Вяртаць час цярпліва, умела, натхнёна


Горад Гродна з 12 па 14 кастрычніка стаў месцам правядзення першага Нацыянальнага форуму «Музеі Беларусі». Удзел у ім прыняла і стала дыпламантам у намінацыі «Парад рэпрадукцый» загадчыца сектара «Трагедыя Чарнобыля» раённага краязнаўчага музея Валянціна Афанасьеўна Гацко (на здымку), прэзентаваўшы сваю кнігу «Памяць Чарнобыля». Уражаннямі  яна падзялілася з карэспандэнтам «Хойніцкіх навін».



– Першы Нацыянальны форум «Музеі Беларусі» быў арганізаваны ў рамках Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2011-2015 гады. Больш за 150 музеяў сталі ўдзельнікамі форума.На права называцца лепшымі прэтэндавалі і музеі Гомельскай вобласці, якія прадставілі восем самастойных экспазіцый, разнастайных па тэматыцы, дызайну і напаўненню. У гэты спісак увайшлі: Гомельскі палаца-паркавы ансамбль, Гомельскі абласны музей ваеннай справы, музей  гісторыі горада Гомеля, Веткаўскі музей народнай творчасці, Мазырскі аб’яднаны краязнаўчы музей, Рэчыцкі краязнаўчы музей, Рагачоўскі музей народнай славы і Светлагорскі гісторыка-краязнаўчы музей. Астатнія раённыя музеі змаглі заявіць аб сабе сумеснай экспазіцыяй, паказаўшы лешае, што захоўваюць іх фонды. Дарэчы, тут была прадстаўлена мая кніга «Памяць Чарнобыля». Прынялі ўдзел і замежныя  госці з Нідэрландаў, Славакіі, Іспаніі, Ізраіля, Літвы, Латвіі, Германіі, Аўстрыі і іншых краін, прадстаўнікі краін СНД – Казахстана, Украіны, Арменіі, Азербайджана, Малдовы.



Па словах міністра культуры Рэспублікі Беларусь П.П. Латушка, Нацыянальны форум – гэта важнейшая падзея ў музейным жыцці краіны за апошняе 10-годдзе.У рамках работы форума прайшлі прэзентацыі экспазіцый, выставачных праектаў, культурна-асветніцкіх праграм, адбыўся шырокі абмен вопытам. Разнастайная дзелавая праграма дазволіла абмеркаваць пытанні, якія датычаць розных напрамкаў дзейнасці і абазначыць далейшыя шляхі музейнай справы. Конкурс «Музеі Беларусі – трэццяму тысячагоддзю» вызначыў лепшыя ўстановы ў 15 намінацыях і пераможцу ў намінацыі Гран-пры.



Я адчувала вялікае хваляванне, калі расказвала прысутным і журы пра тое, як прыйшла ідэя напісання кнігі, як яна стваралася, усіх пакарыў мужны лёс маіх землякоў, якія выстаялі перад разбуральным атамам і жывуць, ствараюць, працуюць наперакор Чарнобылю.



Гаворачы аб асабістых уражаннях, адзначу, што горад форума вельмі ўразіў сваёй прыгажосцю, строгімі формамі будаўніцтва, а таксама цеплынёй і гасціннасцю мясцовых жыхароў. Паміж удзельнікамі панавала атмасфера добразычлівасці. Дамоў я прывезла два Дыпломы і, мяркую, што ў наступным такім мерапрыемстве, якое будзе праводзіцца адзін раз у два гады, прымем самы актыўны ўдзел.



Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *