Год напружанай працы

Экономика

2018 год быў няпростым для Хойніцкага дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення № 155. Работы, як заўсёды, хапала, але працоўны калектыў з гонарам справіўся з пастаўленымі перад ім задачамі. Расказвае начальнік ДРБУ-155 Пётр Пятровіч Фурс.

Пётр Пятровіч Фурс

– Адным з галоўных участкаў работы ў 2018 годзе для нас сталі аб’екты гарадскога пасёлка Брагін і Брагінскага раёна. Так, у гэтым райцэнтры работнікамі і спецыялістамі ДРБУ-155 былі выкананы вялікія аб’ёмы работ па падрыхтоўцы населенага пункта да правядзення абласнога свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі «Дажынкі». Нашымі сіламі добраўпарадкавана цэнтральная плошча райцэнтра, на якой будзе ўстаноўлены арыгінальны сонечны гадзіннік, заасфальтавана тэрыторыя рынку і вуліцы райцэнтра, аформлены аўтастаянкі. Многа выканана работ па добраўпарадкаванню брагінскай гімназіі, дзе ўкладзена больш 2 тысяч квадратных метраў тратуарнай пліткі. Многае зроблена па добраўпарадкаванню дваравых тэрыторый.

Раман Латфулін

У гарадскім пасёлку Камарын зараз вядзецца будаўніцтва мемарыяльнага комплексу да 75-годдзя пачатку вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Там разбіты спецыяльны парк, у пракладцы і добраўпарадкаванні алей якога мы прымалі ўдзел, нашымі сіламі падрыхтаваны пляцоўкі для размяшчэння баявой тэхнікі тых часоў – танка і артылерыйскіх гармат.

Добраўпарадкавана тэррыторыя мясцовай сярэдняй школы, у прыватнасці там таксама ўкладзена тратуарная плітка (каля 2 тыс. м2), абсталяваны спецыяльны гарадок для вывучэння правілаў дарожнага руху.

Мікалай Раманюк

Вясной займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторый інтэрната Добрушскай папяровай фабрыкі «Герой працы» і Гомельскай дзіцячай абласной клінічнай бальніцы на вул. Жаркоўскага ў абласным цэнтры.
Таксама папрацавалі і на аб’ектах у нашым раёне: рамонтныя работы выкананы на ўчастках аўтадарогі на Вялікі Бор, добраўпарадкаваны пад’езды да населеных пунктаў Звяняцкае і Дворышча (з боку агр. Судкова), пракладзены пешаходныя дарожкі ў раёне плошчы Танкістаў.

Адным словам, работы дастаткова, і гадавая праграма аб’ёму вытворчасці будаўніча-мантажных работ намі была выканана ўжо ў канцы верасня.

Алег Карпінскі

Калі ж спыніцца на нашых асноўных эканамічных паказчыках за 9 месяцаў работы, то ў працэнтах да паказчыкаў адпаведнага перыяду 2017 г. яны выглядаюць так: аб’ём падрадных (будаўніча-мантажных) работ – 121%, выручка ад рэалізацыі прадукцыі – 140%, выпрацоўка на 1 працуючага – 132,2%, прыбытак ад рэалізацыі – 198,3%, вытворчасць працы на 1 работніка – 114,5%.

Яўгеній Аніскавец

У гэтым дасягненні вялікая заслуга работнікаў усяго працоўнага калектыву, але асабліва адзначу работу асфальтабетоннага завода і яго прараба Р.Р. Латфуліна. Менавіта на гэтую частку калектыву ДРБУ-155 выпала асноўная нагрузка па забеспячэнню асфальтабетонам будаўнічых і рамонтных аб’ектаў Брагіна і Брагінскага раёна. Калі ў сярэднім за апошнія гады яго вытворчасць складала 12-15 тысяч тон, то ў 2018 годзе толькі за 9 месяцаў яго выпушчана 32 тысячы тон. А работы яшчэ не завершаны і будуць працягвацца (у прыватнасці, у тым жа Камарыне). Такі аб’ём магу параўнаць толькі з падрыхтоўкай нашых Хойнік да святкавання Дня беларускага пісьменства ў 2010 годзе, калі гадавы аб’ём вытворчасці асфальтабетону нашага АБЗ склаў 48 тысяч тон. Калі ў гэтым годзе ён і будзе меншым, то не на многа.

Уладзімір Бойка

Перад нашым прафесійным святам назаву сярод лепшых работнікаў ДРБУ-155 прараба па ўкладцы асфальтабетону А.В. Гапоненку, машыністаў В.М. Нікіценку і С.М. Іванюценку, майстроў У.Я. Бойку і В.П. Голіка, дарожных рабочых А.М. Карпінскага і Я.А. Аніскаўца, вадзіцеляў М.М. Рашэтніка, С.М. Назаранку, М.І. Раманюка, І.І. Назаранку, машыніста трала па перавозцы дарожна-будаўнічай тэхнікі А.І. Кулая.
Віншую ўвесь наш калектыў, а таксама нашых дарагіх ветэранаў-дарожнікаў, якія зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку, з Днём аўтамабіліста і дарожніка і жадаю кожнаму з іх моцнага здароўя, дабрабыту і ладу ў сем’ях, дасягненняў у працоўным і асабістым жыцці.

Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Вікторыі МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *