Зло знішчаецца на корані


Праблема супрацьдзеяння нелегальнаму абароту спіртаўтрымліваючай прадукцыі і фальсіфікаваных алкагольных напіткаў у апошні час стаіць асабліва востра, бо злачынствы і іншыя правапарушэнні ў гэтай сферы наносяць велізарны ўрон не толькі эканамічным інтарэсам дзяржавы (у выглядзе недаатрымання падаткаў, якія ідуць на выплаты зарплат, пенсій, стыпендый, дапамог і інш.), але, што важней усяго, жыццю і здароўю грамадзян.

Толькі за час правядзення з 21 па 30 красавіка бягучага года дэкады па прадухіленню незаконнага абароту спіртаўтрымліваючай прадукцыі і самагонаварэння супрацоўнікамі раённага аддзела выяўлены два факты незаконнай рэалізацыі алкагольнай прадукцыі, адабрана і знішчана 27,5 літра самагону, 769 літраў самагоннай брагі і 15 літраў спірту. Усяго ж з пачатку года выяўлена 14 фактаў рэалізацыі, забрана і знішчана 3042 літры брагі і 75,2 літра самагону.



Па даных Міністэрства статыстыкі і аналізу ад атручванняў, у тым ліку, якія выкліканы  рознымі “Максімкамі”, “Кірушкамі” і іншымі нехарчовымі спіртаўтрымліваючымі вадкасцямі, штогод памірае каля 3 тысяч грамадзян нашай рэспублікі.



 Уласнаручна ў прысутнасці міліцыянераў выліў брагу жыхар вёскі Ізбынь Рыгор Васільевіч Часнок (на здымку) у туалет. Два бітоны па 38 літраў кожны. Гэта ж колькі гадзін можна было хадзіць пад кайфам?

Нідзе не працуючы аматар прыроды Р.В. Часнок, 1952 года нараджэння, не шкадуе ног і абутку, калі вядзе летне-асенняе ціхае паляванне за ягадамі і грыбамі ў лесе. Не браканьернічае, рыбу ў возеры ловіць вудай на чарвяка, корпаецца ў агародзе. Можна сказаць, вядзе натуральную гаспадарку, хіба толькі не прадзе, не тчэ і хлеб не пячэ. Аднак у ягонай натуральнай гаспадарцы знойдзены саматужны спіртаўтрымліваючы напітак, па якім плаваюць кавалкі хлеба, па сутнасці, атрута, якую нельга выліваць на вуліцы пад плот або на агародзе, бо можна нашкодзіць прыродзе.



Штогод толькі супрацоўнікамі ўнутраных спраў з нелегальнага абароту забіраецца да 900 тысяч літраў алкагольных вырабаў і спіртаўтрымліваючай вадкасці на суму каля  8,5 млрд. рублёў, да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці прыцягваецца каля 14 тысяч фізічных і юрыдычных асоб (паводле даных Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі КМ МУС Рэспублікі Беларусь).




У ліку такіх фізічных асоб аказалася і жыхарка вёскі Паселічы Наталля Нямковіч, у якой выяўлена 15 літраў 95-працэнтнага спірту. Не на лекавыя мэты выкарыстоўвала яго Нямковіч, разводзіла вадою і прадавала. Чыстасардэчна і прызналася ў гэтым жанчына.

  За парушэнні ў сферы абароту спірту, нехарчовай спіртаўтрымліваючай прадукцыі і алкагольных напіткаў не заўсёды абмяжоўваюцца толькі адміністрацыйнымі мерамі (штрафамі). Пры пастаянным занятку (два і больш разоў) фізічнай асобай перавозкай, захоўваннем, рэалізацыяй або вытворчасцю алкагольных напіткаў, спіртаўтрымліваючых вадкасцей з мэтай атрымання даходу, а таксама пры вырабу (выкарыстанні)  падробных акцызных марак Рэспублікі Беларусь, выпуску фальсіфікаваных алкагольных напіткаў можа прымяняцца і крымінальная адказнасць.

Паважаныя жыхары раёна! Калі вам стала вядома аб асобах, якія займаюцца вырабам, захоўваннем, продажам самагону, самагоннай брагі, спірту, безакцызных алкагольных напіткаў, цыгарэт, а таксама аб асобах, якія займаюцца  вырошчваннем забароненых раслін (маку, каноплі і іншых наркаўтрымліваючых раслін), ужываючых або рэалізоўваючых наркатычныя рэчывы, а таксама аб асобах, здольных здзяйсняць, здзейсніўшых, або выношваючых намеры здзейсніць супрацьпраўныя дзеянні, вы можаце паведаміць у аддзел унутраных спраў па тэлефонах “гарачай лініі”: 2-23-64; 8(029)692-18-24 або па тэлефоне 102. Зло патрэбна знішчаць на корані.

У аператыўна-дзяжурнай службе палка ППСМ УУС Гомельскага аблвыканкома таксама дзейнічае тэлефон “гарачай лініі” 8-0232-45-55-90, па якому можна паведаміць аналагічную інфармацыю. Ананімнасць гарантуецца.


А. ЛОБАН, начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *