Крэатыўна!


Камісія па справах непаўналетніх райвыканкама,  якую  ўзначальвае намеснік старшыні  райвыканкама  Ж.М. Чарняўская, пастаянна ўдасканальвае формы і метады работы з юным насельніцтвам па недапушчэнню правапарушэнняў. Праводзяцца пасяджэнні, тлумачальныя гутаркі на прававую тэматыку, рэйды па месцах масавага адпачынку, але гэтым не абмяжоўваецца дзейнасць камісіі. Апошнюю прымененую на практыцы наватарскую ідэю члена камісіі – начальніка інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС А.В. Лобана (на здымку) сама моладзь ахарактарызавала эпітэтам «крэатыўна!»



Алег Віктаравіч стварыў у папулярных сацыяльных сетках «ВКонтакте» і «Одноклассники» старонкі пад назвай «ИДН Хойники Беларусь», дзе ў анлайн-рэжыме падтрымлівае сувязь з наведвальнікамі старонкі: інфармуе аб праводзімых мерапрыемствах у раёне з удзелам юнакоў і дзяўчат, адказвае на шматлікія пытанні падлеткаў, кансультуе юных жыхароў раёна і іх бацькоў па тэматыцы захавання патрабаванняў заканадаўства ў галіне правапарушэнняў, праводзіць тэматычныя апытанні і інш.



У спісе кантактаў на двух створаных старонках амаль 3000 дарослых і дзяцей, прычым пішуць Алегу Віктаравічу нават з замежжа. А гэта напрамую сведчыць аб даверы моладзі крэатыўнаму прадстаўніку аховы правапарадку.



Сам А.В. Лобан зазначае: «Цяперашняя моладзь бавіць большасць вольнага часу ў Інтэрнэце, таму я і вырашыў менавіта там арганізоўваць з непаўналетнімі віртуальныя сустрэчы, гутаркі на тэму прававой асветы. Тым больш, што ў час такіх зносін падлеткі хутчэй ідуць на кантакт. Я адразу папярэджваю сваіх віртуальных суразмоўцаў, што пытанні, якія яны не могуць задаць адкрыта, можна змясціць у асабістыя паведамленні. Такім чынам, многія праблемы мы вырашаем тэт-а-тэт і ніхто, акрамя нас дваіх, не даведаецца аб тэме размовы». 



У цэлым станоўчую работу камісіі ў раёне можа пацвердзіць статыстыка. Так, калі ў 2011 годзе непаўналетнімі было здзейснена 20 злачынстваў, то ў 2012 годзе гэта лічба значна зменшылася ? здзейснена 13 адміністрацыйных правапарушэнняў.



Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
 Фота аўтара.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *