Няма праблем ці арганізацыя падвяла?


Адной з мэт  правядзення сустрэч дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў з насельніцтвам з’яўляецца шчырае жаданне народных абраннікаў быць у курсе праблем у жыццядзейнасці людзей і аказання дапамогі пры іх вырашэнні. У мінулы чацвер  інфармацыйна-прапагандысцкая група з ліку дэпутатаў райсавета, прадстаўнікоў розных служб выязджала ў Барысаўшчыну.



Засмуціў той факт, што выступаючых прыехала з горада больш, чым спачатку прыйшло з вёскі слухачоў. Дылема: ці праблем у барысаўшчанцаў  цяпер няма, ці мясцовая ўлада недапрацавала ў плане арганізацыі сустрэчы? Калі скарг няма, гэта, безумоўна, добра. Але ж візіты наладжваюцца не толькі з мэтай іх разгляду, а і каб данесці да насельніцтва неабходную інфармацыю, перш за ўсё ў рамках адзінага  дня інфармавання насельніцтва, тэму якога вызначаюць на рэспубліканскім узроўні. У лістападзе яна датычыла прафілактыкі ВІЧ/СНІД. Захворванне гэта было выяўлена ў 18 жыхароў нашага раёна. Па прычыне таго, што перадаецца яно часцей сярод моладзі палавым шляхам і пры ўжыванні наркатычных сродкаў, трэба было з’явіцца ў мясцовы сельскі Дом культуры дарослым, бо менавіта яны ў адказе за здароўе сваіх дзяцей.



Да ведама ўсіх уладальнікаў прыватных дамоў дарэчы была прэзентацыя вынікаў работы агляднай камісіі ў Барысаўшчанскім сельсавеце з дакладнымі тлумачэннямі па ўхіленню выяўленых няспраўнасцей электраправодкі, печаў, каб не дапусціць пажараў. Прафілактыка п’янства – таксама актуальная тэма, дэмастраваліся слайды са смяротнымі вынікамі дарожна-транспартных здарэнняў, здзейсненых п’янымі вадзіцелямі, курэння ў пасцелі «пад мухай», парушэнняў грамадскага парадку, правядзення вольнага часу мясцовай моладдзю з набытым спіртным. 



Камунальнае, сацыяльнае, медыцынскае, гандлёвае абслугоўванне – любую кансультацыю можна было атрымаць у час сустрэчы. Так, дадзены адказы наконт прыёму ў бальніцы вузкапрофільнымі ўрачамі, па аказанню платных паслуг па правядзенню ультрагукавога даследавання. Паступіла пытанне, ці справядліва налічваецца камунгасам аплата за паліў агарода, хаця на самай справе на гэтыя патрэбы вада не выкарыстоўваецца. Усё тут справядліва, а каб не плаціць, трэба ўстанавіць дома лічыльнікі вады і плаціць толькі за рэальны яе расход. Узята на кантроль праблема з якасцю пітной вады, камунальнай службе неабходна дасканала разабрацца ў прычынах і ўхіліць яе. Немагчыма ж людзям бясконца адстойваць яе, каб у выніку з вядра атрымаць пару літраў больш-менш празрыстай вадкасці.
Многа гаварылі аб навядзенні парадку на зямлі. Усе ўласнікі прыватных домаўладанняў павінны заключыць дагаворы на вываз смецця, тады і спецтранспарт будзе па ўсіх вуліцах яго забіраць. Адзначана, што пратакол за антысанітарыю, які прадугледжвае штраф, складаецца на гаспадара толькі пасля выдачы прадпісання, згодна з якім адводзіцца тэрмін на ўхіленне недахопаў. Усяго старшынямі сельвыканкамаў у раёне складзены 81 пратакол, з іх на тэрыторыі Барысаўшчанскага –19. Прадэманстраваны былі і адпаведныя  слайды архітэктарам раёна І.М. Акуленкам.



Трэба задумацца, навошта даводзіць сітуацыю з навядзеннем парадку да штрафу, бо ў выніку прыдзецца і па санкцыях плаціць, і ўсё роўна выпраўляць недахопы – купляць фарбу або будматэрыялы, да прыкладу, на рамонт агароджы? Аплата штрафу не вызваляе ад навядзення парадку на прыдамавой тэрыторыі.
У выніку збораў узносаў па самаабкладанню па 15 тысяч рублёў з двара на тэрыторыі сельсавета сабралі амаль 10 мільёнаў рублёў. Работу ў гэтым  напрамку кіраўніцтву сельвыканкама трэба працягваць, каб дайшло да свядомасці кожнага жыхара, што гэтыя грошы будуць працаваць на іх жа саміх – па агульнаму рашэнню пойдуць на агульныя патрэбы ў плане добраўпарадкавання.



Сустрэча праходзіла ў Барысаўшчанскім сельскім Доме культуры, ад работнікаў якога раней пастаянна паступалі скаргі на холад у памяшканнях. Адказныя з аддзела культуры райвыканкама, на чыім балансе будынак, тлумачылі, што ёсць праблемы з сістэмай ацяплення. Дарэчы, дапамагаюць у іх вырашэнні спецыялісты КЖУП «Хойніцкі камунальнік», на баланс якога плануецца перадаць будынак.  У дзень прыезду ІПГ аказалася, што можна яе раскачагарыць, батарэі былі гарачыя. Тэмпературны рэжым важна захоўваць, эканоміць на здароўі работнікаў і дзяцей, якія тут наведваюць шматлікія гурткі, нельга.



Ірына ЛУКАШЭНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *