Перамаглі па статусу

Спорт

Па даўняй і добрай традыцыі Дзень фізічнай культуры і спорту ў нашым раёне быў адзначаны масавымі турнірамі і спаборніцтвамі. А пачалося ўсё з парада 16 каманд-удзельніц на гарадскім стадыёне і ўзняцця пад гукі гімна Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь і афіцыйнага флага Нацыянальнага алімпійскага камітэта нашай краіны. Гэтае ганаровае права было прадастаўлена чэмпіёнам Беларусі сярод юніёраў па цяжкай атлетыцы і барацьбе дзюдо Дзмітрыю Язэпаву і Андрэю Леснікаву.

Удзельнікаў спаборніцтваў, іх настаўнікаў і балельшчыкаў віталі намеснік старшыні райвыканкома В.М. Шаўчэнка і адзін з ветэранаў спартыўнага руху на Хойнікшчыне Ю.М. Гапоненка.

Дарэчы, Юрый Маркавіч быў і ў ліку тых, хто за сваю шматгадовую і актыўную дзейнасць на ніве фізкультуры і спорту атрымаў Падзяку ад раённага выканаўчага камітэта. Акрамя Ю.М. Гапоненкі гэта – Л.Я. Юшчанка, В.В. Бандарэнка і У.П. Бурлачэнка. Гэтак жа былі ацэнены заслугі трэнера Хойніцкай СДЮШАР А. Шпаруна і выкладчыка фізічнага выхавання Судкоўскай СШ У. Сергіенкі.

Дыпломы і каштоўныя падарункі ад аддзела па фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкома атрымалі лепшыя на сённяшні дзень спартсмены раёна.

Потым закіпелі спартыўныя страсці. У першую чаргу гэта датычыла стартаў мнагабор’я з сімвалічнай назвай “Здароўе”. Прадстаўнікі каманд вялі барацьбу ў бегу, стральбе, гімнастычных практыкаваннях і скачках у даўжыню з месца. Залік як сярод мужчын, так і жанчын вёўся па чатырох узроставых катэгорыях.

Па выніках агульнакаманднай барацьбы, у якой суміраваліся ачкі, здабытыя ва ўсіх узростах і ва ўсіх відах, упэўнена першынствавала дружына цэнтральнай раённай бальніцы. Інакш, напэўна, і быць не магло, бо каму ж як не медыкам паказваць людзям прыклад у здаровым ладзе жыцця? Каманда ЦРБ абышла калектывы Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка (другое месца) і ПУП “Палескія сыры” (трэцяе месца). Самы важкі ўклад у перамогу медыкаў унеслі прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва: ва ўсіх узроставых катэгорыях сярод жанчын па суме мнагабор’я першынствавалі ўдзельнікі каманды ЦРБ Марыя Карэльская, Любоў Пархоменка, Аксана Егіазарава і Майя Лобан.

У мужчын аўтарытэт ЦРБ падтрымаў Мікалай Сцешыц, які перамог у мнагабор’і мужчын узростам старэй 50 гадоў. У астатніх узроставых катэгорыях лаўры пераможцаў дасталіся Дзянісу Іванюценку і Аляксандру Добышу (абодва з раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях), Аляксандру Садчанку (ПУП “Палескія сыры”).

Не менш масавымі былі і спаборніцтвы па дартсу, у якіх прынялі ўдзел 75 чалавек. А самымі трапнымі сталі Алег Чэкан, Сяргей Кудрыцкі і Жанна Чарняўская.

У турніры шахматыстаў першынстваваў выкладчык ДПТВ-183 Аляксандр Клімовіч, а другое месца дасталася Уладзіміру Лешчанку. Сярод аматараў шашак мацнейшым стаў Міхаіл Жаўняк з прадпрыемства меліярацыйных сістэм, які апярэдзіў заняўшага другое месца Дзяніса Яновіча з СШ № 1. Цікава, што трэція месцы як у шахматах, так і ў шашках заняў настаўнік Казялужскай СШ Васілій Анісенка.

А яшчэ мінулы Дзень фізкультуры і спорту многім запомніўся акцыяй БРСМ пад назвай “Мяняем цыгарэты на цукеркі”, у ходзе якой курыльшчыкі, што жадаюць пазбавіцца ад гэтай пагубнай звычкі, у абмен на ўласнаручна зламаную цыгарэту маглі атрымаць салодкі цукеркавы ласунак.



М. РАМАНЕНКА, начальнік аддзела па фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкома.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *