Плюсы і мінусы малочнай галіны

Сельское хозяйство

Прааналізаваўшы аператыўныя штодзённыя зводкі райсельгасхарчу ў галіне жывёлагадоўлі, нельга не заўважыць росту як колькасных, так і якасных паказчыкаў вытворчасці малака. Усе гаспадаркі раёна плюсуюць у параўнанні з такімі ж данымі мінулага года як па валавой вытворчасці, так і па сярэдняму надою малака ад каровы. І справа тут не толькі ў традыцыйна сезонным росце вытворчасці, калі грамадскі статак пераводзіцца на пашавае ўтрыманне і жывёла спачатку пасвіцца на азімых, а потым – на прыфермскіх і адгонных пашах. Тыя ж самыя выпасы да пачатку пасьбы патрэбна ж яшчэ належным чынам падрыхтаваць для выкарыстання. А гэта патрабуе і ад кіраўніцтва гаспадарак, і ад спецыялістаў, і ад кожнага жывёлавода не толькі кампетэнтнасці і прафесіяналізму, але і вытворчай і працоўнай дысцыпліны, высокай адказнасці.

У гэтым сэнсе пахвалы заслугоўваюць сельгаспрадпрыемствы “Стралічава”, “Судкова”, “Віць” і “Аравічы”, якія першымі ў раёне яшчэ ў пачатку красавіка вывелі статак на азімыя і выпасы. У апошняй гаспадарцы дзякуючы перазалужэнню, праведзенаму ў 2007-2008 гадах, сёлета і якасць выпасаў палепшылася на парадак.

А вось былое кіраўніцтва ААТ “Хойніцкі Аграсервіс” райсельгасхарчу давялося ледзь не сілком прымушаць выганяць кароў на азімыя. Прамарудзілі з аптымальнымі тэрмінамі выпасаў на азімых у КСУП “Велікаборскі”, позняя сяўба адбілася на якасці выпасаў у КСУП імя Мележа.

Канешне, лічбавыя паказчыкі ў параўнанні з аналагічнымі данымі 2008 года не могуць не радаваць. Тым не менш, заспакойвацца на дасягнутым рана, бо па стану на 14 мая прагнознае заданне па валавой вытворчасці малака пакуль што выконвае толькі КУП “Аравічы” – 102,7%. Набліжаецца да прагнозных лічбаў і сельгаспрадпрыемства “Веляцін” – 94,9%. А самае складанае становішча па гэтаму паказчыку ў ААТ “Хойніцкі Аграсервіс” – 79,2% ад запланаванага.

Гэтае ж акцыянернае таварыства не можа пахваліцца высокімі лічбамі і па рэалізацыі малака ад каровы, якая складае 8 з паловай кілаграмаў. Менш толькі ў КСУП “Судкова” – 7,6 кг. Самы высокі гэты паказчык у сельгаспрадпрыемствах “Эксбаза “Стралічава” (11,8 кг), “Веляцін” (11,4 кг) і “Аравічы” (11,3 кг).



А. МАХНАВЕЦ, намеснік начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі.   


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *