Прафілактыцы быць дзейснай,эканоміцы – дынамічнай


Адносіны да работы на кожным участку працоўнай дзейнасці назваў галоўнай тэмай парадку дня пасяджэння райвыканкама, якое адбылося 28 снежня 2012 года, кіраўнік раёна А.І. Ціток. Хаця асноўным пытаннем было абмеркаванне выканання Комплекснага плана прафілактычных мерапрыемстваў па барацьбе са злачыннасцю і правапарушэннямі ў Хойніцкім раёне на 2010-2012 гады. З дакладам выступіла намеснік старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўская, з садакладамі – начальнік раённага аддзела ўнутраных  спраў С.А. Барысенка і пракурор раёна М.Л. Беларусаў.



Адзначана, што суб’ектамі прафілактыкі зроблена пэўная работа ў гэтым напрамку. У  лютым 2012 года на пасяджэнні райвыканкама разгледжана пытанне аб прымаемых мерах па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй у раёне за 2011 год. У ліпені 2012 года адбылося сумеснае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта і раённага каардынацыйнага савета, на якім абмяркоўвалася аналагічнае пытанне па выніках работы за першае паўгоддзе 2012 года. У мінулым годзе адбылося чатыры пасяджэнні камісіі па супрацьдзеянню карупцыі.



За 2012 год работнікамі фінансавага аддзела райвыканкама пры правядзенні праверак выяўлена незаконнае атрыманне, выкарыстанне не па мэтаваму прызначэнню і з парушэннем заканадаўства бюджэтных сродкаў у памеры 1670,0 тыс. руб. Судом Хойніцкага раёна за гэты перыяд  у адносінах асоб, якія здзейснілі паўторныя злачынствы, разгледжана 169 крымінальных спраў, 86 чалавек прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.
Штоквартальна ў раёне праводзіцца акцыя «Моладзь за здаровы лад жыцця», у вызначаныя дні райспажыўтаварыствам не ажыццяўляецца продаж слабаалкагольных  спіртных напіткаў і піва.



Праведзена пэўная работа па тэхнічнай умацаванасці аб’ектаў з мэтай скарачэння колькасці крадзяжоў. Разам з тым цяпер не абсталяваны сістэмай трывожнай сігналізацыі шэраг  аб’ектаў устаноў і арганізацый, а таксама належачых індывідуальным прадпрымальнікам.
У мэтах павышэння эфектыўнасці работы па прафілактыцы дарожна-транспартнага траўматызму праводзяцца заняткі супрацоўнікамі ДАІ з выхаванцамі дзіцячых садоў, навучэнцамі школ і гімназіі.
Пэўная работа па прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў праведзена сярод непаўналетніх: 45 падлеткаў працавалі ў будаўнічым, экалагічным і двух сельскагаспадарчых атрадах, таксама ў летні перыяд 2012 года на базе ўстаноў адукацыі дзейнічалі 22 лагеры дзённага знаходжання для 408 дзяцей, рэалізавана 8 працоўных праектаў пры садзейнічанні раённага цэнтра занятасці. Тры спартыўна-аздараўленчыя лагеры былі арганізаваны ў ДЮСШ аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, спартыўныя залы прымаюць наведвальнікаў у вячэрні час да 20.00. Пры райаддзеле ўнутраных спраў быў створаны на час летніх канікул лагер «Цяжкі падлетак».
На працягу года ажыццяўлялася акцыя «Сям’я без насілля» з наведваннем неспрыяльных сем’яў, усімі суб’ектамі прафілактыкі па пятніцах і выхадных днях праводзіліся дадатковыя мерапрыемствы па праверках месц масавага адпачынку непаўналетніх. Усяго за 11 месяцаў 2012 года праведзена 119 рэйдавых мерапрыемстваў, 248 выступленняў на прававую тэматыку.



За справаздачны перыяд міжведамаснай мабільнай групай і РАУС былі выяўлены 44 выпадкі знаходжання працуючых на рабочых месцах у стане алкагольнага ап’янення, у адносінах парушальнікаў прыменены меры дысцыплінарнага характару, 28 чалавек звольнены з работы.
Медработнікамі цэнтральнай раённай бальніцы пры наведванні пацыентаў на даму адследжваюцца факты насілля ў сям’і, выяўляюцца непаўналетнія, якія знаходзяцца ў сацыяльна  небяспечным стане. 55 чалавек, якія пакутуюць на алкагалізм, праходзяць лячэнне ва ўмовах лячэбна-працоўнага прафілакторыя, штоквартальна або па меры неабходнасці праводзіцца абмен інфармацыяй з РАУС аб грамадзянах, схільных да супрацьпраўных дзеянняў, пакутуючых на наркаманію і таксікаманію.
Хаця ў цэлым Комплексны план прафілактычных мерапрыемстваў па барацьбе са злачыннасцю і правапарушэннямі  на 2010-2012 гады выкананы,  аднак пры распрацоўцы аналагічнага плана на 2013-2015 гады трэба пралічыць усё, каб суб’екты прафілактыкі маглі эфектыўна рэагаваць  на змяненні крымінагеннай абстаноўкі, падтрымліваць стабільны парадак на тэрыторыі раёна.



Падводзячы вынік абмеркаванню, старшыня райвыканкама А.І. Ціток падкрэсліў, што запыт за гэта павінен быць не толькі з суб’ектаў прафілактыкі, але і з кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, насельніцтва. Трэба дасканала ведаць, у якіх умовах растуць дзеці, як яны развіваюцца, які дастатак у сям’і, выявіць, што штурхае непаўналетняга на здзяйсненне злачынства, у тым ліку рэцыдыўнага. Гэта робіцца з адзінай мэтай – не дапусціць новых людзей у злачыннае асяроддзе. Не можа не хваляваць той факт, што за кіраванне транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення, затрымлівалася вялікая колькасць вадзіцеляў паўторна (135 чалавек). А гэта ж патэнцыяльныя злачынцы.
Пры выкананні плана прафілактычных мерапрыемстваў трэба рабіць арыентацыю на сярэднеабласныя паказчыкі таго або іншага суб’екта прафілактыкі і рабіць усё неабходнае, каб у нашым раёне яны былі ніжэйшымі.


Другое пытанне пасяджэння райвыканкама – аб паказчыках прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Хойніцкага раёна на 2013 год – асвятліла начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Т.Г. Дземчанка, якая спачатку спынілася на папярэдніх выніках 2012 года. Яны ўсяляюць аптымізм, аднак у будучым годзе трэба не толькі не збаўляць дасягнутых тэмпаў, але і пераўзыйсці іх.
Асноўнымі паказчыкамі прагнозу на 2013 год устанаўліваюцца: прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове ў памеры 2,5 млн. долараў ЗША; экспарт тавараў па арганізацыях мясцовага падпарадкавання – 115%, экспарт паслуг – 106%; намінальная сярэднямесячная заработная плата – 3360 тыс. руб.
Заданні  па  сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі даводзяцца па таму ж колу арганізацый, што і асноўныя паказчыкі, і складуць плюс 45 тыс. і 5 тыс. долараў ЗША адпаведна.



На 2013 год паказчык па энергазберажэнню ўстаноўлены паквартальна, і да канца года павінен скласці мінус 7%.
Заданні па аб’ёмах вытворчасці па відах эканамічнай дзейнасці ў разрэзе раёнаў Гомельскай вобласці аблвыканкамам не ўстанаўліваюцца, аднак кожнае прадпрыемства, нават самае малое, уносіць свой уклад у фарміраванне абласнога паказчыка і па аб’ёмах вытворчасці і, у выніку, валавога рэгіянальнага прадукта.
Заданне па інвестыцыях у асноўны капітал вызначана ў памеры 94% да ўзроўню 2012 года (у супастаўных цэнах), прадукцыі сельскай гаспадаркі ў гаспадарках усіх катэгорый – 107%, рознічнаму тавараабароту – 105%, экспарту турыстычных паслуг – 5,81 тыс. долараў ЗША.



Адным з самых напружаных заданняў на 2013 год стане дасягненне ўстаноўленага ўзроўню рэнтабельнасці продажу і выручкі ад рэалізацыі прадукцыі ў разліку на аднаго працуючага. У сярэднім па раёну выручка  на аднаго працуючага павінна вырасці не менш чым на 34% і скласці 25,4 тыс. долараў ЗША.
У 2013 годзе чысты прырост  колькасці прадпрыемстваў павінен скласці не менш 7 малых прадпрыемстваў, у тым ліку ў вытворчай сферы – 3 прадпрыемствы. Паступленні падатковых плацяжоў ад юрыдычных асоб – суб’ектаў малога прадпрымальніцтва – плануецца павялічыць на 50% у дзеючых цэнах.
Заданне па бытавых паслугах насельніцтву праз усе каналы рэалізацыі ўстаноўлена ў памеры 135%, у тым ліку аказваемыя юрыдычнымі асобамі ў сельскай мясцовасці – 130%.
Адным з асноўных прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2013 год стане паказчык па намінальнай сярэднямесячнай заработнай плаце. Абавязак кожнага кіраўніка ў забеспячэнні дастойнага ўзроўню жыцця работнікаў прадпрыемства. Трэба нямала папрацаваць, каб не толькі адысці, нарэшце, ад крытыкі ў наш адрас па адной з меншых заработных плат сярод рэгіёнаў вобласці, але і забяспечваць яе рост толькі павышаючы прадукцыйнасць працы працуючых.



Падводзячы вынікі пасяджэння, старшыня райвыканкама А.І. Ціток завастрыў увагу прысутных на тым, што наступіўшы 2013 год аб’яўлены Годам беражлівасці. З першых яго дзён  усім працоўным калектывам раёна трэба ўключыцца ў работу ў дынамічным рэжыме. Стратэгія дзеянняў застаецца нязменнай – павышэнне ўзроўню жыцця насельніцтва. Паўсюдна трэба эканоміць затраты, але заработная плата павінна расці.



Клаўдзія БОСАК.
Фота Алены СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *