На белым караблі ў краіну ведаў

Образование Экономика

Адзін з няпісаных законаў жыцця сцвярджае: хочаш зрабіць як найлепш – зрабі сам. Менавіта такім прынцыпам кіруецца ў сваёй рабоце педагагічны калектыў Стралічаўскай сярэдняй школы імя У.М. Марчанкі. Пераканаліся ў гэтым, калі там пабывалі.
Надвор’е атрымалася як па заказу: цішыня, у празрыстай сіняве нябёсаў – ні ветрыка. Адным словам – «бабіна лета» ва ўсёй сваёй прыгажосці! На фоне пранізліва сіняга неба трохпавярховы будынак школы глядзеўся як сапраўдны асляпляльна белы карабель. Але найбольш усяго здзівіла тое, што, па словах дырэктара школы А.Л. Вяргейчыка, уся гэтая прыгажосць – не вынік працы высокакваліфікаваных прафесійных будаўнікоў, а справа рук настаўнікаў школы.

Аляксандр Вяргейчык

– Давялося папацець нам гэтым летам, – гаворыць Аляксандр Леанідавіч, – затое, згадзіцеся – яно ж таго стоіць!
Пагаджаюся з дырэктарам і ў захапленні ад першага ўражання працягваю гаворку. Высветлілася, што рукі ў мясцовых настаўнікаў-мужчын і сапраўды залатыя – такую прыгажосць стварыць! Дарэчы, шчыра ўдзячны ў калектыве школы кіраўніцтву раённага аддзела адукацыі за своечасова і ў поўным аб’ёме выдзелены металапрофіль.
Мы адзначылі калектыўную працу настаўнікаў-мужчын, але ж, паверце – ні ў чым не ўступаюць калегам і прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва! На кожным паверсе, у кожным класе альбо кабінеце, нарэшце, на кожным кроку сустракаліся мы з арыгінальнымі сувенірамі, незвычайнымі вырабамі, прыгожа аформленымі стэндамі, экспазіцыямі.
Уражвае і чысціня на калідорах, у класах і кабінетах, тое як апетытна і з густам тут аформлены сталовая, прыгожы і арыгінальны інтэр’ер невялікай, але ўтульнай спартыўнай залы.
– Вось толькі актавай залы нам пакуль што не хапае, – расказвае Аляксандр Леанідавіч. – А так шкада – мерапрыемстваў у школе праводзіцца шмат, а вось адпаведнага пакою для іх правядзення няма…
Што датычыць абсталявання, то ёсць тут свой камп’ютэрны класс, але і ў гэтым пытанні дырэктару школы хацелася б большага.
– Эх, нам бы зараз у школу яшчэ хаця б адну інтэрактыўную 3D-панэль замест сённяшніх класных дошак! І для большай нагляднасці не перашкодзіла б, і для больш трывалага засвойвання вучэбнага матэрыялу, – марыць А.Л. Вяргейчык.

Вольга Васюк

Але і без інтэрактыўнай дошкі школе сёння ёсць чым пахваліцца, нездарма ж сюды так часта ездзяць шматлікія дэлегацыі! Асабліва часта тут бываюць госці з краіны Узыходзячага сонца – спадабалася школа японскім настаўнікам і вучням і ўзроўнем выкладання прадметаў, і гасціннасцю настаўнікаў, тэхперсанала, і маленькіх беларусаў. Але больш за ўсё вабіць замежнікаў наш сумны, але багаты вопыт у барацьбе з нябачным ворагам – радыяцыяй. Нават прафесараў і акадэмікаў уражвае той факт, як умела і прафесійна ўпраўляюцца з мудрагелістымі прыборамі і абсталяваннем дзеці, дакладна вызначаючы забруджанасць прадуктаў харчавання на ўтрыманне радыенуклідаў. Бывалі ў гэтай школе і дэлегацыі з Італіі, Германіі. А ў мінулым месяцы тут пабывалі і падзяліліся незабыўнымі ўражаннямі ўсе паслы краіны, якія акрэдытаваны ў Рэспубліцы Беларусь.

Аляксандр Савіцкі

Мяне ж асабіста ўразіў той факт, што большасць настаўнікаў – людзі маладыя, а значыць, творчыя і ініцыятыўныя. Усе яны не абмяжоўваюцца толькі выкладаннем школьных прадметаў і, па сутнасці, настаўнік у гэтай школе знаходзіцца цэлы дзень. Пасля заняткаў да паслуг школьнікаў – гурткі, факультатывы, аб’яднанні па інтарэсах, выбірай на смак і густ!
Не дзіўна, што настаўнікі і вучні Стралічаўскай СШ імя У.М. Марчанкі сёння частыя пераможцы і прызёры раённых, а то і абласных конкурсаў і алімпіяд, аглядаў мастацкай самадзейнасці. Як не дзіўна і тое, што другі год запар не выпадаюць яны з ліку прызёраў круглагадовай Спартакіяды школ раёна (у 2016 г. – сярэбраныя прызёры, а ў 2017 г. – бронзавыя).
Успамінаю тых, з кім давялося сустрэцца ў Стралічаўскай школе: педагог-арганізатар Аляксандр Міхайлавіч Савіцкі, завуч па выхаваўчай рабоце Інэсса Георгіеўна Чыкілёва, старшыня прафсаюзнага камітэта школы і яе галоўны краявед – Ганна Уладзіміраўна Васюк, сакратар школы Вольга Міхайлаўна Васюк, настаўніца фізікі і матэматыкі Таццяна Аляксандраўна Кулакоўская (гэта яе дзеці з гуртка «Эдэльвейс» так упэўнена вымяраюць радыяцыю ў прадуктах). Адзначаю для сябе: ва ўсіх іх гараць вочы і святлеюць твары, калі яны гавораць аб сваёй рабоце. А калі ёсць такія настаўнікі – значыць, будуць гарэць вочы і ў дзяцей.

Таццяна Кулакоўская

Яшчэ А.Л. Вяргейчык абавязкова прасіў адзначыць настаўніцу працоўнага навучання К.В. Бандарэнка (галоўная і нястомная крэатыўшчыца школы), рабочага С.А. Лапаціна (майстар – залатыя рукі), завуча па вучэбнай частцы Л.М. Калыхан. А потым адзначыў:
– Так можна ўвесь штат пералічыць – і гэта будзе справядліва: няма ў нас людзей абыякавых і раўнадушных!
Ахвотна верым і разумеем, чаму 2 ліпеня 2018 года калектыў Стралічаўскай сярэдняй школы імя У.М. Марчанкі быў названы лепшым у раёне сярод устаноў адукацыі.
Вяртаючыся да метафары з белым караблём, што плыве ў акеан ведаў, шчыра пажадаю яму і ўсім, хто тут працуе і вучыцца: сем футаў пад кілем!

Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Вікторыі МАРОЗ.