамі, качавым ладам жыцця, высокай рызыкай работы.
У 1963 годзе прапанавалі яму папрацаваць у зусім іншых умовах – на востраве Куба. Паманіла рамантыка далёкай зямлі, аб якой чуў толькі па радыё, новыя ўмовы работы, новыя сустрэчы, таму і згадзіўся не раздумваючы. І сёння захоўвае ён успаміны аб цёплым прыёме з боку гаспадароў, павазе і непахісным аўтарытэце, якім карысталіся савецкія спецыялісты на востраве Свабоды. Праўда, і тут надвор’е даймала: калі ў Сібіры дапякалі маразы за 40 градусаў, то тут стаяла спёка з тымі ж тэмпературнымі лічбамі – таксама за 40, толькі з плюсам.



Менавіта пасля камандзіроўкі на Кубу і вырашыў Рыгор Аляксеевіч вярнуцца ў родныя Хойнікі. Тамара Іванаўна не пярэчыла, ды і падрасталі ўжо ў сям’і дочкі Галя і Марына, а ў 1967 годзе нарадзіўся сын Валерый.
Пасля пераезду на радзіму Р.А. Аўдзеенка доўгі час, да самага выхаду на пенсію ў 2004 годзе, працаваў зваршчыкам на аўтарамонтным заводзе. І ў гэтым працоўным калектыве ён зарэкамендаваў сябе высокакваліфікаваным спецыялістам, старанным работнікам, добрым і надзейным таварышам. Яго праца адзначана шматлікімі граматамі і медалямі, а таксама ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені.



Рыгор Аляксеевіч і Тамара Іванаўна Аўдзеенкі жывуць зараз на вуліцы К.Маркса райцэнтра ў той самай двухпакаёвай кватэры, якую ў 1972 годзе ім выдзеліў завод. Даўно выраслі дзеці, сталеюць унукі, нават дачакаліся праўнучкі. А памяць, быццам файлы жывога камп’ютэра, усё захоўвае маляўнічыя сібірскія пейзажы, кубінскае ўзмор’е, мудрагелістыя перапляценні каркасаў металічных канструкцый, якія потым станавіліся новымі доменнымі печамі, мартэнамі і канвертарамі. Гэта – частка яго жыцця, яго біяграфіі, якой можна толькі па-добраму пазайздросціць.



Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *