Падзяка за падпіску

Образование

Запытайцеся ў любога мясцовага работніка галіны адукацыі, ці выпісвае ён сваю галіновую газету, і абавязкова пачуеце станоўчы адказ. Таму і нядзіўна, што наш раён прызнаны лідэрам у Гомельскай вобласці па падпісцы на гэтае выданне. Вось чаму адкрыццё карэспандэнцкага пункта «Настаўніцкай газеты» па Гомельскай вобласці вырашылі правесці ў Хойніках.



Чытачоў «Настаўніцкай газеты», прысутных на канцэрце ў ГЦКіС «Меліяратар»,  з гэтай падзеяй павіншавалі начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама С.І. Парошын і галоўны рэдактар выдання В.А. Кнышаў. Акрамя таго, для віншаванняў запрасілі зорак беларускай эстрады і  таленты з Гомельскай вобласці. Свае артыстычныя здольнасці паказалі і хайнічане.



Лірычны нумар выканала настаўніца СШ № 1 М.Т. Дубінка, спявала маладая выканаўца Г. Сямёнава, разам з танцавальным калектывам «Стэп» Веткаўскага раёна на сцэне «запальвалі» танцоры з  нашага «Драйва». Гэты калектыў, дарэчы, дапамог выканаўцу з Добруша, педагогу дадатковай адукацыі С. Сцяцкевічу. За кароткі тэрмін нашы танцоры пад кіраўніцтвам А.В. Ляснічай падрыхтавалі харэаграфічны акампанемент сцэнічнаму нумару спевака.



Доўгачаканымі гасцямі на канцэрце былі ўсім вядомыя знакамітасці – Пётр Ялфімаў, Іскуі Абалян і баяніст Уладзіслаў Плігаўка.
Арганізатары мерапрыемства падрыхтавалі для прадстаўнікоў галіны адукацыі раёна сюрпрыз. Пасля выступлення Уладзіслава на сцэну запрасілі вучня гімназіі г. Хойнікі Уладзіміра Шута, які выступае ў тэхніцы бітбокс. У такім дуэце яны выканалі сумесны нумар.



Да таго ж, гледачоў захапіла дэфіле тэатра «Папяровая фантазія» са Светлагорска. Касцюмы мадэлей былі зроблены з паперы, але іх выгляд ніяк гэтага не выдаваў, уборы глядзеліся шыкоўна.
Прыемным момантам мерапрыемства стала ўручэнне сертыфіката на камплект школьнай мэблі. Гэты шчодры падарунак ад «Настаўніцкай газеты» прыняла дырэктар Казялужскай сярэдняй школы С.І. Барысенка.
Важна адзначыць, што арганізатары гэтай падзеі засталіся вельмі задаволены ад супрацоўніцтва з раённым аддзелам адукацыі, а таксама з работнікамі ГЦКіС «Меліяратар».



Алеся ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *